Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шляху да “паўнавартаснай спадчыннай дыктатуры”


Большасьць грамадзянаў Азэрбайджану прагаласавалі на рэфэрэндуме за тое, каб прэзыдэнт краіны мог займаць сваю пасаду колькі заўгодна тэрмінаў. Як ацаніць гэтыя вынікі? Ці ня пойдуць такім жа шляхам іншыя краіны СНД? Наколькі верагодна, што і ў Беларусі адбудзецца дынастычная перадача ўлады ад бацькі сыну, як тры гады таму ў Азэрбайджане?

Старшыню Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Анатоля Лябедзьку не зьдзівіла тое, што ў Азэрбайджане, паводле афіцыйных падлікаў, болей за 90% удзельнікаў рэфэрэндуму прагаласавалі гэтак, як дамагаўся прэзыдэнт Ільхам Аліеў. Паводле палітыка, паміж краінамі СНД ідзе абмен тэхналёгіямі захаваньня ўлады, які будзе працягвацца.

Анатоль Лябедзька
“Можна чакаць, што і Беларусь шмат што возьме ў Азэрбайджана. Прыкладам, дынастычную перадачу ўлады ад старэйшага малодшаму. Што да іншых краін эўрапейскай часткі СНД — прыкладам, ці падхопяць Малдова і Ўкраіна прыклад зьняцьця абмежаваньняў у прэзыдэнцкіх тэрмінах, — гэта будзе залежаць ад таго, наколькі там умацавалася дэмакратыя. Такой праблемы не існуе для сталых дэмакратый, дзе ёсьць падзел уладаў, дзе суд грае вялікую ролю. Але для пераходных краін гэта небясьпечна, бо зьняцьце абмежаваньняў вядзе не да дэмакратыі, а да клянавасьці”.

Сяргей Гайдукевіч
Лідэр ЛДПБ, былы кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч таксама мяркуе, што на вынікі рэфэрэндуму ў Азэрбайджане паўплываў гэтак званы “адміністрацыйны рэсурс”. Што да варыянту дынастычнай перадачы ўлады ў Беларусі, як у Азэрбайджане, — то, на думку палітыка, тут падабенства заканчваецца:

“Ёсьць адміністрацыйны рэсурс, ніхто яго не адмаўляе. Але ўсё ж галоўнае вырашае электарат. Ня думаю, што ў нас магчыма дынастычная перадача ўлады і што нехта на гэта пойдзе. Гэта нелягічна. А вось працяг улады на шмат разоў — гэта цалкам магчыма. І ў 2010-м годзе, і ў 2015-м, і ў 2020-м”.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, эўрапейскія краіны СНД, акрамя Беларусі, засьцераглі сябе ад рэфэрэндумаў кшталту азэрбайджанскага тым, што там ужо дастаткова разьвітая сыстэма палітычных партый, якія не зацікаўленыя ў манапалізыцыі ўлады адной сілай.

Вінцук Вячорка
Паводле намесьніка старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі, падзеі ў Азэрбайджане карысныя як урок для апазыцыі. На думку палітыка, тыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, якія пагадзіліся на ўмовах улады ўвайсьці ў дэкаратыўны парлямэнт, цяпер нясуць адказнасьць за тое, што ў краіну вярнулася “паўнавартасная спадчынная дыктатура”.

Што да Беларусі, то, паводле Вінцука Вячоркі, спадчынны варыянт перадачы ўлады для яе пакуль другасны.

“Нас павінна найперш турбаваць, колькі гадоў дадатковай улады Лукашэнка яшчэ атрымае дзякуючы той індульгенцыі, якую ён цяпер мае з боку эўрапейскіх структураў. Якія відавочна ажыцьцяўляюць «азэрбайджанізацыю» сваёй палітыкі адносна Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG