Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзем патрабаваць свабоды


Сёньня кіраўніцтва незарэгістраванага ў Беларусі “Маладога фронту” правяло прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную брутальнаму разгону сілавымі структурамі “Акцыі любові”. У шэсьці на Дзень закаханых 14 лютага ўзялі ўдзел некалькі соцень маладых людзей. Мерапрыемства не было дазволена ўладамі. У выніку гвалтоўных дзеяньняў спэцназу трое ўдзельнікаў шэсьця зьвярнуліся па мэдычную дапамогу ў шпіталь. Затрыманьняў не было.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што будуць скардзіцца на дзеяньні сілавікоў у пракуратуру і суд. Пацярпелыя дагэтуль ня могуць афіцыйна прайсьці працэдуру мэдычнага агляду.

Напярэдадні шэсьця 13 лютага суд Ленінскага раёну Менску за незаконны распаўсюд налепак прысудзіў Міколу Дземідзенку і Зьмітру Дашкевічу штрафы — адпаведна на 35 і 40 базавых велічыняў.

СЛУХАЦЬ:




Мікола Дземідзенка
Мікола Дземідзенка, адзін з кіраўнікоў сталічнай арганізацыі “Маладога фронту”, асабліва пацярпеў ад спэцназаўцаў. Аднак ні зьбіцьцё, ні грашовыя пакараньні не спыняюць яго і сяброў:

“Мы былі асуджаныя да штрафу. І трэба адзначыць, што гэта не такое ўжо мяккае пакараньне, калі ўлічваць ягоныя памеры.

Але мы хочам заявіць, што акцыі салідарнасьці з усімі палітвязьнямі — Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам — будуць працягвацца. Таксама мы абвяшчаем кампанію падтрымкі нашага сябра — Арцёма Дубскага. Будзем патрабаваць свабоды для яго — на вуліцы, у акцыях салідарнасьці зь ім, пэрформансах і гэтак далей”.

Цяпер маладафронтаўцы дамагаюцца мэдагляду свайго зьбітага сябра Паўла Кур’яновіча. Дзеля гэтага яны зьбіраюцца падаць скаргу ў пракуратуру. Але ці ўдасца гэта зрабіць? — задаецца пытаньнем Павал:

Павал Кур'яновіч
“Ёсьць даведка, у якой зазначана, што ў мяне гематома, сколатыя чатыры зубы. Я і мае сябры і сёньня зьвярталіся ў шпіталь. Але нам сказалі, што без накіраваньня ад РАУСу зьбіцьцё зьняць нельга. А ў РАУСе адмовіліся ўзяць заяву. Таму, што і як рабіць, пакуль дакладна невядома. Але мы ўсё роўна будзем падаваць скаргу як на дзеяньні амапаўцаў 14 лютага, так і на дзеяньні супрацоўнікаў РАУСу”.

Кіраўніцтва сілавых структураў цяпер тлумачыць свае дзеяньні супраць удзельнікаў моладзевай акцыі тым, што яны зьбіраліся каля станцыяў мэтро. А гэта, маўляў, пагражала бясьпецы мінакоў. Таму я спытаў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, ці разглядалася магчымасьці правесьці акцыю ў іншым месцы:

Зьміцер Дашкевіч
“Падаючы заяўкі на свае акцыі, якія праводзяцца каля мэтро звычайна (бо гэта цэнтар гораду), мы зьвяртаем увагу на тое, што ўлады праводзяць безьліч мерапрыемстваў каля станцыяў мэтрапалітэну. У іх удзельнічаюць тысячы і дзясяткі тысяч менчукоў. І міліцыі, аховы тады мы бачым напэўна менш, чым таго ж спэцназу на маладафронтаўскіх акцыях. Дык няхай гэты спэцназ выстаўляюць не для таго, каб біць дзяўчат і дзяцей, а каб ахоўваць выхады ў мэтро.

На акцыю 14 лютага мы падалі заяўку з колькасьцю ўдзельнікаў да 500 чалавек. І мы ня думаем, што гэтая колькасьць магла стварыць нейкія цяжкасьці. Тым больш, калі параўнаць з такой жа мінулагодняй акцыяй. Была тая ж самая колькасьць удзельнікаў, тое ж самае мірнае мерапрыемства, тыя ж самыя станцыі мэтро і праспэкт. Але ўсё было спакойна і акуратна, калі ўлада хацела правесьці гэта спакойна. Цяпер жа відавочна, што ўлада не жадала гэтага рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG