Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзеці ў Талачыне бяз лыжаў засталіся


Сёньня суд Воршы разглядае справу аб раскраданьні грошай у аддзеле фізкультуры і спорту Талачынскага райвыканкаму. Жанчыну, якой раней давяралі сядзець у выбарчых камісіях і судзе, падазраюць у тым, што скрала грошы, выдзеленыя дзецям на мячы і лыжы.


На лаву падсудных трапіла бугальтарка аддзелу Марына Сушкова. Яна ж -- актыўная ўдзельніца арганізацыі і правядзеньня выбараў усіх узроўняў. Судовае паседжаньне перанесена ў суседні раён і з той прычыны, што абвінавачаная ў крадзяжы чыноўніца раней абіралася засядальнікам суду ў Талачыне.

У тым, што чыноўніца паўстала перад судом, немалая заслуга і мясцовых грамадзка-палітычных актывістаў, паведаміў Свабодзе адзін зь іх – Мікалай Петрушэнка:

“Ёсьць у раёне жыхар Сяргей Макееў. Ён напісаў адну заяву, другую, трэцюю. Далучыўся я да гэтай справы. Працавалі пракуроры, працавалі міліцыянты. Скончылася тым, што крымінальную справу ўсё-такі ўзбудзілі. Калі яна зразумела, што ёй пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня і канфіскацыі маёмасьці, то толькі тады пачала даваць праўдзівыя паказаньні”.

Якім чынам у Талачынскім райвыканкаме стала магчымым раскраданьне грошай? Намесьнік старшыні Міхаіл Завадзкі гэтак тлумачыць здарэньне:

“Захацеў чалавек займець грошы і, выкарыстоўваючы службовае становішча, падрабіў подпісы і астатняе. Вось так гэта сталася магчымым. Здавалася, і чалавек надзейны – даўно працуе тут бугальтарам у аддзеле фізкультуры і спорту. Яе вылічвалі вельмі доўгі час і падкапацца было надзвычай цяжка. Але вось нашы супрацоўнікі праваахоўных органаў здолелі знайсьці шляхі. І гэта добра – атрымае што заслужыла і няхай нясе адказнасьць, як належыць”.

Навіна пра скрадзеныя 130 мільёнаў рублёў, выдаткаваных на дзіцячыя мячы і лыжы, у Талачынскім раёне выклікала вялікі розгалас. Яшчэ адзін апазыцыйны актывіст у Талачыне Ігар Казімірчык кажа, што хоча ад імя грамадзкасьці запытаць у чыноўніцы, ці ёй ня сорам за свае дзеяньні. У сваю чаргу яна ўжо заявіла, што ў судзе назаве ўсіх, хто таксама прысвойваў грошы. Вось як спадар Казімірчык камэнтуе здарэньне:

“У Беларусі ёсьць такая сытуацыя, што чыноўнікі могуць і красьці і браць хабар. Адзінае, наколькі я разумею, яны павінныя дзяліцца з кімсьці на версе -- тады можна. Калі перастаюць дзяліцца, тады ў чыноўнікаў узьнікаюць праблемы. А так – гэта павальная сытуацыя і крадзяжоў і хабарніцтва ў краіне. Сытуацыя з карупцыяй дайшла ўжо да вялізных праблемаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG