Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхаваных беспрацоўных — паўмільёна


Чарга ў цэнтры занятасьці
Чарга ў цэнтры занятасьці
Сёньня ў міністэрстве эканомікі Беларусі на паседжаньні рабочай групы па вырашэньні праблемных пытаньняў прадпрымальніцтва было агучана, што ва ўмовах крызісу прыхаванае беспрацоўе павялічылася да 500 тысяч чалавек. Прычыны пагаршэньня сытуацыі высьвятлялі карэспандэнты “Свабоды”.

МЕНСК

Пра тое, як праходзіла паседжаньне ў Мінэканомікі, інфармаваў “Свабоду” актывіст-прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч. Ён кажа, што з падачы чыноўнікаў абмяркоўваліся праблемы падаткаабкладаньня, коштаў на адзеньне й харчаваньне, але ўсё рабілася сьпехам. Бо на 16:30 у ведамстве быў прызначаны сьвяточны сход да 8 сакавіка.

Мінэканомікі не зьбірала рабочую групу прдпрымальнікаў 90 дзён.
“На працягу трох месяцаў яны чамусьці не змаглі правесьці гэтае паседжаньне. Выбралі самы няўдалы дзень. З Гарадзеншчыны людзі не прыехалі, і зь Берасьцейшчыны нікога няма…”

З усяго пабачанага й пачутага сёньня ў Мінэканомікі Анатоль Зьмітровіч вылучае наступнае:

“Прыхаванае беспрацоўе ў Беларусі зараз дасягае рэальна 5%. А міністэрства працы і сацыяльнай абароны прыняло пастанову, якая даводзіць на месцы пляны па нарматыву ўзроўню беспрацоўя. Калі ў якім населеным пункце 1% ці 2% беспрацоўных ад колькасьці актыўнага насельніцтва, то гэта нібыта нармальна. А астатнія беспрацоўныя куды дзенуцца?!”

Прадпрымальнікі прапануюць 70 тысяч працоўных месцаў.
Анатоль Зьмітровіч кажа таксама, што прадпрымальнікі прапанавалі міністэрству эканомікі спрасьціць умовы стварэньня новых працоўных месцаў у недзяржаўным сэктары. Суразмоўца кажа:

“Мы зараз маглі б забясьпечыць працай каля 70 тысяч чалавек. Але літаральна ў апошнія тыдні прадпрымальнікаў змушаюць скарачаць гандлёвыя аб’екты. Я ўпэўнены, што пазьней чыноўнікі будуць змушаць наймаць беспрацоўных, але ўжо ня будзе такой магчымасьці”.

ГОРАДНЯ

Ці можа паўплываць на ўзровень беспрацоўя спрошчаная працэдура рэгістрацыі прадпрымальнікаў, што дзейнічае ад нядаўняга часу? Іншымі словамі, ці рэальна ва ўмовах цяперашняга крызісу распачаць уласны бізнэс людзям, якія ня маюць працы?

Былы палітвязень і адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі застаецца прадпрымальнікам і сочыць за станам бізнэсу ў краіне. Такім чынам, пытаньне да спадара Леванеўскага: наколькі рэальна, што беспрацоўныя пойдуць у прадпрымальнікі, ці можа гэта быць масавай зьявай?

Лібэралізацыя не выклікае энтузіязму.
“Адназначна не, таму што толькі чалавек наіўны можа рэгістравацца прадпрымальнікам. Рэч у тым, што апроч спрошчанай працэдуры рэгістрацыі павінны быць адпаведныя ўмовы: заканадаўства спрошчанае, а самае галоўнае — маленькія падаткі”.

А ўсім вядома, кажа спадар Леванеўскі, што ў гандлі, у якім працуе большая частка прадпрымальнікаў, падаткі, наадварот, рэальна павялічыліся, прычым істотна. Ён удакладняе:

“Чалавек бяз працы — ён, як правіла, бяз грошай. Крэдыты яму ніхто доўгатэрміновыя ня дасьць. Таму я думаю, што нейкага ажыятажу ў гэтай справе ня будзе ў бліжэйшым часе”.

Валер Леванеўскі перакананы, што, зважаючы на крызіс, дзяржава павінна істотна зьменшыць падаткі прадпрымальнікам, асабліва тым, хто толькі пачынае справу. Самае лепшае — вызваліць іх на пэўны час ад падаткаў увогуле, каб яны маглі зрабіць больш-менш удалы старт, лічыць Валер Леванеўскі.

Чыноўнікам загадваюць замоўчваць дадзеныя пра беспрацоўе.
А што адбываецца ў малых гарадах вобласьці? Ці пайшлі рэгістравацца прадпрымальнікамі тыя, хто раней бізнэсам не займаўся, ці зьмяншаецца дзякуючы гэтаму колькасьць беспрацоўных? Я зьвярнуўся да Галіны Петухоўскай, начальніка ўпраўленьня эканомікі Наваградзкага райвыканкаму, і атрымаў ад яе такі адказ:

“Не-не, ніякай інфармацыі. Паколькі праводзяць з намі нарады, то ніякай інфармацыі праз тэлефон мы не даем”.

Праўда, начальніца падкрэсьліла, што па званках нікому інфармацыі не даюць — ні КДБ, ні міліцыі, ні пракуратуры. Галіна Петухоўская адно сказала, што цяпер прыватныя прадпрыемствы рэгіструюцца ў сельскай мясцовасьці, бо там даюць ільготы.

Каб пачаць сваю справу, патрэбныя грошы. Сярод іншага, існуе магчымасьць атрымаць субсыдыю ад дзяржавы. Пра колькасьць новых прадпрымальнікаў на Смаргоншчыне мне ўдалося даведацца ў раённай службе занятасьці.

Спадарыня: “Канечне, зьвяртаюцца. Мы аказваем дапамогу, субсыдыю выдаем для арганізацыі сваёй справы. На дадзены момант гэта 3,5 мільёна рублёў. Па-мойму, толькі аднаму чалавеку пакуль далі. Але на падыходзе яшчэ тры ці чатыры”.

БАРАНАВІЧЫ

Як мінімум 8 базавых прадпрыемстваў Баранавічаў скарачаюць вытворчасьць і робяць скарачэньні працаўнікоў.

— Які выхад? Людзям трэба плаціць зарплату. А з чаго? Прыбытку ж няма. Непасрэдна ці ўскосна — усё роўна. Усюды крызіс. Нікуды ня дзецц”, — скардзяцца тутэйшыя людзі ў цэнтры працаўладкаваньня.

— Ці цяжка знайсьці працу ў Баранавічах?

— Ня ведаю, што й казаць. Канечне, перабоі з сыравінай. Гэта адчуваюць усе прадпрыемствы. На аўтаагрэгатах пераходзяць на трохдзёнку. А каго за свой кошт папрасілі, каб пайшлі, — з сумам выказваецца Андрэй Шамкуць.

Заробкі ў Баранавічах упалі паўсюдна.
Пра сытуацыю на баваўняным камбінаце расказвае нядаўна звольнены адтуль Рыгор Грык.

“Зараз у нас першая фабрыка зачыненая даўным-даўно. Абсталяваньне адтуль забрана. Памяшканьне пустуе. Адміністрацыя ж не скарачаецца. Людзі перайшлі на іншую фабрыку або звольніліся, бо маленькія заробкі. Вельмі шмат працуе пэнсіянэраў, бо чалавек ня можа пражыць за такія заробкі. Маладыя спэцыялісты прыходзяць і толькі адпрацоўваюць тэрмін, які павінны адрабіць пасьля вучылішча ці тэхнікума, а потым шукаюць іншыя месцы. У сувязі з крызісам па ўсім горадзе заробкі ўпалі. Людзей за свой кошт вельмі шмат прадпрыемстваў адпраўляла. Гэта відаць, што ў нас крызіс”.

Фармальна ўзровень беспрацоўя на Берасьцейшчыне нібыта невялікі. Ён складае 1,1% пры колькасьці беспрацоўных 6,7 тыс. чалавек. Але лічбы падманлівыя.

“Што тыя працэнты! Хто хоча ісьці на біржу працы?! Ніхто! Што яны там плацяць! Іх пасылаюць на розныя работы, прыбіраць тэрыторыю. А каму гэта цікава? Шукаюць працу ўсе, хто можа”, — абураецца былы інструктар па спорце Алег Пашко, які вымушана сышоў у прадпрымальнікі.

Міхал Карневіч, Анатоль Кругавец, Вячаслаў Кулік

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG