Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжкі выдае і прадае княгіня ВКЛ

  • Тацяна Поклад

Катэдральная плошча ў Вільні

Найбуйнейшы ў Балтыйскіх краінах Віленскі кніжны міжнародны кірмаш сёлета пачаўся беларускімі імпрэзамі.

Беларусь прадастаўленая і дзяржаўнымі выдавецтвамі і культурнай праграмай, арганізаванай Беларускай амбасадай у Літве, і незалежнымі аўтарамі і выдаўцамі, якія прыязджаюць самі.

Сёлетні Віленскі кніжны кірмаш, дзесяты па ліку, — юбілейны. Яго удзельнікі прадстаўляюць кнігі з розных кантынентаў. Аднак сёлета першы з чатырох дзён кірмашу быў днём беларускіх імпрэзаў, які пачаўся прэзэнтацыяй фотаальбома з нагоды 15-годзьдзя беларуска-літоўскіх дыпляматычных дачыненьняў.

Прывітаў прэзыдэнт

Пасьля ўрачыстага адкрыцьця беларускія стэнды наведаў прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус:

“Беларускія выданьні — частка агульнай эспазыцыі і я цешуся, што Беларусь зрабіла прыгожы ўнёсак у выставу”.

Летась Віленскі кніжны кірмаш наведалі каля 60 тысяч чалавек. Арганізатары экспазыцыі, якая займае каля 9 тысяч квадратных мэтраў і прадстаўляе тысячы выданьняў і 200 імпрэзаў, цьвердзяць, што фінансавы крызіс не паўплывае на колькасьць наведнікаў і сёлета цягам чатырох дзён іх будзе яшчэ больш.

“Беларусь тут так добра ведаюць”

Паэт, празаік, драматург, перакладчыца Раіса Баравікова прадстаўляла свае новыя кніжкі, але найбольш яе усьцешыў посьпех беларускіх мастацекіх і гістарычных выданьняў.

“Мы тут з самай раніцы, вельмі шмат людзей ужо было. Як цудоўна, што ў нас ёсьць гэты двухтомнік «Вялікае Княства Літоўскае», ім вельмі цікавяцца, як і «Старажытнымі замкамі», і нашымі мапамі. Дзіцячай літаратурай цікавяцца, і альбомамі. Вось альбом «Напалеон Орда» увогуле цэлы натоўп сабраў, ён такі вядомы у Вільні. У мяне проста дрыжыкі па целе прабягалі ад гэтага адчуваньня, што нашую беларускую культурную спадчыну, Беларусь тут так добра ведаюць”.

“Ніхто нічога не набывае…” ці “Купляюць і будуць купляць”?

Беларускія выданьні былі прадстаўленыя і незалежнымі аўтарамі, якія выдавалі свае творы з свой кошт. Побач са стэндамі беларускіх дзяржаўных выдавецтваў віленская паэтка Вера Хамянюк прэзэнтавала кнігу сваіх вершаў, якую выдала за свой кошт і прапаноўвала наведнікам набыць:

“Шкадую, што прыйшла. Нікому не патрэбна нічога. Колькі не пыталася ў каго ― ці патрэбная каму мая лірыка, — усе кажуць: «Ня трэба». Тысячу літаў заплаціла, каб выдаць сваю кніжку, але ніхто нічога не набывае”.

“Набываюць, і будуць набываць”, — далучаецца да размовы наведнік з Украіны: украінскі стэнд побач зь беларускім павільёнам. Выдавец са Львова Кацярына Шаўчэнка падыходзіць, каб сказаць сваё меркаваньне: “І у нас можна пачуць, што кнігі ― не патрэбны сёньня тавар. Гэта, вядома, ня так. Мажліва, у сувязі з крызысам набываюць кнігі трошкі менш, але кніжкі купляюць, і выдаўцы кніжкі выдаюць”.

Володымыр Брыскін зь Вінніцы, які прывёз свае кнігі, адзначае:

“У мяне добрыя уражаньні. Выданьні вартасныя, добрае афармленьне. На гэтым кірмашы людзей сапраўды шмат ― мы думалі спачатку, выставачны цэнтар недзе далёка ад цэнтру, хто тут будзе, а тут усё віруе. І тут жа кірмаш ― кніжкі можна набываць. У параўнаньні з Украінай, Беларусьсю кніжкі ў чатыры разы даражэй ― і купляюць. Як гарачыя піражкі хапаюць. Рэспэкт”.

Кніжкі выдае і прадае княгіня ВКЛ

Мінакі ня толькі глядзелі кнігі, але і распытвалі адну з гаспадыняў беларускага павільёна пра яе строй.

Загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры “Мастацкай літаратуры” пісьменніца Алена Масла прэзэнтавала беларускія выданьні ў адмысловым шляхетным уборы часоў Вялікога Княства Літоўскага.

“Канечне, існуе такое уяўленьне, што мы маем толькі народныя сялянскія строі. Яны сапраўды прыгожыя, і гэта прыемна, што іх ведаюць і пазнаюць. Але апрача таго мы маем шляхетныя нацыянальныя строі. Шляхецтва давалася воінам, а паўзь Беларусь войны праходзілі бясконца, так і сталася, што ў нас шмат хто меў шляхецтва. Кожны трэці ў нас шляхціц. Так што мы пашчыравалі разам з майстрамі Тэатру юнага гледача і пастараліся давесьці ў маёй асобе да вас княгіню ВКЛ”.

Вялікае Княства Літоўскае ― Вялікае Княства Паэзіі

У суботу на Віленскім кніжным кірмашы — чарговая акцыя міжнароднага праекту “Вялікае княства Паэзіі” — музычна-паэтычны пэрформанс, два ў адным: мовы і музыка Вялікага княства Літоўскага з удзелам беларускіх літоўскіх паэтаў і музыкаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG