Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Гавэл: “Было б добра, каб скончылася дыктатура ў Беларусі”


Грамадзкі рэдактар Свабоды на гэтым тыдні Вацлаў Гавэл. Першы дэмакратычны прэзыдэнт Чэхаславаччыны , а потым Чэхіі, адзін з закладальнікаў руху Хартыя-77, пісьменьнік і філёзаф, сябра дэмакратычнай Беларусі. Паводле словаў Васіля Быкава, які некалькі сваіх апошніх гадоў пражыў у Празе, “на прыкладзе Вацлава Гавэла сьвет убачыў не так часта ажыцьцёўлены пастулят-мару антычнага Плятона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі’’.

Сёньня мы прапануем адказы Вацлава Гаўла на пытаньні журналіста Яна Покарнага адносна геапалітычных стасункаў:

Покарны: Якім Вам бачыцца сучасны ўзровень дачыненьняў паміж Эўропай і Паўночнаатлянтычным альянсам у рэпрэзэнтацыі Злучаных Штатаў?

Гавэл: Мне здаецца, што дачыненьні ў эру Абамы маглі б быць лепшымі, чым падчас эры Буша. З таго, што бачу і чую, мне здаецца, што Эўропа да Абамы больш адкрытая. Ён жа са свайго боку ўсьведамляе значэньне Эўропы і тое, што ўзаемныя сувязі маглі бы быць лепшымі, чым у часы папярэдняга амэрыканскага прэзыдэнта.

Покарны: Пэўна, што Вы з Баракам Абамам сустрэнецеся падчас яго візыту ў Чэскую рэспубліку. Што яму захочаце сказаць?

Гавэл: Прамовіў бы зь ім, відаць, пра тое, што нялёгка быць тым, на каго ўскладаюць такія вялікія спадзяваньні. А пазьней рэчаіснасьць акажацца крышку іншай , ўсё працягнецца даўжэй і само сабой прыйдзе расчараваньне. Магу гэта пацьвердзіць з уласнага вопыту.

Покарны: Паспрабуйце сабе ўявіць, якім будзе Паўночнаатлянтычны альянс за дзесяць гадоў? Будзе НАТА мацнейшым, больш здатным у апэрацыях, больш салідарным, больш масавым?

Гавэл: Не ведаю, як будзе разьвівацца. Магу толькі сказаць, у якім накірунку яго разьвіцьцё было б добрым. Мяркую, было б добра, каб скончылася дыктатура ў Беларусі і неразьбярыха ва Украіне і гэтыя краіны сталі сябрамі Паўночнаатлянтычнага альянсу. Таксама, калі б альянс меў добрыя партнэрскія стасункі з усімі іншымі часткамі сьвету. Калі б узьнікла новае абарончае ўтварэньне недзе за Каўказам, дзе ляжаць Армэнія, Грузія, Азэрбайджан, каб гэтыя краіны ўзаемна гарантавалі сваю незалежнасьць. Гэта было б цудоўна і цудоўна было б , калі альянс ня мусіў ніколі ўжыць сілу, але гэта, на жаль, праўдападобна, ня стане.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG