Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыйныя палітыкі павінны выйсьці з кабінэтаў”


“Людзі ўдзельнічалі ў акцыі і будуць і надалей у іх удзельнічаць, што б тут ні было”, — заявіў сёньня лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, падсумоўваючы вынікі ўчорашняга сьвяткаваньня Дня Волі.


Ён і ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка ды Віктар Івашкевіч правялі прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную учорашняй акцыі.

Віктар Івашкевіч убачыў ва ўчорашняй акцыі некалькі станоўчых момантаў, якія, як ён лічыць, “трэба разьвіваць”. Самы галоўны зь іх такі:

BВіктар Івашкевіч
“Мы сталі тварам да людзей. Раней мы зьбіраліся сваёй апазыцыйнай купкай і ішлі міма людзей, якія глядзелі на нас як на нейкіх чужакоў. А на гэтай акцыі мы тварам павярнуліся не да АМАПу, а да людзей, якія праяжджалі па праспэкце, стаялі на другім баку праспэкта. І мы адчулі зваротную рэакцыю. Машыны сыгналілі, сьцяжкі выстаўлялі ў вокнах машын. І даволі прыязна, і з такім харошым пачуцьцём за гэтым назірала маса людзей, якая стаяла каля кінатэатру “Кастрычнік”. Яны да нас яшчэ не далучыліся. Але ўжо ток, такая псыхалягічная сувязь усталявалася. І менавіта таму, я думаю, што мы павярнуліся да людзей”.

Лявон Баршчэўскі таксама казаў пра тое, што апазыцыйным палітыкам “патрэбна выходзіць з кабінэтаў”:

Лявон Баршчэўскі
“К восені, я думаю, могуць узмацніцца сацыяльныя чыньнікі, якія яшчэ не спрацавалі. Бо масавыя звальненьні чакаюцца на прадпрыемствах у пярэдадзень лета і ўлетку. У сувязі з гэтым мы і хочам быць падрыхтаванымі. А для гэтага трэба выходзіць з кабінэтаў, трэба весьці агітацыйную работу. Трэба адраджаць тое, што рабілася напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х гадоў. Канечне, з папраўкай на сёньняшнюю сытуацыю”.

Вінцук Вячорка даў ідэйную ацэнку ўчорашняга сьвяткаваньня Дня Волі:

Вінцук Вячорка
“Перадусім гэта дэманстрацыя нашай вернасьці ідэям незалежнасьці, як яе разумелі айцы-заснавальнікі БНР. Уважлівыя чытачы адной шматнакладовай газэты, відаць, прыкмецілі, што ў штодзённым календары “Гэты дзень у гісторыі” яна наагул праігнаравала 25 сакавіка 1918 году. На маю думку, гэта азначае, што пазалеташнія гульні ў дэмакратычнае незалежніцтва спыненыя. І спыненыя дастаткова рашуча. Улады разьмяжоўваюцца з тымі, хто прызнае корань нашай незалежнасьці — 25 сакавіка і яго ідэалы. І мы, дэманструючы вернасьць 25 сакавіка, тым самым паказвалі, што ня лічым сумяшчальным далейшае лукашэнкаўскае праўленьне са зьберажэньнем і ўмацаваньнем нашай незалежнасьці”.

Вяртаючыся да дэталяў учорашняй акцыі, я спытаўся ў яе заяўнікаў, як яны ставяцца да спальваньня партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Віктар Івашкевіч адказаў на гэтае пытаньне так:

“Я лічу, што на вуліцу трэба выходзіць дзеля таго, каб людзі бачылі, што ты робіш. А стаць за чужымі сьпінамі, падпаліць партрэт і зрабіць фотаздымак можна і ў сваім двары. І такія акцыі супраціву можна ладзіць хоць кожны дзень. Прыйшоў у свой двор, падпаліў, зьняў і разаслаў — чарговы ўдар па рэжыму нанесла група сьмелых радыкальных актывістаў. Ня тое што гэтыя старыя, якія стаяць са сваімі расьцяжкамі ды сьцягамі. А во як мы ўрэзалі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG