Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Урад павінен аб’яднацца з апазыцыяй”


Антыкрызісная праграма аб’яднаных дэмакратычных сілаў, сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі распрацавалі ўласную праграму пераадоленьня эканамічнага крызісу. На тэму крызісу і наступныя тэлефанаваньні:

Валянціна, Бабруйск: “У нас у Рэспубліцы Беларусь крызіс спадчынны, у савецкім крызісе жылі мае бацькі, жыла і я, цяпер пэнсіянэрка. Цяпер у нас свой, беларускі крызіс. Хвалёная беларуская мадэль эканомікі развалілася, таму што ўрад стварыў умовы для прыватызацыі, хабарніцтва і рабаўніцтва ўсім чыноўнікам. Няправільная палітыка ўраду і выклікала наш беларускі родны крызіс. І ад сусьветнага крызісу наш урад ніяк не абараняе свой народ”.

Валер Курневіч, Барысаў:

“Крызіс на Беларусі парушаць,
Трэба больш і больш рынак пашыраць.
Трэба прыватызацыі зямлі, вытворчасьці,
А ідзем у напрамку — усё больш і больш падаткі плаці.
У людзей няма ахвоты да прадуктыўнай работы.
Некалі было: усё калгаснае, толькі не маё,
А да чаго дайшлі, ведаем — калгасы разваліліся,
Гэта мы ўжо прайшлі”.


Ларыса, Менск: “Думаць пра тое, што крызіс мяне не закране, што мая хата з краю, і хаваць галаву ў пясок ужо не даводзіцца. У апытаньнях на вуліцах некаторыя члены нашага грамадзтва адказваюць, што яны палітыкай не цікавяцца. Павінны ўсе члены грамадзтва — і маладыя і старыя — зразумець, што палітыка і эканоміка цесна зьвязаныя. Зараз як ніколі трэба аб’ядноўваць усе сілы і разам думаць, як выйсьці з гэтага стану. А для гэтага перш за ўсё ўрад павінен аб’яднацца з апазыцыяй і супольнымі высілкамі ажыцьцяўляць антыкрызісную праграму”.

Спадарыня: “Пра якую барацьбу з крызісам можа гаварыць рэжым Лукашэнкі, калі адзін з чыноўнікаў, ім прызначаных, сьцьвярджае ці прынамсі спрабуе ўпэўніць беларусаў, што крызіс існуе ў сьвеце — сусьветны, а ў Беларусі толькі часовыя цяжкасьці. Вынікае, што Беларусь — гэта нейкі асаблівы сьвет, у якім просты народ прымаюць за дэбілаў, рабоў. Урад і парлямэнт нешта папіскваюць, але іх зусім не чуваць. І ўвесь гэты бярлог абараняе такі шчыт, на які ідзе амаль увесь беларускі бюджэт”.

Спадар: “Сёньня дэмакратычныя сілы прапануюць антыкрызісную праграму, і ў сувязі з гэтым пытаньне. Ведаеце, мы ўсё яшчэ імкнемся дасягнуць узроўню 1990 году. Прыкладна, тады выпускалі каля 100 тысяч трактароў на год. Усё спрабуем, каб забудова была каля 6 мільёнаў квадратных мэтраў, як у 1986—87 годзе. Але ў параўнаньні з 1990 годам колькасьць чыноўніцкага апарату павялічылася ўдвая, а карысьці ад яе я ніякае ня бачу. Вось патлумачце, калі ласка, чаму рост чыноўніцтва большы, чым рост прадукцыйнасьці працы?”

На пытаньне адказвае эканаміст, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“З антыкрызіснай праграмай тут сувязі няма. А што тычыцца сутнасьці пытаньня, то відавочна, што ад моманту прыходу да ўлады Лукашэнка праводзіць мэтанакіраваную палітыку павелічэньня прысутнасьці дзяржавы ва ўсіх сфэрах жыцьця. І натуральна, што гэта вымагае большай колькасьці чыноўнікаў. І партыя БНФ, і дэмакратычныя сілы казалі, і мы працягваем настойваць на тым, што такой колькасьці чыноўнікаў беларусам не патрэбна. І гэтая колькасьць павінна быць скарочаная больш чым удвая”.

Працягваем праграму выказваньнем пра сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка ў Менску.

Спадарыня: “Дзень 25 сакавіка прайшоў цудоўна. Нас, гарадзенцаў, сустрэў Менск зь вялікай радасьцю. Сьвяціліся ад радасьці, што сустрэліся. Мінчане ішлі і ішлі да нас. Дзякуй усім карэспандэнтам, што бралі інтэрвію за лепшае жыцьцё наша. Усяго вам найлепшага, дарагая “Свабода”!”


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG