Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: бедным будзе цяжэй


Усясветны банк у сваёй найноўшай справаздачы сьцьвярджае, што гандаль у сьвеце перажывае найгоршы спад за апошнія 80 гадоў.

Фінансавы крызыс, паводле справаздачы, найбольш балюча ўдарыць па краінах, у якіх эканомікі яшчэ не дасягнулі належнага ўзроўню разьвіцьця, асабліва ва Ўсходняй Азіі і Ўсходняй Эўропе.

Паводле ацэнкі Усясьветнага банку, у гэтым годзе усясьветная прамысловая прадукцыя ўпадзе на 15 адсоткаў у параўнаньні зь мінулым годам. Гэтак адбудзецца перш за ўсё за кошт зьмяншэньня інвэстыцый, гандлю і крэдытаваньня для эканамічна неразьвітай часткі сьвету.

Усясьветны банк ацэньвае, што слаба разьвітыя эканомікі могуць патрабаваць ад 270 мільярдаў да 700 мільярдаў даляраў крэдытаў у гэтым годзе. Ня ўсім з гэтых краінаў удасца атрымаць патрэбныя крэдыты. А тыя, якім удасца, будуць вымушаныя плаціць высокія працэнтныя стаўкі.

Старшыня Усясьветнага банку Робэрт Зэлік малюе змрочную карціну эканамічнай будучыні слаба разьвітых краінаў:

„Зьмяншэньне экспарту і прытоку капіталу пацягне за сабою скарачэньне інвэстыцый. Запаволеньне росту і пагоршаныя фінансавыя ўмовы пацягнуць за сабою банкруцтвы прыватнага бізнэсу і пабольшаць рызыку банкруцтва банкаў. Некаторыя краіны пацерпяць ад крызысу плацёжнага балянсу. Як заўсёды, найбяднейшыя будуць найменш абароненымі”.

Справаздача кажа, што ў 94 са 116 краінаў, эканомікі якіх клясыфікуюцца як слаба разьвітыя, ужо пачалося зьніжэньне тэмпаў эканамічнага росту.

Гэта ўжо другі змрочны прагноз эканамічнай будучыні сьвету ад міжнародных фінансава-эканамічных экспэртаў на працягу апошняга тыдня. На мінулым тыдні Міжнародны валютны фонд асьцерагаў, што 22 краіны зь ліку найбяднейшых у сьвеце будуць патрабаваць вялізную крэдытную дапамогу, каб пазьбегчы эканамічнага абвалу (падрабязнасьці тут).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG