Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладлена Функ больш ня будзе шыць ватоўкі


Сёньня сканчаецца тэрмін зьяволеньня Ўладлены Функ , сакратаркі амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра. Яна павінна выйсьці на волю з жаночай калёніі №4 у Гомелі.


Уладлена Функ была асуджаная разам з Эмануілам Зэльцэрам за камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў. Жанчына атрымала год зьняволеньня, але вінаватай сябе і не прызнала. Пакараньне былая сакратарка Эмануіла Зэльцэра адбывала ў 4-ай жаночай калёніі ў Гомелі, шыла там ватоўкі. Адвакат Зьміцер Гарачка, які бачыўся з Уладленай Функ на мінулым тыдні, згадвае яе словы пра час, праведзены ў вязьніцах Беларусі: “Гэта быў дарэмна страчаны год майго жыцьця”, -- казала Уладлена Функ.

Адвакат мяркуе, што калі сёньня раніцай ён прыедзе ў калёнію, Уладлена Функ выйдзе на волю і для яе пачнецца новы, больш шчасьлівы пэрыяд. Пра настрой і здароўе сваёй падабароннай Зьміцер Гарачка сказаў наступнае:

“Спадзяецца, што ўсё будзе добра, яе больш тут трымаць ня будуць і выпусьцяць на волю. Здароўе? Ёсьць прастуднае захворваньне. Так, лячыцца пасьля выхаду на волю прыйдзецца”.

Уладлена Функ з’яўляецца грамадзянкай Расеі, яе прозьвішча паводле расейскага пашпарту Брускова. Пра Функ стала шырока вядома ў сувязі са справай амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які аказаўся ўцягнуты ў скандал вакол спадчыны грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. На спадчыну гэтага мільярдэра прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Сваякі Зэльцэра кажуць, што нібыта Беразоўскі справакаваў арышт Зэльцэра ў Менску, куды адвакат прыехаў у справе спадчыны Патаркацышвілі. Уладлена Функ, якая была сакратаркай Эмануіла Зэльцэра, аказалася яшчэ адной ахвярай гэтага канфлікту.

Ёсьць меркаваньне, што Эмануіл Зэльцэр ня сам прыляцеў у Менск, а быў скрадзены і прывезены пад прымусам. Гэта магла б патлумачыць Уладлена Функ. Я спытаў у адваката Гарачкі, ці варта журналістам спадзявацца атрымаць такія тлумачэньні ад былой сакратаркі Зэльцэра?

“Папярэдне малаверагодна, што яна нешта будзе гаварыць. Я спытаў пра гэта ў яе і зразумеў – асаблівага жаданьня няма. Наперш таму, што пакуль Эмануіл Зэльцэр знаходзіцца ў турме, гэтага лепш не рабіць, каб яму не пашкодзіць”.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, вызваленым з-пад варты пасьля адбыцьця пакараньня дзяржава дае сродкі на тое, каб яны маглі даехаць дамоў. Зьбіраецца Уладлена Функ вярнуцца на радзіму ў Расею, ці ў ЗША, дзе мае дазвол на працу, адвакату невядома.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG