Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Два “г” -- гламур і глянец”


На пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў прэм’ер Сяргей Сідорскі скрытыкаваў урад за “гламурныя лічбы”. І заявіў, што ён чакае рэальных вынікаў. Таксама ён перапыніў выступ міністра працы Ўладзімера Патупчыка, які дакладаў пра пасьпяховую барацьбу зь беспрацоўем. Спадар Сідорскі заявіў, што палова прадпрыемстваў ужо ходзіць на кароткі тыдзень, а міністар нічога ня бачыць, у яго беспрацоўе 1%. Адкуль жа бяруцца гламурныя лічбы і ці адлюстроўваюць яны рэальны стан рэчаў у эканоміцы Беларусі? Пра гэта з кіраўніком цэнтру Мізэса Яраславам Раманчуком гутарыць наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі.


Карэспандэнт: “Наколькі можна даваць веры афіцыйным “гламурным” лічбам, якія падаюць ва ўрадзе, адносна сытуацыі ў эканоміцы? Навокал крызіс, а ў Беларусі — “гламур”. Ці хавае тут нешта ўрад, ці выдае жаданае за сапраўднае?”

Раманчук: Добра, што Сідорскі прызнаў, што ў нас у эканоміцы і ў лічбах два “г” — гламур і глянец. І гэта велізарны крок наперад параўнальна з тым, што раней ён спасылаўся на 19 паказчыкаў, якія трэба выканаць. І гэтыя лічбы нікога ўжо ня радуюць: усе разумеюць, што гэта лічбы надзіманыя, за якімі хаваецца вельмі жорсткі крызіс, які заходзіць у беларускую хату, у беларускі бюджэт. І тое, што ні міністэрства фінансаў, ні міністэрства эканомікі, ні Нацбанк ня могуць запрапанаваць выйсьце з крызісу, кажа пра інтэлектуальную патэнцыю ўраду. Трэба проста адкрыта сказаць пра стан беларускай эканомікі і папрасіць дапамогі ў беларускіх экспэртаў. А так гламуру і глянцу яшчэ хопіць на БТ, але для таго, каб раздаць заробкі і пэнсіі — ужо ня хопіць.

Карэспандэнт: Дарэчы, напярэдадні былі агучаны лічбы Міжнароднай арганізацыі працы, якая падае, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі перавышае афіцыйны паказчык у 5—6 разоў. Але чаго чакаць далей? Ці ўдасца ўладам стрымаць беспрацоўе?

Раманчук: Калі палічыць добра і палічыць тых людзей, які вяртаюцца ў краіну, гадзіны працы, якія страчвае наша эканоміка, бо няпоўны працоўны дзень альбо адпачынкі без аплаты, то 2009 год у нас будзе годам 10-адсоткавай інфляцыі, і гэта будзе сьведчыць, што структурны крызіс увайшоў ужо ў дом. Нельга даручаць міністэрствам працы ці эканомікі ствараць працоўныя месцы, бо гэта ня праца чыноўнікаў. Адзіны рэсурс, каб зрабіць рэформу рынку працы, зрабіць новыя месцы працы — гэта лібэралізацыя бізнэсу, прадпрымальнікаў, скасаваньне ўсіх забаронаў наконт найманьня людзей...

Карэспандэнт: Што азначае для эканомікі пададзеная Сяргеем Сідорскім інфармацыя пра тое, што палова прадпрыемстваў ужо ходзіць на кароткі тыдзень? Дарэчы, нават Менскі аўтазавод у панядзелак зноў прастойваў... Гэта вынік усясьветнага крызісу ці дзейнасьці ўраду?

Раманчук: Безумоўна, ёсьць зьнешнія фактары таго, што не купляюць, што цана на нафту, калійныя ўгнаеньні, мэталы ўпала. Але трэба было, каб урад у жніўні-верасьні мінулага году пачаў на гэта рэагаваць, а не рабіць выгляд, што ўсё добра, і заганяць трыльёны рублёў у інвэстыцыйныя праекты, на склады тавараў, якія сёньня ніхто не купляе. Некампэтэнтнасьць ураду паглыбляе крызіс. Робіць выйсьце з крызісу для людзей, якія звальняюцца, больш балючым, а шанцы Беларусі на тое, каб першай выйсьці з крызісу, яшчэ менш рэальнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG