Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пра тое, што кепска, ня трэба гаварыць па радыё"


У акцыянэрным таварыстве “Гомельская мэблевая фабрыка “Прагрэс”, як сьведчаць яе працаўнікі, колькасьць нерэалізаванай прадукцыі на складах перавысіла месячны аб’ём вытворчасьці.


Фабрыка “Прагрэс” — адзін з асноўных вытворцаў мяккай мэблі ў Беларусі. З прычыны крызісу фабрыка змушана скарачаць працоўны тыдзень. Прыкладам, у мінулую пятніцу яна не працавала.

Апавядае рабочы фабрыкі спадар Міхаіл:

“Перанесьлі гэты дзень на наступны месяц, каб мы адпрацавалі яго менавіта ў летні месяц. Прадукцыя ня йдзе, няма збыту. На паўтара месяца склады запоўненыя мэбляй. Рабочых выпраўляюць у адпачынак — каго паводле графіку, а каго і ў вымушаны адпачынак”.

У выніку на прадпрыемстве зьніжаюцца заробкі:

“У тым месяцы ў нас заробкі былі большыя, зараз на 100 зь лішкам тысяч рублёў меншыя. Гэта адчувальна, бо цэны ў крамах ня падаюць, а наадварот, растуць”.

Галоўны інжынэр фабрыкі Анатоль Жарносенка распавёў, што выходны дзень зьвязаны з прафіляктыкай энэргетычнага абсталяваньня:

“Працоўны тыдзень у нас ідзе ў нармальным рытме. Так, адзін дзень мы праводзілі тэхнічную праверку. Каб не давесьці да аварыйнага стану, мы правялі праверку энэргетычнага абсталяваньня. У цэху трансфарматар сілкаваньня, без адключэньня праверку зрабіць немагчыма. Гэта быў не выходны для ўсіх — мы гэты дзень перанесьлі на іншы тэрмін”.

Тэхнічны кіраўнік прадпрыемства лічыць, што ня варта Радыё Свабода гаварыць пра крызіс. Гэта, маўляў, пазыцыя кіраўніка дзяржавы. Варта шукаць перш за ўсё пазытыўныя факты:
Пра тое, што кепска, ня трэба гаварыць па радыё. Гэта сказаў прэзыдэнт па тэлевізары...

“Пра тое, што кепска, ня трэба гаварыць па радыё. Гэта сказаў прэзыдэнт па тэлевізары. Праблемы і ў нас існуюць, як на любым прадпрыемстве. Для гэтага мы тут і пастаўленыя, каб у працэсе працы іх вырашаць. Калі мы добра працуем, вы нам не тэлефануеце. Пра добрае таксама трэба гаварыць — лішні раз напомніць, што працуюць. Ад гэтага, я думаю, плюсаў у нас будзе больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG