Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хатняе заданьне” Лукашэнку ад Эўрапарлямэнту


У фракцыях Эўрапарлямэнту ўзгоднены канчатковы варыянт рэзалюцыі па Беларусі, якую плянуецца прыняць 2 красавіка.

У рэзалюцыі эўрапарлямэнтары ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі цягам шасьцімесячнага мараторыю на візавыя абмежаваньні для шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Яны выказваюць заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі і разьлічваюць на істотны прагрэс цягам 9-месячнага падаўжэньня мараторыю на візавыя санкцыі. Эўрапарлямэнтары пералічваюць шэраг крокаў, якіх чакаюць ад афіцыйнага Менску. Сярод іншага, гэта рэформа выбарчага заканадаўства, забесьпячэньне свабоды мэдыяў, сходаў і асацыяцый, спыненьне перасьледу апазыцыі, адмена “палітычных” артыкулаў крымінальнага кодэксу, увядзеньне мараторыю на сьмяротныя пакараньні, прызнаньне Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Калі афіцыйны Менск выканае пералічаныя рэкамэндацыі, то Эўрапарлямэнт выступіць за поўную адмену візавых санкцый і “паскорыць працэс рэінтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую сям’ю дэмакратычных краінаў”.

Рэзалюцыя фактычна ўзгодненая ва ўсіх фракцыях, і, калі перад галасаваньнем не паступяць нейкія вусныя дапаўненьні, яе плянуюць прыняць 2 красавіка. Ці будзе гэтая рэзалюцыя неяк уплываць на запрашэньне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу на саміт “Усходняга партнэрства”? Сябра фракцыі Эўрапейскай народнай партыі і эўрапейскіх дэмакратаў Лайма Андрыкене (Літва) адзначыла, што эўрапарлямэнтары ўжо выказалі сваю думку наконт гэтага:

Лайма Адрыкене
“Мы пра гэта гаворым. На мінулым тыдні гаварылі, калі была дыскусія ў Страсбуры на пленарным паседжаньні. Бальшыня, я ня чула іншых думак, абсалютная бальшыня маіх калегаў гаварылі пра тое, што прэзыдэнта Лукашэнку ня трэба запрашаць у Прагу, што гэта заўчасна. Былі іншыя, больш рэзкія выказваньні”.

Лайма Андрыкене таксама выступае супраць запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу:

“Спачатку трэба зрабіць хатняе заданьне, а потым ехаць на такія мерапрыемствы. Ад прэзыдэнта вельмі шмат што залежыць. Ён павінен прыняць неабходныя рашэньні. Я з суседняй краіны, і для літоўцаў Беларусь вельмі важная. І я яшчэ не губляю аптымізму, што прэзыдэнт прыйдзе да такога рашэньня. Мы вельмі ўважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Для нас гэта вельмі важна. Мы вельмі радуемся, калі на мітынгу не зьбіваюць людзей, не праводзяць рэпрэсій. І вельмі перажываем, калі бачым адваротнае. Таму спачатку трэба зрабіць яшчэ неабходныя крокі ў кірунку правоў чалавека і дэмакратыі, вяршэнства права. А потым ужо напоўніцу ўключыцца ва “Ўсходняе партнэрства”.

На днях сябры дэлегацыі Эўрапарлямэнту аднагалосна вырашылі адмяніць свой візыт у Менск. Яны не пагадзіліся на афіцыйную сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, бо Эўрапарлямэнт не прызнаў мінулыя выбары дэмакратычнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG