Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаецца завод у Бабруйску


Унітарнае прадпрыемства “Магілёўэнэрга” прадае бабруйскі завод драўнянавалакністых плітаў. Неабходныя дакумэнты ўжо дасланыя на ўзгадненьне ва ўрад Беларусі.


Кіраўніцтва “Магілёўэнэрга” свой намер выставіць на аўкцыён бабруйскае прадпрыемства тлумачыць ягонай стратнасьцю. У Бабруйску гэта пакуль першы выпадак, калі заяўляецца пра продаж заводу.

Самі работнікі завода пэўнасьці наконт сваёй будучыні ня маюць і ўстрымліваюцца ад камэнтароў:

“У нас галоўнае прадпрыемства — “Магілёўэнэрга”. Вось як яны пастанавілі, так яны й зробяць. А мы нічога ня ведаем. У нас на заводзе цішыня”, — паведаміла прадстаўніца адміністрацыі.

Афіцыйныя крыніцы ўжо пасьпелі паведаміць, што бабруйскі завод нібыта прадаюць украінцам. У Ленінскім райвыканкаме Бабруйску гэтую інфармацыю абвяргаюць. Гаворыць прадстаўніца райвыканкаму:

“Пытаньне вырашаецца ўжо другі год, аднак пакуль ніякіх канкрэтных вынікаў гэта не дало. На прадпрыемстве сапраўды сытуацыя цяжкая. Там складзкія запасы дужа вялікія. Леташнія запасы прадпрыемства не дазваляюць абаротныя сродкі вяртаць. Там два цэхі, адзін працуе, другі не”.

Бабруйскае прадпрыемства аддалі за даўгі магілёўскім энэргетыкам у 1996 годзе. Намер прадаць завод там пацьвярджаюць і спадзяюцца гэта зрабіць ужо сёлета:

“На сёньня ўсе дакумэнты знаходзяцца ў Савеце міністраў. Савет міністраў рыхтуе распараджэньне на подпіс кіраўніку дзяржавы аб тым, каб выставіць яго на аўкцыён”, — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі “Магілёўэнэрга”.

Паводле суразмоўцы, бабруйскі завод прыносіць страты галаўному прадпрыемству:

“У сувязі з сусьветным крызісам попыт на драўнянавалакністыя пліты ўпаў. Мы прадавалі шмат на Ўкраіну. У сярэднім працэнтаў пятнаццаць, а то й дваццаць. Цяпер на Ўкраіне не прадаём ніводнага мэтра. Сёньня з абаротных сродкаў “Магілёўэнэрга” выдзяляем на заробкі й жыцьцядзейнасьць”.

На Ўкраіне беларускія драўнянавалакністыя пліты неканкурэнтаздольныя:
калі ўкраінцы нам не дазволяць зьнізіць цэны на продаж, нашы ўвядуць антыдэмпінгавыя захады да іх цукерак...

“Яны нас абмежавалі па цане. Празь Міністэрства замежных спраў мы дамовіліся пра тое, што калі яны нам не дазволяць зьнізіць цэны на продаж, нашы ўвядуць антыдэмпінгавыя захады да іх цукерак. Міністэрства эканомікі ўзяло час на роздум і паведаміла, што цягам сакавіка рашэньне будзе прынятае”, — заяўляе прадстаўнік “Магілёўэнэрга”.

Заява пра намер прадаць завод драўнянавалакністых плітаў пакуль адзіная ў Бабруйску. Пры канцы мінулага году ў абласным цэнтры зьбіраліся прадаць завод напіткаў “Вейнянский родник”. Аўкцыён тады не адбыўся, бо не знайшлося пакупнікоў.

Бабруйскі завод драўнянавалакністых плітаў — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў, якое вырабляе драўнянавалакністыя пліты на ўсёй постсавецкай прасторы. Прадукцыя экспартуецца ў васямнаццаць краінаў сьвету. Працуе на заводзе амаль сямсот чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG