Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпла ў цэхах няма і ня будзе


Усе асноўныя вытворчыя цэхі Салігорскага завода жалезабэтонных канструкцый адключаны цяпер ад ацяпленьня з кацельні. На працоўных месцах тэмпэратура амаль такая ж, як на вуліцы.

Дырэктар завода ЖБК Сяргей Ермалінскі загадаў адключыць цяпло ў трох цэхах. У дырэктара на гэта свае разьлікі. Ён распавядае:

“Прыкладна каля 200 гігакалёрый неабходна на ацяпленьне штомесяц кожнага з гэтых цэхаў. Гэта значыць, што ў зімовы пэрыяд даводзіцца гаварыць пра сотні мільёнаў рублёў, якія б пайшлі на ацяпленьне гэтых цэхаў”.

Кожнае прадпрыемства выбірае свой шлях да эканоміі.
Як кажа дырэктар Сяргей Ермалінскі, яму вядома, што працоўнае заканадаўства забараняе трымаць людзей у холадзе. Але кіраўнік прыдумаў, як абставіць сваё рашэньне нібыта дэмакратычнымі пагадненьнямі са сваім калектывам.

“Безумоўна, што было б лепш працаваць, калі б тэмпэратура на вытворчасьці была плюс 15 градусаў, — тлумачыць Сяргей Ермалінскі, — але кожнае прадпрыемства выбірае свой шлях да эканоміі. Мы прайшлі па брыгадах, яшчэ раз патлумачылі гэтую сытуацыю. Мажліва, што так трэба было зрабіць раней. Але і зараз атрымалі падтрымку”.
Аднак няма цяпер спакою на Салігорскім заводзе ЖБК. Вось пра што заяўляе “Свабодзе” кіраўнік Менскай абласной арганізацыі незалежнага прафсаюзу РЭП Мікалай Пахабаў:

“Дырэктар Ермалінскі хітруе.
Як людзі паскардзіліся, на іх адразу пачаліся ганеньні.
Ён фактычна зьядае тых людзей, якія накіравалі скаргу ў санэпідэмстанцыю, працоўную інспэкцыю і ў пракуратуру. Як яны напісалі, а гэта сябры нашага прафсаюзу, то адразу на іх пачаліся ганеньні. Да іх прыдзіраюцца майстры, намесьнікі начальнікаў цэхаў. Пішуць на іх дакладныя. Ад крыўды людзі тэлефануюць мне і ўдзень, і ўвечары, і раніцай”.

Мікалай Пахабаў таксама паведаміў пра рашэньне прэзыдыюму незалежнага прафсаюзу РЭП абараняць сваіх сябраў з Салігорскага заводу жалезабэтонных канструкцый:

“Мы накіравалі пісьмовыя звароты да міністра працы і сацыяльнай абароны Патупчыка, таксама ў пракуратуру Менскай вобласьці, што літаральна парушаюцца правы людзей на працы.

Таксама сёньня афіцыйна зьвяртаемся да дырэктара Салігорскага заводу ЖБК Ермалінскага, што будзем абараняць пакрыўджаных ім людзей як сябраў першаснай прафсаюзнай арганізацыі РЭП“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG