Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд “Адраджэньне. Старт” разьлічвае на неабыякавых


На прэзэнтацыі фонду “Адраджэньне. Старт” прысутнічалі ўдзельнікі зімовых параалімпійскіх гульняў.
На прэзэнтацыі фонду “Адраджэньне. Старт” прысутнічалі ўдзельнікі зімовых параалімпійскіх гульняў.
У менскім доме інвалідаў адбылася прэзэнтацыя дабрачыннага фонду “Адраджэньне. Старт”. Фонд дапамагае людзям, якія пазбаўленыя дапамогі, ці недастаткова яе атрымліваюць ад дзяржавы. Адпаведныя праграмы фонду будуць дапамагаць прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў ня страціць нацыянальную самасьвядомасьць. Супрацоўнікі фонду спадзяюцца, што ў хуткім часе да іх далучацца валянтэры, якія маюць прафэсійную падрыхтоўку. Заснавальнікі фонду падзяліліся сваімі плянамі падчас прэзэнтацыі.

Старшыня праўленьня фонду Якаў Басін распавёў, што даўно сасьпела неабходнасьць у стварэньні менавіта такога фонду:

Якаў Басін
“Самае галоўнае, што можа зрабіць гэты фонд — гэта аб’яднаць сілы людзей, гатовых дапамагаць пакрыўджаным у той ці іншай ступені грамадзтвам людзям. Гэта людзі хворыя, гэта людзі-інваліды, гэта людзі маламаёмасныя, для якіх любая гуманітарная дапамога з-за мяжы гэта ўжо добра, гэта людзі, якія губляюць пачуцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці толькі з-за таго, што ня маюць умоваў для рэалізацыі нацыянальных пачуцьцяў”.

На прэзэнтацыі фонду “Адраджэньне. Старт” прысутнічалі ўдзельнікі зімовых параалімпійскіх гульняў. У спаборніцтвах, якія праходзілі ў ЗША, бралі ўдзел спартоўцы з 90 краінаў. Каманда зь Беларусі па канькабежным спорце заваявала 9 узнагародаў — 2 залатыя, 3 бронзавыя і 4 срэбныя алімпійскія мэдалі. Менавіта супрацоўнікі фонду знайшлі грошы, каб накіраваць на гульні спартоўцаў.

Падчас прэзэнтацыі кожны атрымаў валянтэрскую майку. Выканаўчы дырэктар фонду Алена Разладава расказала, што фонд мае патрэбу ў прафэсійных валянтэрах:

“Калі я кажу, што мы зьбіраемся разьвіваць валянтэрства прафэсійна, то мы й рухаемся да гэтага. Зразумела, што валантэры патрэбныя і ў цяжкай фізычнай працы. Цяпер мы думаем, як у доме інвалідаў арганізаваць валантэрскія дні. Калі, напрыклад, у суботу будзе весьці прыём натарыюс бясплатна. Вельмі сур’ёзная праблема — кансультацыя спэцыяліста-мамоляга, бо тут шмат жыве маладых жанчынаў. Валіёляга мы шукаем. Гэта спэцыяліст у здаровым ладзе жыцьця”.

Дабрачынны фонд супрацоўнічае зь менскім хоспісам. Цяпер пад апекай хоспісу знаходзяцца 200 хворых на рак. 28 чалавек зь іх у стацыянары. Галоўны ўрач хоспісу Вольга Мычко паведаміла, што пэрсаналу патрэбная прафэсійная дапамога.

“Спэцыялізаванай падрыхтоўкі менавіта ўрача паліятыўнай дапамогі і мэдычнай сястры паліятыўнай дапамогі, на жаль, няма. У сьвеце практыка, канечне, ёсьць. Гэта адмысловыя трэнінгі, курсы, гэта інфармацыя ў выглядзе друкаваных выданьняў, вэрбальных трэнінгаў.

Нам патрэбныя валантэры, але не проста валантэры, а валантэры-прафэсіяналы. Патрэбная адукацыйная валантэрская праграма. Сродкі на ўсё патрэбныя, ня толькі на адукацыю. Грошай зашмат ніколі не бывае“.

Алена Разладава паведаміла, што ў пэрспэктыве супрацоўнікі фонду разьлічваюць на дапамогу дзяржаўных структур дзеля стварэньня прадпрыемстваў, на якіх змогуць працаваць інваліды і людзі сталага веку. Такім чынам яны змогуць ня толькі адчуваць сябе патрэбнымі, але й самастойна зарабляць грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG