Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае мяса ў Расеі — пад забаронай


СЛУХАЦЬ:


ГОМЕЛЬ

З той прычыны, што Расея абмежавала пастаўкі мяса зь Беларусі, яго запасы няспынна павялічваюцца. На Гомельшчыне, як сёньня афіцыйна паведамлена, у лядоўнях мясакамбінатаў назапашана больш за 4 тысячы тон мяса на суму 50 мільярдаў рублёў.

Патлумачыць сытуацыю “Свабода” запрасіла начальніка Гомельскай абласной вэтэрынарнай станцыі Віктара Курапатава. Яго меркаваньне:

Найбольшыя прэтэнзіі — да Жлобінскага мясакамбінату

“У нас зачыненыя два прадпрыемствы паводле праверкі якасьці прадукцыі расейскім бокам. Але гэта яшчэ ня сьведчыць, што там вырабляецца дрэнная прадукцыя. На ўсіх нашых прадпрыемствах ажыцьцяўляецца рэгулярны штодзённы кантроль. На кожны від прадукцыі афармляецца сэртыфікат якасьці”.

Найбольшыя парушэньні вэтэрынарны кантроль Расеі выявіў на Жлобінскім мясакамбінаце. Як лічыць тутэйшы жыхар Марат Афанасьеў, прадукцыя прадпрыемства — сапраўды сумнеўнай якасьці:

“Вось я толькі што з рынку. Пакупнікі набываюць пераважна слуцкую і быхаўскую прадукцыю. Асабліва пасьля чутак, што мяса не зусім якаснае, што дабаўкі ў ім ёсьць. Словам, шмат нараканьняў”.

Са словаў суразмоўцы, з-за праблемаў, зьвязаных зь якасьцю прадукцыі, на Жлобінскім мясакамбінаце не спыняюцца кадравыя ператрусы:

“Зьнялі Кузьмянкова — прызначылі Камісарчыка. Пасьля прыйшоў Шчарбінок. Цяпер вось новы — Лукашэвіч. Словам, праблемаў вельмі шмат”.

МАГІЛЁЎ

Таксама ў гэтыя дні цярпяць страты Магілёўскі і Бабруйскі мясакамбінаты. Паведамляе Андрэй Белагубаў.

На беларуска-расейскай мяжы затрыманы 55 тон прадукцыі гэтых прадпрыемстваў. Пра падрабязнасьці парушэньняў паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік.

“Магілёўскі мясакамбінат вывозіў у Расею 35 тысяч 324 кіляграмы ялавічыны. Спынілі з прычыны таго, што адбіткі клеем на паўтушках былі нечытэльныя. Затрымлівалі й дваццаць тон бабруйскай сьвініны. У вэтэрынарным пасьведчаньні не было зьвестак пра дасьледаваньне мяса на трыхаманоз”.

Апраўдваюцца мясьнікі з Магілёва і Бабруйску

На магілёўскім мясакамбінаце дзеяньні расейскіх мытнікаў лічаць беспадстаўнымі:

“Гэта такое стаўленьне да Беларусі. Будзем казаць, нэгатыўнае. Была каманда зьверху, напэўна. Гэта абарона рынку такая. Не зусім правільная абарона рынку. Яны ўжо баяцца там, што мы задушым іх сваёй прадукцыяй і іхняя прамысловасьць будзе незапатрабаванай”, — тлумачыць сытуацыю прадстаўнік Магілёўскага мясакамбінату.

“У нашым пасьведчаньні было напісана, што прадукцыя прайшла вэтэрынарны кантроль у поўным аб’ёме. Расейскім жа памежнікам не спадабалася, што мы не дапісалі, што сьвініна дасьледаваная на трыхаманоз. Ну, мы дапісалі...”

“Расея стамілася ад няякаснай беларускай прадукцыі”

Эканаміст Пётар Мігурскі карані праблемаў бачыць у іншым. Ён цьвердзіць, што некаторыя беларускія мясакамбінаты маюць не зусім добрую рэпутацыю на расейскім рынку:

“Расея стамілася ад няякаснай беларускай прадукцыі. На сёньняшні дзень Расея мае магчымасьць выбіраць і па коштах, і па якасьці ня толькі ў свайго так званага саюзнага партнэра, але і ў вытворцаў зь іншых краінаў. У Расеі сталі больш жорсткія патрабаваньні да розных мікрадабавак. У Беларусі ж мы на іх папросту не зьвяртаем увагі”.

ГОРАДНЯ

На Слонімскім мясакамбінаце на Гарадзеншчыне ад спыненьня гандлю з Расеяй утварыліся запасы сьвініны — каля 400 тон. Прычыны высьвятляў журналіст Міхал Карневіч.

Падобная сытуацыя з рэалізацыяй сьвініны і на Ваўкавыскім мясакамбінаце.

Тлумачыць загадчыца зьнешнеэканамічнага аддзелу Слонімскага мясакамбінату Эльжбета Бранцэвіч:

“Слонімскі, як і гомельскія мясакамбінаты, закрыты расейскім вэтнаглядам на падставе таго, што ў мясе знойдзены нейкія дробныя адсоткі антыбіётыкаў. Згодна з дакумэнтамі, гэта не дапускаецца, і таму мы закрытыя для паставак на экспарт”.

Гарадзенскі мясакамбінат перапрацоўвае сьвініну, якая не прайшла кантроль у Расеі

Спадарыня Бранцэвіч кажа, што выправіць сытуацыю хутка ня ўдасца, бо гэта не такі просты працэс. Да таго ж у Беларусі, зь яе слоў, наагул не існуе такіх лябараторый, каб выявіць рэшткавыя колькасьці антыбіётыкаў у мясе.

“Сьвініну пакуль нікуды не прадаём, 400 тон сьвініны на складзе, — кажа Эльжбета Бранцэвіч. — Праўда, тэрмін яе захоўваньня пакуль не прымушае нас турбавацца. Больш за тое, стала вядома, што ад 2 сакавіка забаронены імпарт сьвініны ў Беларусь, і гарадзенскі мясакамбінат ужо грузіць нашу сьвініну для перапрацоўкі”.

Адмаўляюцца ад беларускага мяса Ўкраіна, Казахстан, Армэнія, Іран

Спадарыня Бранцэвіч кажа, што яны даўно ўжо шукаюць новыя рынкі збыту ва Ўкраіне, Казахстане, Армэніі, Іране, але пакуль нічога не ўдаецца.

“Пакуль не праходзім мы нідзе, цана не дазваляе. І ўсё гэта пакуль у стадыі распрацовак, дасьледаваньняў. Кошты нашы высокія”.

Са слоў суразмоўніцы, сьвініну, якую адмаўляюцца браць у Расеі, перапрацоўваюць для ўнутранага рынку. Вэтэрынарны лекар Раман Юргель, які доўгі час працаваў на гарадзенскім мясакамбінаце, кажа, што цяпер у Расеі ёсьць сучасныя лябараторыі. Таму натуральна, што суседзі адмаўляюцца ад мяса, якое пагражае здароўю чалавека. А што ж застаецца беларусам? Раман Юргель:

“Мы -- нашчадкі Савецкага Саюзу, і я памятаю, як яшчэ мяса дастаўлялі, з радыяцыяй у тым ліку, і на гарадзенскі мясакамбінат. Існавала норма — 3% яго можна было зьмешваць з нармальным і перапрацоўваць. Думаю, што такія нормы ў нас засталіся дагэтуль”.

Паводле апошніх зьвестак Фэдэральнай службы вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі, у сьвініне ААТ “Белавескі” (Камянецкі раён, Берасьцейшчына) знойдзены антыбіётык доксыцыклін.

Мэдычная энцыкляпэдыя тлумачыць, што “Доксыцыклін — гэта тэтрацыклінавы антыбіётык. Ён змагаецца з бактэрыямі”. Ён можа таксама выклікаць разбурэньне эмалі зубоў, шкодзіць здароўю цяжарных, парушаць абменныя працэсы ў арганізьме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG