Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Яны Паляковай дагэтуль правяраюць


У Салігорскай пракуратуры яшчэ не завершаная праверка па факце самагубства праваабаронцы Яны Паляковай. Пра гэта паведаміла кіраўніца прэсавай службы Менскай абласной пракуратуры Тацяна Калініна.

СЛУХАЦЬ:


“Сёньня, 17 сакавіка, заканчваецца 10-дзённы тэрмін, адведзены на праверку. Але яшчэ рашэньне не прынятае. Пра вынік праверкі паведамім заўтра, 18 сакавіка”, — сказала “Свабодзе” Тацяна Калініна.

Нагадаем, праваабаронца Яна Палякова скончыла жыцьцё самагубствам у ноч на 7-га сакавіка ў сваёй кватэры ў Салігорску. За 3 дні да таго Салігорскі суд прызнаў жанчыну вінаватай у ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і асудзіў на 2,5 года “хіміі”. Яна Палякова вінаватай сябе не прызнала і пасьля суду сказала знаёмым, што “ніколі ня будзе зэчкай”. Пра перадсьмяротную запіску Яны Паляковай нічога не вядома.

На пахаваньні Паляковай прадстаўнікі грамадзкасьці запатрабавалі расьсьледаваньня прычын яе сьмерці пракуратурай. У пракуратуры Салігорску праверка па факце самагубства Яны Паляковай пачалася 7 сакавіка. Пра падрабязнасьці праверкі ў пракуратуры гаварыць адмаўляюцца.

“Гэта стандартная праверка, якая праводзіцца пасьля кожнага самагубства. Разглядаецца магчымасьць давядзеньня да самагубства, і калі гэта пацьвярджаецца, то заводзіцца крымінальная справа”, — казаў прадстаўнік пракуратуры Беларусі.

Былы міліцыянт Віктар Пугачоў, які заявіў у судзе, што не зьбіваў Яну Палякову, а яна пра гэта нібыта схлусіла, адмаўляецца камэнтаваць падзеі, якія адбыліся пасьля суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG