Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку пікетавалі другі дзень


Пікет супраць звальненьня чальца Свабоднага прафсаюзу Ўладзімера Губскага праводзіўся каля кінатэатру “Радзіма” два дні запар.

Нягледзячы на тое, што акцыю дазволіў Полацкі гарвыканкам, у бліжэйшым двары ад 4-й да 6-й вечара дзяжурыла міліцэйская машына. І супрацоўнікі міліцыі, спыніўшыся за некалькі мэтраў ад пікетоўцаў, пільна назіралі за імі, а таксама за полацкамі мінакамі, якія падыходзілі, заўважыўшы плякаты “Далоў кантракты”, “Патрабуем спыніць рэпрэсіі” і “Дырэктара ЖКГ Шадзько — у адстаўку”.

Патрабаваньне звольніць дырэктара гарадзкой камунальнай службы арганізатары пікету — актывісты Свабоднага прафсаюзу — выказалі ў адказ на звальненьне апэратара кацельні Ўладзімера Губскага. Спадар Губскі атрымаў папярэджаньне, што пасьля 21 сакавіка працоўны кантракт зь ім ня будзе працягнуты. Ён лічыць, што прычынай гэтаму — ягоная грамадзкая дзейнасьць: адміністрацыя мела да яго прэтэнзіі ўжо за тое, што ўлетку ён падаваў заяўку на пікет за вяртаньне вуліцам Полацку гістарычных назоваў, а таксама насьцярожана паставілася да ягоных актыўных патрабаваньняў выконваць працоўнае заканадаўства і выдаваць рабочым спэцвопратку і абутак.

На сёньняшні дзень толькі двое работнікаў ЖКХ, у тым ліку Ўладзімер Губскі, уступілі ў Свабодны прафсаюз, далучыўшыся да суполкі прадпрыемства “Шкловалакно”. Кіраўнік гэтай суполкі Віктар Стукаў кажа, што непрацяг кантракту з Губскім абавязкова стане прадметам разгляду ў судзе, бо кіраўніцтва аддзелу ЖКГ дапусьціла пры гэтым шмат парушэньняў. А пакуль прафсаюзныя актывісты і моладзь са стваранай партыі БХД на чале з Алесем Круткіным зьбіраюць подпісы за адстаўку дырэктара ЖКГ Уладзімера Шадзько.

За два дні на пікетах было сабрана некалькі дзесяткаў подпісаў. Потым падпісныя аркушы раздадуць па мясцовых прадпрыемствах. Калі падпішуцца ўсе ахвотныя, патрабаваньне скасаваць кантракт з кіраўніком ЖКГ будзе перададзена ў гарвыканкам.

Сам Уладзімер Губскі, які сёньня прысутнічаў на пікеце, не асабліва спадзяецца на тое, што вынікам гэтай акцыі будзе ягонае аднаўленьне на працы. Аднак плёнам ён лічыць тое, што іншыя работнікі ЖКГ, зь якімі разам ён працаваў, пераканаюцца ў тым, што пратэставаць супраць дзеяньняў адміністрацыі можна і варта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG