Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз працы і без заробкаў


Сёньняшняя пятніца — выходны дзень амаль на 20 прадпрыемствах Міністэрства прамысловасьці Беларусі. Не працуюць таксама асобныя калектывы ў Свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”. Сітуацыю дасьледавалі карэспандэнты “Свабоды”.


ГОМЕЛЬ

Сёньня ня выйшлі на працу больш як паўтары сотні рабочых Гомельскага падшыпнікавага заводу. Тут цяпер скарочаны працоўны тыдзень.

Заробак зьніжаецца на 80—100 тысяч рублёў за месяц


Рабочы Ўладзімер гаворыць, як новы працоўны распарадак адаб’ецца на заробках:

“Найперш гэта страта 80—100 тысяч рублёў на месяц. Калі раней атрымлівалі 450—500 тысяч, то цяпер, напэўна, і чатырохсот тысяч ня будзе”.

Крызісны кіраўнік акцыянэрнага таварыства “Гомельскі падшыпнікавы завод” Ігар Данільчук адмовіўся пракамэнтаваць нашаму радыё эканамічную сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве:

“У мяне ёсьць вышэйстаячая арганізацыя — міністэрства. Усе інтэрвію і ўсё астатняе — пасьля ўзгадненьня зь Міністэрствам прамысловасьці”.

Пятніца — выходны дзень на 14 прадпрыемствах Гомельшчыны

У міністэрстве прамысловасьці, якому падпарадкоўваецца завод-банкрут, паведамілі, што раней Гомель працаваў у каапэрацыі зь Менскім падшыпнікавым заводам. Але пасьля продажу апошняга замежнікам скарацілася патрэба ў гомельскіх падшыпніках.

Увогуле, цяпер на Гомельшчыне ў рэжыме няпоўнага працоўнага тыдня працуюць 14 прадпрыемстваў і арганізацый. Крызіс зачапіў і свабодную эканамічную зону “Гомель-Ратон”. Тлумачыць кіраўнік СЭЗ Аляксандар Скварцоў:

“Так, ёсьць зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці, канечне. Прычым ва ўсіх прадпрыемстваў. Аднак вельмі вялікага падзеньня я ня бачу”.

Суразмоўца камэнтуе прычыны скарочанага працоўнага тыдня на сумесным беларуска-нямецкім прадпрыемстве “Бэкер-сыстэм”. Цікаўлюся, ці ёсьць вымушаны прастой у пятніцу вынікам фінансавага крызісу?

“Ну, вядома ж. Яны ж не працуюць на склад. Акрамя таго, “Бэкер-сыстэм” вырабляе вокны, і іх продаж мае пераважна сэзонны характар. Яшчэ ў мінулую зіму яны пачалі пераходзіць на скарочаны тыдзень”.

СТОЛІН

Сёньня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар наведвае Давыд-Гарадок на Століншчыне. Базавае прадпрыемства пасёлка — электрамэханічны завод – церпіць ад крызісу. З гэтай нагоды на прыём запісаўся вэтэран вытворчасьці Вячаслаў Амяльчук. Ён кажа:

“Я запытаю ў губэрнатара: колькі мы будзем таптацца на месцы?”

“Я рыхтуюся, што сказаць губэрнатару. Запытацца ў яго, колькі мы будзем таптацца на адным месцы? Да мяне зьвярталіся працаўнікі заводу: што рабіць? У нас нізкі заробак, а дырэктар заводу заяўляе: “Вы ў мяне і за сто тысяч будзеце працаваць”.

У Давыд-Гарадку амаль 10 тысяч жыхароў. Раней паўтары тысячы працавалі на электрамэханічным. Выраблялі электрапаяльнікі, фэны, схемы з проваду. У крызіс завод страчвае заказы. Людзей, як кажа Вячаслаў Амяльчук, выганяюць у беспрацоўе. Акрамя таго:

“Там пустуе 60 працэнтаў плошчы. Начальства, аднак, загадала заняць плошчы сталоўкі. Там, дзе меліся б абедаць працаўнікі, паставілі станкі. Там засталіся камэры-лядоўні, а таксама сховішча для гародніны. Усё было. Усё цяпер гіне і гніе”.

“Лукашэнка абяцаў. Але ніхто яго ня слухае”

Са слоў Вячаслава Амельчука, цяперашняя ўлада ігнаруе нават абяцаньні Лукашэнкі, якія ён раздаваў у Давыд-Гарадку сем гадоў таму:

“Былі тут Тозік, Сямашка, Даўгалёў, Агееў, памочнік прэзыдэнта, намесьнік старшыні ўраду Сьвідэрскі. Разьмеркаваныя былі пытаньні. Але ж ніхто іх ня выканаў...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG