Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас, беларусоў, няма свабоды слоў”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 лютага, аўторак.

Зьбіцьцё ўдзельнікаў акцыі на дзень сьвятога Валянціна ў Менску — адна з тэмаў, якую працягваюць камэнтаваць слухачы “Свабоды”:

Ларыса, Менск: “Няўжо міліцыянты самі зьбіваюць моладзь? Ёсьць загад начальства. Чаму шэсьце забаронена, калі людзі ідуць мірна? Фактычна маладыя міліцыянты зьбіваюць сваіх аднагодкаў — гэта ненатуральна з пункту погляду маралі. Тут дзейнічаюць зьвярыныя інстынкты. А яшчэ зьбіваюць дзяўчат. Няўжо гэта адзіны мэтад узьдзеяньня? Чаму вучаць іх у школе міліцыі?”

Спадар: “Да ўладаў Рэспублікі Беларусь. Трымайцеся закону і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і не рабіце зла грамадзянам супраць закону, супраць Канстытуцыі”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Хто з нас у дзяцінстве ня марыў быць капітанам? Такая мара, мабыць, была і ў Аляксандра Рыгоравіча. І вось у 1994 годзе яго мара зьдзейсьнілася — ён стаў капітанам карабля пад назвай Беларусь. І вось амаль 15 гадоў вандруюць у адкрытым моры. А мы, 10 мільёнаў пасажыраў, апынуліся ў якасьці закладнікаў. А такая вандроўка вельмі небясьпечная як для капітана, так і для тых, хто знаходзіцца на караблі”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Вадзім Шаргей, Менск: “У мяне пытаньне да кіраўнікоў БНФ: Ці існуе звычайная працэдура ўваходжаньня ў шэрагі сяброў БНФ? Калі існуе, то растлумачце, якая яна. Бо я яшчэ ў кастрычніку зьвяртаўся на сядзібу БНФ, запаўняў анкету, у якой указваў усе свае дадзеныя, але ж да мяне дагэтуль ніхто не патэлефанаваў. Складаецца ўражаньне, што вам наогул не патрэбныя новыя сябры”.

Адказвае намесьнік старшыні партыі Уладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч
“У адпаведнасьці з законам і нашым статутам, у партыю можа ўступіць асоба, якая дасягнула 18 год і напісала адпаведную заяву. Пасьля гэтая заява разглядаецца аргструктурай партыі ці ўправай. Калі ў паважанага спадара зьявіліся пытаньні, то прапаную яму зьвярнуцца непасрэдна да мяне як сакратара партыі і абмеркаваць пытаньні”.

Далей выказваньні на тэму мэдыяў у Беларусі.

Спадар, Барысаў:

“У нас, беларусоў,
Няма свабоды слоў.
Таму што нас душылі,
Душаць ізноў.
Па свабодзе слова мы маем у сьвеце 154 кепскую славу.
Хоць плач, яна будзе і тады, калі мы ўвойдзем у саюзную дзяржаву”.


Спадарыня: “Прашу афіцыйна паведаміць, як называецца закон аб СМІ і калі ён быў прыняты?”

Адказвае юрыст грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец
“Ён так і называецца — „Закон Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі“. Ён прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 году, адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня, падпісаны прэзыдэнтам 17 ліпеня, надрукаваны 8 жніўня і ўступіў у сілу 8 лютага 2009 году”.

Далей выказваньні на розныя іншыя тэмы:

Спадар: “Галасаваньне — гэта карупцыя ў законе. Выбарцы абіраюць чалавека, які потым заплаціць ім нейкімі дабротамі”.

Спадар: “Адбылася школьная рэформа. Цяпер масавыя скарачэньні, няпоўны працоўны дзень, гастарбайтэры вяртаюцца. А ўлетку выпусьцяць яшчэ 200 тысяч навучэнцаў навучальных установаў. Што яны будуць рабіць?”

Яцкевіч: “Цікавая думка, што калі Эўразьвяз дасьць нейкія капейкі, каб гэтыя капейкі пайшлі і на тых, каго звольнілі з працы. З аднаго боку, гэта вялікі сорам, а з другога боку, гэты ўрад ня пройме ніякі сорам”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG