Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: Уладлена Функ была маральна спустошаная


20 сакавіка выслалі зь Беларусі грамадзянку Расеі Ўладлену Функ (Брускову) — сакратарку амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, якая адбыла год у калёніі паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў.

На 8 дзён болей за прызначаны судом тэрмін пратрымалі ў Беларусі Ўладлену Функ (Брускову), сакратарку амэрыканскага адваката Зэльцэра, якая была асуджаная разам зь ім за камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў. Сёньня, 20 сакавіка, спадарыня Функ нарэшце выехала ў Расею. Адвакат Зьміцер Гарачка, які прысутнічаў пры пасадцы Ўладлены Функ у цягнік, паведаміў нашаму радыё:

“А 14:30 на электрычцы Гомель — Навазыбкаў Уладлена Функ выехала ў Навазыбкаў, гэта ў Расеі. Яе суправаджаюць маці і міліцыянт, супрацоўнік гомельскай управы дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС”.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, яго былой падабароннай былі выдадзеныя асабістыя рэчы і дакумэнты. Жанчыне на 10 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь.

Злучыцца праз тэлефон з маці Ўладлены Валянцінай Брусковай не ўдалося — яе мабільнік быў адключаны. Зьміцер Гарачка паведаміў, што яшчэ ў Гомелі жанчына зьмяніла сім-картку, якой карысталася ў Беларусі, на расейскую і адключыла тэлефон. Я спытаўся ў адваката, як трымалася Ўладлена Функ і як яна пракамэнтавала затрымку зь яе вызваленьнем:

“Ніяк не зьмянілася ў параўнаньні з тым, як была раней. Яна трымаецца мужна, але кажа, што маральна спустошаная. Ёй трэба пераасэнсаваць усё тое, што яна тут перажыла”.

Уладлена Функ не камэнтуе падзеі апошняга году свайго жыцьця, паведаміў адвакат.



Уладлена Функ была арыштаваная ў Менску 12 сакавіка 2008 году разам з амэрыканскім адвакатам Эмануілам Зэльцэрам, які прыляцеў у Менск нібыта ў справе спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Беларусі суд асудзіў Зэльцэра на 3 гады, а ягоную сакратарку — на год калёніі. Пакараньне жанчына адбывала ў Гомельскай жаночай калёніі.

Сваякі Эмануіла Зэльцэра да апошняга моманту сумняваліся ў тым, што Ўладлену Функ вызваляць. Паводле іх вэрсіі, беларускія ўлады баяцца, што ад яе стануць вядомыя падрабязнасьці гэтай скандальнай справы, да якой нібыта маюць дачыненьне расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі і нехта з высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Маці Ўладлены Функ Валянціна Брускова ў нядаўнім інтэрвію “Свабодзе” казала, што ведае пра датычнасьць Беразоўскага да гэтай справы толькі з расейскіх мэдый:

“У мяне ад яе такіх зьвестак няма. Але калі меркаваць па праграме «Максымум» на НТВ, то атрымліваецца, што так, яны нібыта прыляцелі ў Менск на самалёце Беразоўскага і былі арыштаваныя”.

Барыс Беразоўскі адмаўляе сваю датычнасьць да арышту Зэльцэра і Функ у Менску, а Эмануіла Зэльцэра называе “міжнародным махляром”.

Пра далейшыя пляны Ўладлены Функ (Брусковай) — застанецца яна ў Расеі ці вернецца ў ЗША, дзе мае від на жыхарства — зьвестак пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG