Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі кухар: “Беларускі адолеюць крызіс”


Ад панядзелка і да канца тыдня беларусы адзначаюць масьленіцу — паганскае сьвята, якое таксама называецца сырным тыднем. Згодна з традыцыямі, усе гэтыя сем дзён людзі разьвітваюцца зь зімой, пякуць бліны і ходзяць адзін да аднаго ў госьці.

Кніга папулярнай амэрыканскай дзіцячай пісьменьніцы Фран Манушкін “How Mama Brought the Spring in Minsk” (“Як мама прынесла вясну ў Менск”) ня мае ніякага дачыненьня да масьленіцы, аднак прысьвечаная блінцам з тварагом. Дакладней, той цудадзейнай атмасфэры, якая панавала ў яе доме, калі гэтыя блінцы пякліся. Фран Манушкін мае беларускія карані. Выдадзеная нядаўна кніга стала вельмі папулярнай як у маленькіх, так і ў дарослых чытачоў. Сёлета выйшла яе другое выданьне — пад назвай “How Mama Brought the Spring”. Слова “Minsk” з назвы зьнікла, бо, паводле пісьменьніцы, “вясна пачала прыходзіць і ў амэрыканскія сем’і”, калі маці пачалі больш гатаваць самі для сваіх сямейнікаў.

Фран Манушкін нарадзілася ў 1942 годзе ў Чыкага. Паводле адукацыі яна выкладчыца. Дзіцячыя кніжкі пачала пісаць больш за 40 гадоў таму, пасьля таго як пераехала ў Нью-Ёрк.

Яе апошняя кніга, “How Mama Brought the Spring”, як і большасьць іншых яе твораў, напалову казка — напалову праўда. Аповед пачынаецца з таго, што халоднай зімовай чыкаскай раніцай маленькая Розі Левін ня хоча ўставаць з ложка, бо ёй холадна. І тады маці пачынае распавядаць ёй гісторыю пра бабуліны блінцы, якія пасярод халоднай беларускай зімы прынесьлі вясну ў горад Менск. З гэтага гораду, з гэтай краіны, расказвае маці, паходзіць шмат вядомых спартоўцаў, дужых і прыгожых.

Сама Фран Манушкін вельмі шкадуе, што ў часе працы над кнігай не знайшла шмат матэрыялаў пра Беларусь, якія былі б цікавыя яе чытацкай аўдыторыі. Давялося штосьці дадумаць і дадаць тое, што ёй калісьці расказвала ў Чыкага маці.

Манушкін: “Мая маці любіла пячы блінцы. Яны былі такія смачныя і вельмі далікатныя. Гэта быў цудоўны рытуал, якому яна навучылася ад сваёй бабулі. І бабуля, і маці — з аднаго беларускага мястэчка. Яны ня зь Менску, мне проста вельмі спадабалася гэтая назва. Слухаючы матчыны ўспаміны пра настрой, які панаваў на іх сямейнай кухні, і гартаючы старыя бабуліны рэцэпты, я ўяўляла сабе жанчын гэтай небагатай краіны. Яны ўмелі ладзіць сапраўдныя сьвяты для сваіх вялікіх сем’яў. Гэта можна параўнаць з тым, калі ў халодны і засьнежаны беларускі горад прыходзіць вясна. Гэта таксама дае мне разуменьне Беларусі, краіны, пра якую я ведаю, на жаль, вельмі няшмат. Дадам, што калі мама гатавала блінцы з тварагом у доме майго дзяцінства ў Чыкага, было такое адчуваньне, нібы вясна прыходзіла і ў гэты засьнежаны горад. Гатаваньне блінцоў з тварагом было цудоўным рытуалам”.

Паводле Фран Манушкін, пасьля выхаду кнігі пра блінцы з тварагом, да якой быў дададзены рэцэпт, яна атрымала ад чытачоў шмат лістоў. Дзяўчаткі і хлопчыкі пісалі, якія блінцы пачалі гатаваць іхныя маці і якія яны навучыліся пячы самі. Таксама на спадарыню Манушкін пачалі выходзіць прадстаўнікі шэрагу амэрыканскіх рэстарацыяў. Хтосьці з рэстаратараў нават выпусьціў лінейку замарожаных паўфабрыкатаў, куды ўвайшлі макароны з сырам і розныя гатункі блінцоў. Кухар аднаго зь сіетлскіх рэстаранаў, чые карані таксама зь Беларусі, Робі Левэнталь, пазнаёміўшыся з рэцэптам бабулі спадарыні Манушкін, назвала блінцы з тварагом “габрэйскай вэрсіяй францускіх эклераў”. Левэнталь пачала гатаваць гэтую страву, і неўзабаве тая зрабілася ў маленькіх і дарослых наведнікаў яе рэстарану адной з улюбёных.

Левэнталь: “Я ня ведаю нікога, хто б не любіў блінцоў. Іх можна есьці і на сьняданак, і на абед, і на вячэру. Я зь мястэчка на паўночным захадзе Беларусі. І калі хтосьці з эмігрантаў кажа, што Беларусь — гэта бульба, я плюю таму ў вочы. Я кажу: у Беларусі майго дзяцінства на пустым месцы і зь нічога гатавалі самую разнастайную ежу. Гэта была сумесь некалькіх нацыянальных кухняў: беларускай, расейскай, габрэйскай, польскай, літоўскай. Напрыклад, гарачы суп з буракоў, дранікі, бульбяныя зразы, фаршмак, куры, фаршыраваныя ўсім, у тым ліку блінамі, штрудэль, тэйглах. А таксама аладкі, якія нельга блытаць з блінамі, а бліны з блінцамі. Я ня бачыла чалавека, якому б гэта не падабалася”.

Робі Левэнталь лічыць, што беларускі, якія перанялі сакрэты кулінарыі ў сваіх бабуляў і прабабуляў, ніколі не прападуць у жыцьці і адолеюць любы крызіс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG