Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пробашч Чырвонага касьцёлу стаў паэтам


Уладзіслаў Завальнюк
Уладзіслаў Завальнюк

У рыма-каталіцкай парафіі сьвятых Сымона і Алены ў Менску выйшла кніга “Так хацеў Бог!”, прысьвечаная фундатару Чырвонага касьцёлу Эдварду Вайніловічу.

Адметнасьць выданьня ў тым, што ягоны аўтар — ксёндз-магістар і пробашч гэтага касьцёлу Ўладыслаў Завальнюк дэбютаваў як паэт. Кніга напісана ў жанры паэмы-казані, у якой услаўляецца духоўны подзьвіг Эдварда Вайніловіча і распавядаецца аб гістарычнай спадчыне Беларусі.

На амаль трохстах старонках кнігі — вершаваная гісторыя Чырвонага касьцёлу ад першага каменя, закладзенага 25 верасьня 1906 году, і да нашых дзён. Яна густа замешаная на малітве і духоўным роздуме пра імгненнасьць зямнога гасьцяваньня і вечнасьць душы, якая імкнецца да Бога.

Рэдактарка і аўтарка прадмовы да кнігі кандыдатка філялягічных навук Ала Сакалоўская кажа, што казані ксяндза Ўладыслава Завальнюка пад час набажэнстваў заўсёды вылучаліся асаблівай шчырасьцю, блізкай да паэзіі. Многія памятаюць яго прамыя эфіры ў праграме “Голас душы”, якая шмат гадоў гучала з Чырвонага касьцёлу. Так што паэтычны дэбют айца Ўладыслава ня стаў для спадарыні Сакалоўскай нечаканым.

Яна напісаная ў такой вельмі арыгінальнай форме — так як ліліся ў яго думкі, думкі ад душы, ад сэрца.
“Гэтая паэма вельмі павучальная. Яна напісаная ў такой вельмі арыгінальнай форме — так як ліліся ў яго думкі, думкі ад душы, ад сэрца. Дзе там ёсьць рыфма, а дзе там белы верш. І я думаю, што гэта і вельмі добра, і вельмі арыгінальна”.

Выданьне дапоўненае дакумэнтамі, зьвязанымі з гісторыяй Чырвонага касьцёлу і нядаўнім пераносам у яго праху Эдварда Вайніловіча, а таксама архіўнымі фотаздымкамі. Кнігу можна лічыць першай цаглінкай у вялікай праграме, задуманай айцом Уладыславам да стагодзьдзя з часу асьвячэньня Чырвонага касьцёлу, якое будзе адзначацца налета. Спадарыня Сакалоўская працягвае:

“Мы ўсе ведаем, што айцец Уладыслаў шчыруе ня толькі на сьвятарскай ніве, але шчыруе і на ніве беларушчыны і гэтая кніга — таксама пэўны ўнёсак у скарбонку беларушчыны”.

Літаратурны дэбют айца Ўладыслава высока ацаніў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, якому аўтар даверыў свой рукапіс на рэцэнзаваньне.

“Я лічу, што гэтая паэма-казань якраз адпавядае характару такому неспакойнаму айца Ўладыслава. Казань, зробленая ў паэтычнай форме, дужа кладзецца на сэрца кожнаму верніку і кожнаму, хто любіць паэзію, хто любіць беларускае слова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG