Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” У. Арлоў, С. Чыгрын, А. Фядута


Эфір 21 сакавіка.


ПОСТАЦІ

СЯРГЕЙ ЧЫГРЫН: “СЯРГЕЙ ХМАРА 11 ГАДОЎ АДСЯДЗЕЎ У АКУПАНЦКІХ ТУРМАХ”


Першы свой паэтычны зборнік “Жураўліным шляхам” Сяргей Хмара выдаў яшчэ ў перадваеннай Вільні ў 1939 годзе. І толькі праз доўгіх 70 гадоў пабачыла сьвет другая кніга пісьменьніка на радзіме. Аўтар яе, на жаль, не прычакаў, ён памёр у Канадзе, дзе і пражыў ладны кавалак жыцьця, пакінуўшы радзіму ў 1944 годзе. Уклаў літаратурную спадчыну С. Хмары і напісаў прадмову да яе Сяргей Чыгрын са Слоніма, зь якім па тэлефоне зьвязаўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Сяргей, вы, відаць, адзіны чалавек у Беларусі, які падтрымліваў лучнасьць зь Сяргеем Хмарам да яго апошніх дзён. Стаўленьне да яго і ў мэтраполіі, і ў асяродках беларускай дыяпары, было надназначным. Хто ж такі ён – Сяргей Хмара, кнігу якога вы падрыхтавыалі і выджалі?”


Сяргей Чыгрын: “Сяргей Хмара – найперш шчыры беларус. І вельмі справядлівы беларус. І гэтая прыхільнасьць да справядлівасьці, гэтая гарачая хватка ў характары, відаць, многім не падабаліся. Не падабаліся і тут, у Заходняй Беларусі, у 20-40-я гады, калі ён жыў на Слонімшчыне, на Гарадзеншчыне, не падабаліся і эмігрантам, таму што ён трымаўся сваёй праўды. Калі ён нешта рабіў, то не любіў, каб ім нехта камандаваў. Тым ня менш, Хмара быў і застаўся беларускім патрыётам. Цікава, што дзве дачкі ягоныя, якія цяпер жывуць у Канадзе, вельмі добра размаўляюць на беларускай мове. Жонку ён таксама навучыў размаўляць па-беларуску”.

Скобла: “А хіба яна была не беларускай?”

Сяргей Чыгрын
Чыгрын:
“Расейкай яна была, прытым дачкой чарнасоценца. Хмара шмат друкаваўся, калі жыў на Слонімшчыне у 20-30-я гады. Ён дасылаў свае творы ў Вільню, друкаваўся ў “Калосьсі”, у іншых віленскіх выданьнях. І што вельмі цікава, пра гэта я не пішу ў кнізе, першы зборнік Сяргея Хмары “Жураўліным шляхам” рыхтаваў да друку Максім Танк. І для гэтага зборніка аўтар даслаў вельмі шмат патрыятычных вершаў. Але Максім Танк іх чамусьці не ўключыў у кніжку. А ўключыў вершы пераважна пра прыроду, пра Палесьсе”.

Скобла: “Памятаю твой артыкул пра Хмару – ён быў надрукаваны ў “ЛіМе” і называўся “Лятаючы рыцар Грамады”. Памятаю таксама, што Анатоль Іверс тады ж апублікаваў свой контр-артыкул – “Лятаючы здраднік Грамады”. На чым грунтаваліся закіды Хмару ў здрадніцтве?”

Чыгрын: “У Слоніме ў 30-40-я гады жылі тры паэты, тры розныя чалавека па характары. Анатоль Іверс быў спакойны, разважлівы, можа, нават трошкі хітраваты. Сяргей Новік-Пяюн быў рамантыкам, ён ведаў усе навіны ў горадзе, такім шустрым быў хлопцам. А Сяргей Хмара быў канкрэтным чалавекам, стоадстоткавым патрыётам, ён не любіў бальшавікоў, не любіў камуністаў, не любіў савецкую ўладу. І паміж паэтамі заўсёды ўзгараліся спрэчкі. Іх вельмі моцна пасварыла Другая ўсясьветная вайна, нямецкая акупацыя Слоніма. Іх Гальяш Леўчык мірыў-мірыў, але так і не памірыў. Іверс прымаў удзел у стварэньні антыфашысцкай арганізацыі. А Сяргей Хмара падчас акупацыі працаваў на слонімскім радыё, дзе некалькі разоў сказаў: “Сьмерць савецкім партызанам!”, за што яго партызаны, вядома ж, не любілі. Вось чаму Іверс і Хмара і пасьля вайны не паразумеліся. Аднак я хачу нагадаць, што Хмара ў турмах адсядзеў 11 гадоў. Ён сядзеў і пры паляках, і пры бальшавіках, і пры немцах”.

Скобла: “У кнігу “Рабінавы хмель” увайшлі творы Сяргея Хмары розных жанраў: вершы, апавяданьні, міталягічныя абразкі, успаміны, лісты. Што, на тваю думку, мае найбольшую каштоўнасьць?”

Чыгрын: “Вельмі каштоўныя, на маю думку, успаміны Хмары пра Ігната Дварчаніна, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Гальяша Леўчыка, Янку Станкевіча, Юрку Стасевіча, пра астрожныя сустрэчы з Антонам Луцкевічам. Цікавая для гісторыкаў літаратуры і аўтабіяграфія Хмары, дзе паўстае панарама грамадзкага і літаратурнага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Уяўляюць пэўную каштоўнасьць і міталягічныя абразкі “Аб аб багах крывіцкіх сказы”. Гэтыя “сказы” двойчы выходзілі ў Канадзе асобнымі кніжачкамі. Цікава падаў Хмара і слоўнічак міталёгіі язычніцкіях багоў”.

Скобла: “Хмара, жывучы ў Канадзе, актыўна займаўся выдавецкай дзейнасьцю. Што можна сказаць пра Хмару-выдаўца ды ягоныя выданьні?”

Чыгрын: “Хмара-выдавец таксама не вылучаўся схільнасьцю да кампрамісаў. Таму, відаць, многія эмігранты яго і крытыкавалі. За многія гады жыцьця на эміграцыі ён выдаў 18 нумароў часопіса “Баявая ўскалось”, 370 нумароў газэты “Беларускі голас”, выдаваў буклеты, паштоўкі, значкі і шмат-шмат чаго іншага. Гэтыя выданьні выходзілі толькі на беларускай мове, ніхто іх не фінансаваў, усё выдавалася на асабістыя сродкі Хмары. Хто толькі ні друкаваўся ў ягоных выданьнях! І пісьменьнікі-эмігранты, і пісьменьнікі з БССР. Дарэчы, поўны камплект газэты “Беларускі голас” у Беларусі ёсьць толькі ў мяне, нават у Нацыянальнай і Акадэмічнай бібліятэках усіх нумароў няма”.

Скобла: “З лістоў Хмары вынікае, што ён спрабаваў кантактаваць са знаёмымі пісьменьнікамі, якія жылі ў Савецкім Саюзе, у прыватнасьці, з Максімам Танкам – сваім рэдактарам з даваенных часоў. Як паводзіўся Танк ды іншыя ў гэтай сытуацыі?”

Чыгрын: “Аднойчы, калі Максім Танк быў у Нью-Ёрку, Сяргей Хмара да яго падыходзіў, але Танк зрабіў выгляд, што яго не пазнаў. Такі час быў савецка-камуністычны, а Танк быў вельмі асьцярожны. Ты маеш рацыю, Сяргей Хмара вельмі хацеў наладзіць лучнасьць з кім-небудзь з Радзімы, хацеў перапісвацца. Цяпер вядома, што ён ліставаўся з Піліпам Пестракам, але перапісваўся не наўпрост, а праз Польшчу. Пестрак адсылаў лісты ў Польшчу, а з Польшчы іх нехта адсылаў Сяргею Хмару. Ёсьць вэрсія, што сваю вядомую казку “Як Сінячок да сонца лётаў” Уладзімір Дубоўка прысьвяціў Сяргею Хмару, чыё сапраўднае прозьвішча было Сіняк, ён часам і падпісваўся – Хмара-Сіняк. Цяпер з гэтым цяжка разабрацца, трэба дабрацца да архіваў Хмары, якія захоўваюцца ў Таронта”.

Скобла: “Ты ліставаўся з Хмарам да яго апошніх дзён. Што галоўнае можна вылучыць у ягоных лістах да цябе? Чым ён жыў у далёкім Таронта?”

Чыгрын: “Ён вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь, хоць творамі сваімі. Ён марыў кантактаваць з землякамі. Аднойчы я зайшоў у краязнаўчы музэй Слонімскай СШ №4 і ўбачыў там невялічкую бандэрольку ад Хмары з ягонымі выданьнямі, узяў адрас і напісаў яму ліст. Ён быў такі рады, што знайшоўся чалавек са Слонімшчыны! А калі я апублікаваў першы станоўчы артыкул пра яго ў 1991 годзе ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, то Сяргей Хмара зрабіў ксэракопію гэтай публікацыі і разаслаў усім-усім сваім сябрам па сьвеце. Быць зразуметым на радзіме – вось што было для яго галоўным”.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “МЫ МАЕМ СВАЮ ЛІТАРАТУРУ, ТАМУ Ў НАС ЁСЬЦЬ БУДУЧЫНЯ”


Кнігарня выдавецтва “Логвінаў”, што адкрылася ў сталічнай арт-галерэі “Падземка” (праспэкт Незалежнасьці, 43), па чацьвяргах прапануе аўтарам стаць на гадзіну прылавак. Увечары 19 сакавіка кнігі прадаваў і раздаваў аўтографы пакупнікам пісьменьнік Уладзімер Арлоў, зь якім пасьля акцыі пагутарыла Аля Слобан.

Аля Слобан: “Анансуючы вашу сустрэчу з чытачамі ў кнігарні выдавецтва “Логвінаў”, газэта “Наша Ніва” напісала, што пісьменьнік мусіць трымаць дыстанцыю паміж сабой і чытачом. Ці згодныя вы з такім цьверджаньнем?”

Уладзімер Арлоў:
“Дыстанцыя паміж літаратарам і чытачом павінна вымярацца найперш творамі і быць дастатковаю для таго, каб літаратар ня страчваў аўдыторыі. Калі пісьменьніку не хапае тут меры, ён можа застацца ў самоце. Але ці будзе ён тады пісьменьнікам? У маім уяўленьні пісьменьнік – гэта той, хто ня проста стварае тэкст, але і стварае гэтым тэкстам свайго чытача”.

Слобан: “Вы даволі часта сустракаецеся з чытачамі. Што даюць вам як творцу гэтыя сустрэчы?”

Арлоў: “Яны даюць тое, што называецца зваротнай сувязьзю, даюць разуменьне, што няхай сабе невялікай частцы нашага грамадзтва, але патрэбная літаратура. Падчас такіх сустрэчаў, калі заходзіць гаворка пра лёс Беларусі ў дваццаць першым стагодзьдзі, я згадваю антычныя часы і кажу пра тое, што Карфаген, вядомы нам яшчэ са школьнай праграмы, прайграў Пунічныя войны Рыму, паводле майго меркаваньня, найперш таму, што карфагенская цывілізацыя не стварыла мастацкай літаратуры. Яна была разьвітая ў іншых сфэрах, але яна ня мела, як гэта ні дзіўна, ні паэзіі, ні прозы, ні драматургіі. Менавіта таму Карфаген, напэўна, і быў разбураны. Мы, беларусы, маем сваю літаратуру, таму ў нас ёсьць будучыня”.

Слобан: “З больш як трох дзясяткаў выдадзеных вамі кніг самай рэйтынгавай была, бадай што, кніга “Краіна Беларусь”. Выдадзеная ў 2003 годзе, яна даўно зьнікла з паліцаў кнігарняў. Ці будзе яе перавыданьне, ці пішацца новая падобная кніга?”

Арлоў: “У пэрспэктыве павінны зьявіцца расейскамоўныя і англамоўныя вэрсіі гэтай кнігі, а сёлета ўвосень мы з маім суаўтарам мастаком Зьмітром Герасімовічам чакаем выхаду кнігі, над якой цяпер амаль штодня працуем. Гэта будзе працяг “Краіны Беларусі” – кніга пра Вялікае Княства Літоўскае як дзяржаву нашых продкаў. І я думаю, што фэномэн папулярнасьці “Краіны Беларусі”, спадзяюся, і яе працягу, палягае ў тым, што галоўная ідэя гэтага праекту – думка, што ў нас, беларусаў, эўрапейская гісторыя, а гэта – пропуск у эўрапейскую будучыню”.

Слобан: “А якую вашу мастацкую кнігу ў хуткім часе пабачаць чытачы?”

Арлоў: “Я з радасьцю назіраю, як нараджаецца новая паэтычная кніга, старонкі зь якой ужо зьяўляліся ў часопісе “Дзеяслоў”. З нагоды нараджэньня новых вершаў я цяпер кажу, што ў час нядаўняй апэрацыі на маім сэрцы хірургі, магчыма, закранулі ў ім нейкую кропку, адказную за паэзію”.

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Вецер

вецер – ды гэта ўсяго толькі розьніца ціскаў
дзе тая дзева якую за школай ты ціскаў?
жыць – гэта йсьці супраць ветру адкрыўшы забрала?
дзе тая рэчка што ледзьве цябе не забрала?

дзева памерла пасьпеўшы паняньчыць унука
рэчка зьніцела – сама без усякай прынукі
ты паглядзіш у яе перасохлае люстра
нешта згадаеш з таго што казаў Заратустра

можа вось гэта: адны паміраюць зарана
ну а другія запозна... адкрыецца рана
ў памяці соннай зьнячэўку: філёзаф засраны!
як яе клікалі? Аня Ганулечка Ганна!

Астатняе каханьне дзядулі Хведара

дзядуля Хведар
85
арытмія
стэнакардыя
трэці інфаркт

дзядуля
забывае памыцца
выпіць лекі
змыць у прыбіральні
прагна есьць нешта нясьвежае
з бальнічнай тумбачкі
баіцца нашага восьмага паверху

дзядуля
трохі ўмее чытаць
скончыў дзьве клясы ў вайну
беларускую школку спалілі партызаны
юную настаўніцу дружна згвалцілі
і расстралялі
пачаліся вечныя вакацыі

дзядуля
чытае па складах
пакінуты некім глянцавы часопіс
чытае з дня ў дзень на адной старонцы
там Ціна Цёрнэр
на поўны рост
у міні
мікрафон ля вуснаў
здымак крыху зьнізу

дзядуля
ня мае расавых забабонаў
хавае часопіс пад падушку
ўмыкае ўначы лямпу
глядзіць на Ціну
лашчыць фота
каструбаватымі пальцамі

аднойчы мне сьніцца сон
у палату заходзіць спадарыню Ціна
ў азонавай віхуры
ў міні
зь мікрафонам
зь целаахоўнікамі
такія целы трэба ахоўваць

прачынаюся
ад эрэкцыі
азону
бальнічнае беганіны
на вуснах у дзядулі Хведара
застыла шчасьлівая ўсьмешка
значыць Ціна
сапраўды прыходзіла

Польскі транзыт

Вілі


як клясна ехаць па Польшчы
глядзець на лясы і касьцёлы
цешыцца квеценьню вішняў
і вершык хмельны складаць

як клясна ехаць па Польшчы
ведаць што заўтра Радзіма
што вочы яе і лоні
будуць маімі навек

як клясна ехаць па Польшчы
піць вінчык нямецкі з шынкай
фліртуючы з правадніцай
табе sms’кі кідаць

як клясна ехаць па Польшчы
і сумаваць па нязбытным
палаяцца з пасажырам
з вагону “Бэрлін-Пецярбург”

сказаць што мы не Расея
і што ідзіце вы ў сраку

як клясна ехаць па Польшчы
вось толькі трэба забыцца
адну жыхарку Кракова
Кракава па-беларуску

яна ў лісьце напісала
што нігды ня будзе тваёй
хоць плач хоць страляйся нігды
ідзі карацей у дупу

як клясна ехаць па Польшчы
сьмяяцца касіць пад блазна
даць парню з Выбаргу ў пысу
у міжэтнічным канфлікце

як клясна ехаць па Польшчы
з вакна вытыркацца ўвечар
і забывацца старанна
тую што проста прыдумаў

Мне прысьніўся Хадановіч…

Мне прысьніўся Хадановіч:
Велічны, нібы сэнатар,
Недарэзаны Нэронам,
Іранічны, як Свэтоні,
Заклапочаны, як Брут.
Можа, сам каго зарэзаў,
Можа, вершык марыў скласьці,
А магчыма, проста піва
Прагнуў выпіць насупроць
Камітэту дзяржбясьпекі,
Дзе цікавяцца здаўна
Нашым паэтычным словам
І, напэўна, нездарма.
Ён ішоў па вулцы Маркса
Ў Менску, стомленым і сонным,
Між кавярняй “Эльдарада”
І ангельскай амбасадай
(Там у будцы мент сядзіць).
Рухаўся накіравана,
Не хістаўся, не губляўся,
Павітаўся з нарпаэтам
З рэдкім іменем на “Н”,
Даўганогай прыгажуні
Мімаходзь прызначыў стрэлку
І сказаў бамжу: “Банжур!”
Ён ішоў. Гракі крычалі
Ў навакольлі Нацтэатру.
(Ну чаму не груганы?)
Бомж чытаў паэта Ніцку,
Плакаў, языком мянціў.
Даўганогая бляндынка
Набыла кантрацэптыў,
Бо навокал СНІД лютуе,
А Андрэй – за ўсіх мудрэй.
Я прачнуўся і падумаў:
Вось прысьніцца Хадановіч
Цёмнай ночкай на Каляды,
Без усякіх там прыколаў
Заклапочаны, як Брут.
Будзе йсьці па вулцы Маркса
З томам Малярмэ ў партфэлі
І часопісам “Arche”,
І з сухім ляшчом пад пахай.
Што адгэтуль вынікае?
Што паэту трэба муза,
А часамі прагне піва
Ўкрай асьмяглы арганізм.
І ляшчы яшчэ вядуцца
У вірох маёй Радзімы.
КДБ шануе мову,
І “Arche” выходзіць спраўна.
А бамжы чытаюць кнігі,
Знойдзеныя на памыйках.
Гэта значыць, што пісьменства
Наша краснае – жыве!

КРЫТЫКА

ТРЭЦІ ПОГЛЯД

Борис Клейн. Недосказанное. Имена. – Вступительные статьи: А. Семенчук, Г. Семенчук, А. Федута. – Мн., Лимариус. 456 стр. 400 экз.

Горадні пашанцавала. Самы, здавалася б, бляклы пэрыяд нашай нядаўняй гісторыі знайшоў для яе трох выдатных летапісцаў. Спачатку Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў пакінулі свае ўспаміны. А цяпер іх дапоўніў трэці чалец гэтак званай “гарадзенскай групы” – Барыс Клейн.

Летась Барысу Самуілавічу споўнілася восемдзесят гадоў. Пражыта вялікае, багатае на падзеі жыцьцё. І натуральна, што высокапрафэсійны гісторык, які ведае цану пісьмовай крыніцы, захацеў пакінуць у сьвядомасьці сваіх малодшых сучасьнікаў тое, што зьберагла яго ўчэпістая памяць. Так зьявілася кніга “Недагаворанае”.

Пра што яна – выніковая кніга Барыса Клейна? Гаворачы радком Маякоўкага, “пра час і пра сябе”. Аўтар памятае сталінскую эпоху, хрушчоўскую адлігу, канчаткова раздушаную гусеніцамі савецкіх танкаў у мірнай Празе, брэжнеўскі застой. Але ўсё гэта бачыцца і ацэньваецца чалавекам, які жыве ў беларускай правінцыі – у Горадні. Ці не таму гістарычная безвыходнасьць адчуваецца на старонках кнігі яшчэ больш глыбока.

Мы былі ў Савецкім Саюзе, так бы мовіць, “другасэрыйнай рэспублікай”. Не “другаразраднай”, падкрэсьліваю, а –“другасэрыйнай”. Тое, што ў Маскве і Ленінградзе праходзіла ў першай сэрыі, у нас адбывалася толькі ў другой. Таму, калі чытаеш успаміны Барыса Клейна, узьнікае ў памяці ўжо прачытанае. Гэта ж ужо было. Выключалі з Саюзу пісьменьнікаў Яфіма Эткінда і Лідзію Чукоўскую, судзілі Сіняўскага з Даніэлем, вінавацілі ў тунеядзтве будучага нобэлеўскага ляўрэата Іосіфа Бродзкага.

Але гэта было – у вялікіх гарадах, у культурных сталіцах вялізнай савецкай імпэрыі. За гэтымі працэсамі назіралі заходнія сродкі масавай інфармацыі, пра іх пісалі сваім урадам акрэдытаваныя дыпляматы. А хто і калі задумваўся над лёсамі людзей, якія жылі ў невялікім памежным горадзе на імпэрскай ускраіне?

Эткінду і Бродзкаму было да каго апэляваць. А хто мог хоць бы выслухаць пратэст гісторыка з правінцыйнай ВНУ? Не было каму гэта зрабіць, не было ад каго дачакацца ня тое што істотнай дапамогі, але і элемэнтарных словаў падтрымкі.

Добра было сьпяваць Булату Акуджаву пра звычайныя “глупствы і нікчэмныя паскудзвы”. Калі ідзецца пра лёс канкрэтнага чалавека, канкрэтнай сям’і, “нікчэмнае паскудзва” пераўтваралася ў паскудзва рэальнае. Савецкае грамадзтва было падобнае на сялянскую грамаду ў прыгоннай вёсцы: нават тыя, хто добра да цябе ставіўся, адыходзіў убок, баючыся, што і сам трапіць у апалу, і яго блізкія. Гэты агульны страх, гэтая вымушаная адзінота апісваюцца Клейнам з падрабязнасьцю сацыёляга (згадаем, што ў аўтара ўспамінаў меў досьвед прафэсійнай дзейнасьці і ў гэтай сфэры).

На тэксьце “Недагаворанага” адбіўся ня толькі прафэсійны досьвед, але і несумненны літаратурны талент мэмуарыста. Барыс Клейн пакінуў яскравыя партрэты “адыходзячай”, дакладней, ужо “адышоўшай натуры” – камуністычна-партыйнай намэнклятуры. Вось Рыгор Філатавіч Фамічоў зьедліва пацірае рукі пры думцы, што можа паламаць чалавечы лёс – яго і празвалі Пілатавічам. Вось Леанід Герасімавіч Кляцкоў – нешматслоўны, разумны; ён ведае, чаго варты савецкі лад, але, тым ня менш, верна служыць яму. І – як вяршыня партыйнай піраміды ў рэспубліцы – Аляксандар Кузьмін і Пятро Машэраў.

І галоўнае – партрэты сяброў, сагрэтыя шчырай і цёплай любоўю. Яны насамрэч дапаўняюць адзін другога – Быкаў, Карпюк, Клейн. Сёньня ёсьць магчымасьць праверыць шчырасьць кожнага зь іх: успаміны выдадзеныя, і тое, што думаў адзін пра другога, можна супаставіць і параўнаць. І тое, што, здавалася, было зь нейкіх прычынаў недапісана, недагаворана адным, дапісваецца і дагаворваецца другім. Вось чаму назва мэмуарнай часткі кнігі Клейна – “Недагаворанае” – дакладная і недакладная адначасова. Было – недагаворанае. Ён дагаварыў, дапісаў сагу аб падарожжах трох сяброў па бясконца заблытаных старых гарадзенскіх вулачках. Недагаворанае – калі ня ўлічваць, што і Быкаў, і Карпюк – таксама выказаліся. Але яны – выказаліся і дапісалі… Усе трое сплацілі свае даўгі – чалавечыя, сяброўскія, аўтарскія. Даўгі перад сябрамі – і перад Гісторыяй.

Будзь я кінарэжысэрам, я б зьняў фільм паводле трох мэмуарных кнігаў. Расказаў бы гісторыю трох сяброў, якія дачакаліся краху імпэрыі. Тут ёсьць усё для сэрыялу – і магчымасьць зьмены ракурсу, і захапляльныя сюжэтныя калізіі – ад супрацьстаяньня спэцслужбам і да вымушанай эміграцыі. І тры яркія вобразы ў цэнтры. Навошта сачыць за прыгодамі экіпажу бандыцкага “бумэра” ці гэткай жа “брыгады”? Вось ён – жыцьцёвы матэрыял. Трое вытрывалых, не зламаных, дужых. Сьмелых – прычым не безразважнай сьмеласьцю маладосьці. Тут мы бачым людзей, што мелі сем’і, баяліся за блізкіх – і, тым ня менш, працягвалі ісьці сваім наканаваным шляхам. Ці гэта не станоўчы прыклад для тых, хто прыйшоў на зьмену пакаленьню Быкава і Карпюка?

Ня буду ацэньваць зьмешчаныя ў кнізе і адмыслова дапрацаваныя аўтарам для дадзенага выданьня нарысы. Скажу толькі, што Барыс Клейн за гады сваёй актыўнай навуковай дзейнасьці пазначыў многія з тых тэмаў, дасьледаваць якія давялося ўжо новым пакаленьням беларускіх гісторыкаў. І калі сёньня беларусы наведваюць Дом-музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне ці ідуць шляхамі Адама Міцкевіча, няблага было б успомніць таго, хто стаяў ля вытокаў навуковай рэстаўрацыі гэтых памятных і дарагіх нашым сэрцам месцаў.

Для многіх з нас імя Барыса Клейна да гэтай пары было толькі імем пэрсанажа са старонак быкаўскай “Доўгай дарогі дадому”. А цяпер ёсьць магчымасьць пачуць яго голас. Ня толькі ў пераносным – у літаральным сэнсе гэтага слова. Голас нашай нядаўняй гісторыі.

Аляксандар ФЯДУТА

Прэзэнтацыя кнігі Барыса Клейна “Недосказанное. Имена” адбудзецца 27 сакавіка а 16:30 у менскім Доме-музэі Ваньковіча. Уваход вольны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG