Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Усходгяга партнэрства ў Прагу — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў:
Cпадар: “Тут многа камэнтароў наконт таго, ці паедзе наш Рыгоравіч у Прагу. Ведаеце, чамусьці ўспомніў артыкул Казуліна, дзе ён кажа, што Аляксандар Лукашэнка, нібыта Юлій Цэзар, уедзе на белым кані ў Прагу. Вельмі дрэннае параўнаньне. Па-першае, Беларусь -- не імпэрыя, а па-другое, Юлій Цэзар ведаў рымскае права,-- тое, што заўсёды трэба выслухаць супрацьлеглы бок”.
Спадарыня: “Лукашэнка дыктуе сваю волю Эўразьвязу, прымусіў яго прагнуцца пад сябе. Гнуткасьць гэтая прывядзе Эўразьвяз да прыніжэньня яго годнасьці, а Лукашэнка ў сваёй годнасьці вырасьце яшчэ больш. Паглядзіце, як гэты чалавек ганарыцца тым, што ён апошні дыктатар у Эўропе. Падобна, Эўразьвяз не ўсьведамляе, з кім мае справу. Магчыма, ён прымае ўдзел у нараджэньні першага дыктатара Эўразьвязу”.
Наступныя выказваньні на адрас улады і апазыцыі:
Ганна, Маладэчна: “Апазыцыя! Чаго ты так ненавідзіш беларускі народ і лічыш сябе народам? Ты ж не народ! Гэтыя ўсе цёткі-дзядзькі, якія вам тэлефануюць, яшчэ і пакрыўдзіліся на Лукашэнку, што ён так вас назваў. Вы сапраўды ворагі. Вам мэта — прыбраць Лукашэнку. Вам напляваць на беларускі народ. А беларускі народ любіць свайго прэзыдэнта, ён падняў беларускі народ. Мы адзеты, абуты, нас паважае ўвесь сьвет, а вам начхаць на гэты беларускі народ. Гэта кажу я, з Маладэчна, цётка Ганна”.
Аляксандар: “Зьвяртаюся да слухачоў “Свабоды”, якія абараняюць нашага прэзыдэнта. Ці задавалі яны сабе пытаньне, чаму наш прэзыдэнт невыязны? Чаму паўстае пытаньне пра яго прыезд на саміт? Можа, тады і вырашыцца пытаньне, хто вораг народа?”
Раіса Мікалаеўна, Магілёў: “Слухачу, які назваў Аляксандра Лукашэнку “громаадводам беларускага народа”. Сапраўды, убогія людзі тыя, хто ўсё яшчэ верыць яму, сядзяць ці стаяць побач зь ім, якія паціскаюць руку. Убогія, таму што сапраўды ня ведаюць, што робяць”.
Далей пытаньне з нагоды звальненьня з працы настаўніцы ангельскай мовы Марыяны Грузьдзіловіч. Нагадаю, што кіраўніцтва кампаніі “SOL Minsk” звольніла спадарыню Грузьдзіловіч пасьля таго, як тая спыніла абразьлівыя выказваньні вучаніцы на адрас апазыцыі і сьвята БНР.
Мікалай, настаўнік, пэнсіянэр: “Наконт звальненьня настаўніцы Марыяны Грузьдзіловіч паўстае пытаньне: каго выхоўвае адукацыйны цэнтар, калі звальняюць настаўніцу за тое, што яна не дазволіла вучаніцы зьняважыць і абразіць сумленных людзей? Хіба адукацыя і выхаваньне не ідуць поруч?”
Супрацоўніца кампаніі Алена Кучынская на пытаньне адказвае гэтак:
“Я ня надта валодаю абставінамі звальненьня Марыяны Грузьдзіловіч. Яна працавала ў адным з філіялаў, а вы зараз тэлефануеце ў цэнтральны офіс. Наўрад ці я здолею вам чымсьці дапамагчы”.
На пытаньне слухача таксама адказвае дырэктар зачыненага ўладамі беларускага ліцэю Ўладзімер Колас:
“Цэлы ліцэй зачынілі, і прыкладна за гэта ж. У дадзеным выпадку гэта сыстэма, якая не дапускае свабоднай думкі і ўвогуле не дапускае ніякай праўды. Вельмі сумна, што новае пакаленьне беларусаў выхоўваецца ў такім духу. Гэтая сыстэма будзе самарэпрадукавацца праз тых людзей, якіх яна выхоўвае: канфармістаў, людзей амаральных, цынічных, прагматычных і з падвойнай маральлю”.
Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:
Спадарыня: “Свабода”, добрай раніцы! Па выніках сацыялягічных апытаньняў беларусы ў параўнаньні са сваімі найбліжэйшымі суседзямі застаюцца найменш інфармаванымі ў пытаньнях эканамічнага крызісу і таму найменш гатовымі ў псыхалягічным пляне прыняць будучыя ўдары. Гэта вельмі зручна для ўлады, але гэтая зручнасьць уяўная. Масавая псыхалягічная непадрыхтаванасьць да рэзкіх пераменаў вельмі небясьпечная, бо далёка ня ўсе беларусы засунуць галаву ў пятлю, каб не ствараць праблемаў кіроўнай уладзе”.
Валер Курневіч, Барысаў:
“Наша ўлада Злучаныя Штаты праклінае, лае,
А сама ў валюце свае грошы трымае.
Упэўнены, высокія чыны пра дэвальвацыю ведалі.
Доўга не гадалі, і, замест рубля, даляры ў сваю кішэнь адкладалі.
Калі я не правы, буду згодзен, відаць, я дурны”.
Спадар: “Лукашэнка абяцаў расейскаму амбасадару, што прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе разгледжана пасьля парлямэнцкіх выбараў. Парлямэнт абраны, прызнаньне незалежнасьці ў парадак працы ня ўнесена. Грош цана Лукашэнкавым абяцанкам”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.