Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: давялося перайсьці да жорсткай рыторыкі


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Аляксандар Казулін і Анатоль Лябедзька падчас знаходжаньня ў Эўрапейскім парлямэнце абвінавацілі Польшчу ў немаральным торгу зь беларускімі ўладамі.

Паводле польскіх мэдыяў, Аляксандар Казулін і Анатоль Лябедзька абвінавацілі Польшчу ў немаральным торгу зь беларускімі ўладамі ў справе польскай меншасьці і новай палітыкі ЭЗ. Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі абверг гэтыя закіды беларускіх апазыцыянэраў. Маўляў, у беларускай справе няма ніякага немаральнага торгу.

Камэнтуючы гэта, Анатоль Лябедзька заявіў: “У нас няма ніякіх антыпольскіх выказваньняў. Ёсьць дыскусія, і мы гатовыя дыскутаваць, ці трэба запрашаць Аляксандра Лукашэнку, ці ня трэба. Ці трэба адмяняць санкцыі без умоваў? Ці трэба, каб амаль 40% беларусаў ня мелі сваіх прадстаўнікоў у палітычным дыялёгу? Можа, некаму і не падабацца наш падыход, але ён прынцыповы. Калі мы прыяжджаем у Страсбур і высьвятляем, што на 90% адказы на пытаньні, запрашаць ці не запрашаць, сфармаваныя, — то, на вялікі жаль, мы ня можам з гэтым пагадзіцца. Тут ёсьць пытаньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў, маральных прынцыпаў, якімі нельга гандляваць. І пасьля нашых размоў зь некаторымі парлямэнтарамі з Польшчы яны потым агучвалі нашыя падыходы”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, безумоўна, павінна ўлічвацца сытуацыя вакол польскай меншасьці. Аднак гэта не адзінае, а толькі адно з патрабаваньняў, якія прапаноўваецца выканаць афіцыйнаму Менску.

У Страсбуры палітыкі высьветлілі, што пытаньне пра запрашэньне Лукашэнкі на саміт ЭЗ фактычна вырашана. Таму яны вырашылі ўжыць жорсткую і не зусім дыпляматычную рыторыку.

Мы катэгарычна супраць таго, каб Лукашэнку запрашаць цяпер у Прагу.
“Значная большасьць грамадзянаў Беларусі падтрымае нашу пазыцыю, якая маральная і цалкам грунтуецца на эўрапейскіх каштоўнасьцях. Мы катэгарычна супраць таго, каб Лукашэнку запрашаць цяпер у Прагу. Гэта алягічна і беспрынцыпова, калі гэта адбудзецца ў 20-годзьдзе Праскай вясны. Па-другое, калі гэта адбудзецца ў дзень, калі скралі і забілі Захаранку, гэта будзе для нас азначаць капітуляцыю Эўропы перад беларускім рэжымам. Толькі пасьля таго, як будуць зроблены рэальныя крокі, можна гаварыць, што і Лукашэнка можа калі-небудзь паехаць у эўрапейскую краіну”.

Нагадаем, польскае МЗС абвергла інфармацыю, якая зьявілася ў мэдыях, што Польшча выставіла ўльтыматум беларускім уладам — маўляў, Аляксандар Лукашэнка атрымае запрашэньне на саміт у Прагу, калі ўлады ня будуць перашкаджаць правядзеньню зьезду Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Сёньня ж у інтэрвію Інтэрфаксу амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрых Літвін заявіў, што спачатку будзе вырашаны лёс санкцыяў, а потым ужо будзе прымацца рашэньне пра ўдзел Беларусі ў саміце Ўсходняга партнэрства ў Празе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG