Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту не пайшлі ў Палату


На сустрэчы дэлегацыі Эўрапарлямэнту з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ і грамадзянскай супольнасьці
На сустрэчы дэлегацыі Эўрапарлямэнту з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ і грамадзянскай супольнасьці
Сёньня адбываецца аднадзённы візыт у Менск дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту. Яе ачольвае дэпутат Крыстафэр Бізьлі зь Вялікай Брытаніі. У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць парлямэнтары Лайма Андрыкене (Літва), гішпанец Хасэ Хавіер Памэс Руіс і польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч — кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю. У Менску яны праводзяць шэраг сустрэчаў.



Ініцыятар гэтай паездкі Лайма Андрыкене сказала “Свабодзе”, што дэлегацыя прыехала, каб пазнаёміцца з сытуацыяй. Да абвешчанай афіцыйным Менскам “лібэралізацыі” у многіх дэпутатаў Эўрапарлямэнту такой магчымасьці не было.

Спадарыня Андрыкене заявіла Свабодзе, што яна спадзяецца на далейшыя пазытыўныя зьмены ў Беларусі:

Наш інтарэс вельмі просты: гэта — незалежная і стабільная Беларусь.
“Я думаю, што гэтая надзея рухае нас усіх наперад. Мэты можна дасягнуць, толькі калі размаўляеш зь людзьмі. Не размаўляючы, не кантактуючы, цяжка нечага дамагчыся. І я вельмі задаволеная, што сюды прыехала. Наш інтарэс вельмі просты: гэта — незалежная і стабільная Беларусь”.

Візыт пачаўся сустрэчай эўрапейскіх дэпутатаў з кіраўнікамі місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. А далей папярэдні варыянт пляну знаходжаньня дэлегацыі ў Менску пачаў мяняцца. Спачатку зь яго зьнікла сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Затым — супольны абед, дзе за адным сталом меркавалася сабраць міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, кіраўніка руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча і старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну.

Паводле апошніх заяваў, МЗС Беларусі ўвогуле ня лічыць гэты візыт эўрадэпутатаў афіцыйным. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў зазначыў, што магчымасьць афіцыйнай сустрэчы кіраўніка Сяргея Мартынава з дэпутатамі Эўрапарлямэнта не абмяркоўвалася, і што “ў цяперашніх умовах яны могуць прыехаць у прыватным парадку, іх візыту ніхто не перашкаджае”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што шмат якія няяснасьці гэтага візыту зьвязаныя з жаданьнем беларускіх уладаў наладзіць абавязковую сустрэчу эўрапейскіх дэпутатаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Аднак замежныя парлямэнтары ад яе адмовіліся.

А аналітык Алесь Лагвінец падкрэсьлівае: “Эўрапейскі парлямэнт вельмі актыўна цікавіцца беларускай сытуацыяй. Ён прымаў шматлікія рэзалюцыі. І можна так сказаць, што Эўрапарлямэнт у нечым задае такі кантэкст рашэньням. Хаця відавочна, што асноўныя рашэньні прымаюцца дзяржавамі-чальцамі Эўразьвязу і Эўрапейскай камісіяй”.

Працягнуць яшчэ на шэсьць месяцаў цяперашні стан — магчыма, гэта будзе аптымальнае рашэньне.
Эўрапейскія дэпутаты ўжо правялі размовы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўных мэдыяў. Удзельнік сёньняшняй сустрэчы, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец сказаў “Свабодзе”, што “гэтыя дэпутаты добра валодаюць сытуацыяй”:

“Гэта людзі, якія ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Ім патрэбныя толькі агульныя рэкамэндацыі. Мы ня лічым, што цяпер трэба адмяняць усе санкцыі, то бок адмяняць іх цалкам. Мы ня лічым таксама, што трэба вяртаць санкцыі назад. Нам здаецца, што пакуль незразумела, пакуль няясна, наколькі далёка гатовыя ўлады зайсьці ў працэсе лібэралізацыі. Таму працягнуць яшчэ на шэсьць месяцаў цяперашні стан — магчыма, гэта будзе аптымальнае рашэньне”.

Позна ўвечары дэлегацыя эўрапарлямэнтароў пакіне Беларусь, перад гэтым правёўшы прэсавую канфэрэнцыю. Падрабязнасьці зь яе — пазьней у нашым эфіры і на сайце Свабоды.



Фотарэпартаж з сустрэчы эўрадэпутатаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўных мэдыяў


Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко, віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна


Кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Крыстафэр Бізьлі


Дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч не ўпершыню ў Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG