Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франка Вячорку пакаралі за Livejournal


Франак Вячорка
Франак Вячорка
Навабранцы, якіх пад прымусам прывезьлі служыць у войска, працягваюць выконваць свае вайсковыя абавязкі. Іх бацькі дабіваюцца вырашэньня юрыдычных аспэктаў гвалтоўнага прызыву. Нагадаем: 30 студзеня Франка Вячорку, Івана Шылу і Зьмітра Хведарука затрымалі дома міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным, і адвезьлі пад аховай на тэрыторыю вайсковых частак. Тым часам тэму ўжываньня новых формаў рэпрэсій узьнялі апазыцыйныя палітыкі падчас сустрэчаў з дэпутатамі Эўрапарлямэнту.

Лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка пасьля лячэньня ў Баранавіцкім шпіталі войскаў супрацьпаветранай абароны прыехаў у Мазырскую вайсковую частку, у якой яму служыць год і тры з паловай месяцы.

Франка пакаралі пазачарговым нарадам пасьля выступу хлопца на дыскусіі пра сьцягі — дзяржаўны і бел-чырвона-белы. Апроч таго, яму занесьлі вымову ў асабовую справу за невыкананьне загаду. Падставай стала абнаўленьне прыватнага дзёньніка ў інтэрнэце. Камандаваньне раней загадвала Франку заўсёды паказваць свае запісы для публікацыі. Хлопец вырашыў, што гэта ня тычыцца прыватнага дзёньніка.

Бацька Франка Вінцук Вячорка падчас сустрэчы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту зьвярнуў увагу на новыя аспэкты рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў, якія адбываюцца лятэнтна.

“Формы рэпрэсій — як прымусовы прызыў у войска заведама непрыдатных, выгнаньне з працы, з вучобы, ну й выкарыстаньне падатковых органаў, для эўрадэпутатаў новыя. Лукашэнка, калі абраў такія формы, разьлічваў, што іх і не заўважаць, бо, на першы погляд, усё выглядае як бы нармальна — усюды бяруць у войска, усюды ёсьць кантракты, якія калі-небудзь заканчваюцца і г.д..

Разам з тым гэтыя рэпрэсіі якраз балюча б’юць па грамадзкіх актывістах і ствараюць атмасфэру запалохваньня і безнадзейнасьці ў звычайных грамадзянаў, якія бачаць, што адбываецца”.

Паплечнікі ў адведзінах у Івана Шылы
Івана Шылу, які служыць пад Лепелем, у выходныя наведалі сябры. Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч паведаміў, што яго ўразіў заняпад у вайсковай частцы і больш за ўсё антысанітарыя ў прыбіральні.

“Прапусьцілі нас у нейкі клюб, які быў пабудаваны максімум у 70-х гадах. Усюды былі надпісы: “ДМБ-78”, “ДМБ-82”. Нехта вырашыў схадзіць у прыбіральню. Убачыўшы тую жудасную антысанітарыю, якая там ёсьць, вырашылі сфатаграфаваць гэта.

Іван адразу пасьля таго, як трапіў у вайсковую частку, захварэў ангінай. Хвароба дала ўскладненьне — атыт.
Нам казалі, што ў гэтай частцы ёсьць вельмі жорсткая “дзедаўшчына”. Навабранцаў зьбіваюць, забіраюць у іх грошы і ежу, якую ім прывозяць сваякі. Фактычна турэмныя законы. У гэтым вінавата кіраўніцтва гэтай вайсковай часткі, якое папросту маўкліва мірыцца з тым, што там адбываецца“.

Іван адразу пасьля таго, як трапіў у вайсковую частку, захварэў ангінай. Хвароба дала ўскладненьне — атыт. Цяпер пэрыядычна хлопцу даюць пігулкі, але ў абласны шпіталь не накіроўваюць.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук пасьля апэрацыі на венах вярнуўся ў Жодзіна. Да 18 сакавіка ён будзе знаходзіцца ў санчастцы, а потым працягне службу. Зьміцер ня скардзіцца на ўмовы і супакойвае бацькоў, што час пройдзе хутка.

Ён ня мае спатканьняў, бо ў частцы абвешчаны карантын.

Маці Зьмітра Ірына Хведарук распавяла, што ў салдат вельмі кепскае харчаваньне.

Усе гэтыя мамкі, сёстры, нявесты прыяжджаюць карміць сваіх галадаючых абаронцаў. Вельмі гэта нагадвае піянэрскі лягер.
“Усе гэтыя мамкі, сёстры, нявесты прыяжджаюць карміць сваіх галадаючых абаронцаў. Вельмі гэта нагадвае піянэрскі лягер у бацькоўскі дзень.

Толькі там прывозяць клубніцы і цукеркі, а тут чабурэкі… Хлопец там “наварочвае” курыцу з бульбяным пюрэ… Тыя, хто ўжо ня першы раз, прыстасаваліся і маюць шырокія тэрмасы“.

Калі ў справе Франка Вячоркі менскі гарадзкі суд прызнаў рашэньне раённага суду аб прымусовым прызыве хлопца ў войска законным, то на скаргу Івана Шылы на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў пакуль адказу няма. Салігорскі суд, куды зьвярнуліся бацькі Івана, перадаў справу ў Лепель.

Тым часам паплечнікі актывістаў моладзі БНФ Франка Вячоркі, Зьмітра Жалезьнічэнкі, маладафронтаўцаў Івана Шылы і Зьмітра Хведарука на вулічных акцыях зьвяртаюць увагу грамадзкасьці на новую форму рэпрэсій, якія сталі ўжываць улады супраць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху.

Маладыя людзі патрабуюць, каб вайскоўцы не выконвалі загадаў супрацоўнікаў спэцслужбаў і ня ўдзельнічалі ў рэпрэсіях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG