Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў і Менск – разам у Эўропу?


Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сёньня на брыфінгу пракамэнтаваў выказваньні ўкраінскіх мэдыяў пра сустрэчу ў Кіеве сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Раісы Багатыровай зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Беларусі Юрыем Жадобіным.


У Кіеве пішуць, што на сустрэчы “была выказана агульная пазыцыя, што абедзьве краіны зьяўляюцца эўрапейскімі дзяржавамі як тэрытарыяльна, так і паводле культурнай, сьветапогляднай ідэнтычнасьці нашых народаў. Таму асноўным зьнешнепалітычным прыярытэтам дзьвюх краінаў застаецца поўнамаштабная інтэграцыя ў эўрапейскую супольнасьць”.

Андрэй Папоў ня бачыць у гэтым нечага надзвычайнага:

“Шчыра кажучы, я ня бачыў арыгінальнай цытаты. І мне цяжка сказаць, ці была яна насамрэч, ці гэта пэўная інтэрпрэтацыя ўкраінскіх журналістаў. Але магу сказаць, што, па вялікім рахунку, у гэтай цытаце няма нічога рэвалюцыйнага. Мы ніколі не адрыналі таго, што разьвіцьцё нармальных, узаемавыгадных і прагматычных дачыненьняў з Эўропай зьяўляецца адным з важных зьнешнепалітычных прыярытэтаў нашай краіны. Наяўнасьць такога прыярытэту абгрунтоўваецца і геаграфічным становішчам, і наяўнасьцю цэлага шэрагу сфэраў, дзе ў Беларусі і ў Эўразьвязе прысутнічае яўны ўзаемны інтарэс для разьвіцьця дачыненьняў. Таму, уласна кажучы, я ня бачу тут чагосьці рэвалюцыйнага і драматычнага.

Што тычыцца пераарыентацыі і да таго падобнага, дык мы пазьбягаем у нашай зьнешнепалітычнай рыторыцы нейкіх крайніх катэгорыяў, рэзкіх рухаў”.

Паводле афіцыйнага агенцтва БелТА, Юры Жадобін знаходзіўся з рабочым візытам у Кіеве. Ён абмеркаваў з сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Раісай Багатыровай магчымасьці двухбаковага разьвіцьця, а таксама шляхі вырашэньня праблемных пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях. Бакі таксама абмеркавалі эўрапейскі вэктар зьнешняй палітыкі дзьвюх краін у кантэксьце праграмы Ўсходяняга партнэрства.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС заўважыў, што зьнешняя палітыка Беларусі па-ранейшаму застаецца збалянсаванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG