Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка: дзясяты дзень за кратамі


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка 9 дзён застаюцца пад арыштам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. Юры Лявонаў ад нядзелі ў турэмным шпіталі. Сустракацца з роднымі нікому з траіх не дазваляюць.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі. У мінулы аўторак павінна было разглядацца пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Мікалая Аўтуховіча.

Абвінавачаньне затрыманым дагэтуль не прад’яўлена. Згодна з заканадаўствам, гэта павінны былі зрабіць на трэці дзень утрыманьня, але тэрмін працягнулі да 10 дзён.

Адвакаты арыштаваных маўчаць і раяць пачакаць да заўтра. Праваабаронца Алег Воўчак разглядае некалькі магчымых варыянтаў разьвіцьця падзей.

Алег Вочак
Ён перакананы, што ў сьледзтва няма ніякіх канкрэтных фактаў віны затрыманых і магчыма, што заўтра іх вызваляць, хоць гэта й ня вельмі прыемна будзе тым, хто іх арыштоўваў:

Воўчак: “Калі яны ў нечым вінаватыя, дык няхай бы зрабілі нармальную прэс-канфэрэнцыю, паказалі б ускосныя доказы віны. Ніхто ж ня кажа, што трэба раскрываць усё сьледзтва. Але вось так маўчаць... Тым больш ужо адзін чалавек у шпіталі. Гэта ж усё робіцца на нэрвах”.

Алена Аўтуховіч і Юля Лявонава пісьмова зьвярталіся да сьледчага, каб атрымаць дазвол на сустрэчу з мужам і бацькам, але сьледчы адразу ім адмовіў.

Юля Лявонава кажа, што наагул ня ведае, як цяпер яе тата пачуваецца ў шпіталі, бо ня мае ніякай інфармацыі. Дзяўчына ўпэўненая, што заўтра яго павінны выпусьціць.

Сям'я Юрыя Лявонава. Дачка Юля і жонка Яўгенія
Лявонава: “Думаю, што ўсё будзе добра й тату заўтра адпусьцяць, бо яго няма за што там трымаць”.

Алена Аўтуховіч, жонка Мікалая Аўтуховіча, з крыўдай апавядае, што мясцовая раёнка якраз у дзень, калі сьвяткавалі вывад войскаў з Аўганістану (а ейны муж — былы воін-аўганец) напісала пра затрыманьне яе мужа й ягоных сяброў.

У газэце пералічвалася шмат злачынстваў, да якіх нібыта датычны ейны муж, але напрыканцы артыкула пісалася, што вядуцца сьледчыя дзеяньні й усё гэта спраўджваецца.

Да ўсяго, Алене Аўтуховіч даводзіцца сустракацца з абразьлівымі чуткамі, якія распускаюцца па горадзе.

Аўтуховіч: “Зайшла неяк у краму, а людзі пытаюцца, што там у вас здарылася. Маўляў, прыходзяць міліцыянты й распавядаюць, што ў яго знайшлі зброю, выбуховыя рэчывы й яму цяпер сьвеціць пажыцьцёвае зьняволеньне”.

Людміла Асіпенка, дачка трэцяга зьняволенага, у мінулую суботу пабралася шлюбам. Кажа, тата загадаў, каб не адмянялі вясельля. Зь яе слоў, папросту расьпісаліся, а калі вернецца тата, тады зробяць вясельле, як мае быць.



8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС разам з байцамі спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенку. У іхных кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗА.

Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы і падрывы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам яны нібыта помсьцілі за перасьлед іхнай фірмы. Пазьней БТ паведаміла, што пры ператрусах у затрыманых была знойдзена выбухоўка і агнястрэльная зброя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG