Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі ў пошуках Lebensraum


Альгерд Бахарэвіч, фота AKASH
Альгерд Бахарэвіч, фота AKASH
bacharevic

Неяк увосень я выправіўся ў заапарк. Дзень быў працоўны, надвор’е паскуднае, ніводнага наведніка. Зьвяроў бянтэжыла мая самотная постаць. Узрушана ўзьняўся са свайго месца палінялы леў, стаў хадзіць туды-сюды, парыкваючы, быццам абдумваючы чарговую главу свайго турэмнага дзёньніка. Пранізьліва і юрліва крыкнула малпа. Нехта залопаў крыламі над самым вухам. Нясьпешна шпацыруючы між загонаў і клетак, я раптам прыйшоў да жахлівай высновы: у Беларусі занадта шмат пісьменьнікаў.

Кароткая біяграфія:

Альгерд Бахарэвіч – беларускі празаік. Нарадзіўся ў Менску. Аўтар шасьці кніг, апошняя зь якіх – раман “Сарока на шыбеніцы”. Жыве ў Гамбургу.
Самі пісьменьнікі, напэўна, з гэтым не пагодзяцца. Прынамсі, публічна сваю празьмерную прысутнасьць у краіне яны ніколі не прызнаюць. А калі і прызнаюць, то усё перакруцяць на свой капыл. “Вось якая мы нацыя”, скажа той-сёй пісьменьнік, “Праз аднаго – паэт або празаік. Сваёй прыналежнасьцю да такога таленавітага народу можна хіба ганарыцца”.

Няправільны саюз пісьменьнікаў, правільны саюз, літаб’яднаньні для тых, каму за дзесяць, гордыя ваўчкі-адзіночкі, правінцыйныя графаманы, сталічныя графаманы, амбітныя пэнсыянэры, вэтэраны-мэмуарысты, студэнткі філфакаў, лысыя барды, штатныя сатырыкі-гумарысты, паэты-песеньнікі, палітыкі і палкоўнікі, жывыя і мёртвыя, беларускамоўныя, расейскамоўныя, усе такія красамоўныя... Колькасьць пісьменьнікаў на душу насельніцтва ў Беларусі такая, што можна толькі пазайздросьціць гэтаму насельніцтву. У іншых краінах, не такіх багатых на таленты, сярэднестатыстычны чалавек можа жыцьцё пражыць і ніколі зь пісьменьнікам не сутыкнуцца. А сярэднестатыстычны беларус сустракае жывога пісьменьніка ледзь не штомесяц. Некаторыя нават часьцей.

Вось паджылая прыбіральшчыца, па заканчэньні працоўнага дня яна мые падлогі ў вялікім каменным будынку. Позьні зімовы вечар, прыбіральшчыцы хочацца дамоў. Яна ўжо вымыла ва ўсіх кабінэтах і залях і цяпер чакае, пакуль вызваліцца кабінэт №101, каб памыць і там. З сто першага кабінэта чуюцца крыкі і лаянка. Там засядаюць пісьменьнікі. Прыбіральшчыца ўздыхае. Яна даўно ўжо абмеркавала з вахторкай усе свае і яе хваробы, жарсьці новага тэлесэрыялу і сусьветны эканамічны крызыс, а дабрацца да падлогі сто першага так яшчэ і не змагла. Дзесяць вечара, адзінаццаць. Прыбіральшчыца падыходзіць да дзьвярэй і далікатна пачынае грукаць вядром, у спадзяваньні на прыроджаную чуласьць пісьменьніцкай душы. Не дачакаўшыся адказу, яна асьцярожна прыадчыняе дзьверы, заглядвае ў кабінэт і разумее, што прайграла. Бо іх з вахторкай тут двое, а пісьменьнікаў у тым зачараваным кабінэце – тысячы...

А вось, напрыклад, начальнік сярэдняй рукі. Кіруе ня самым важным цэхам на ня самым важным прадпрыемстве. Быў сабе начальнік як начальнік. Ніхто яго не любіў, але ж і да нянавісьці не даходзіла. Ды аднойчы з начальнікам здараецца дзіўная мэтамарфоза. Ён кідае сваю сьмярдзючую “Карону” і пераходзіць на люльку. Пасьля нарадаў у генэральнага ён нібы незнарок забывае на стале адзін і той нумар часопіса “Нёман”. Падчас размовы з галоўным інжынэрам ён усё часьцей спыняецца на паўслове і летуценна глядзіць у акно. Ён пачынае весьці дзёньнік і палохае жонку тым, што рэгулярна глядзіць па нядзелях перадачу “Вам слова, літаратар”. У аддзел кадраў з кур’ерам адпраўляецца абноўленая біяграфія начальніка, якая адрозьніваецца ад старой маленькай прыпіскай: “Член СПБ РБ”. Сваёй сакратарцы на дзень народзінаў ён сарамліва дорыць кніжачку ўласнага сачыненьня, з аўтографам (наклад у 200 асобнікаў абыйшоўся яму ў 500 даляраў). Ня будзем зь яго сьмяяцца, прыцішым дыханьне. На нашых вачох адбылося нараджэньне яшчэ аднаго Пісьменьніка.

Вось міліцыянэр знаходзіць пад лаўкай у парку п’янага і ўжо размахваецца нагой, каб выцяць таго па чырвоным носе. Але не, што гэта: п’яны дастае кніжачку і нешта мармыча. Аблом які, апускае шнураваную нагу міліцыянэр. Яшчэ адзін пісьменьнік, маць яго... Пісьменьнікаў міліцыянэр добра ведае. У ягонай вёсцы жыў адзін хлопец, дык цяпер па тэлевізары вершы чытае і прапіску мае ў сталіцы. Да анёльчыка падобны, імя нейкае бабскае: Янка Каласкоў. Міліцыянер і кніжку ягоную мае, ня памятае, праўда, як называецца, але ж на вокладцы карабельчык, дакладна.

Дыспрапорцыя паміж колькасьцю аўтараў і колькасьцю здольнага чытаць насельніцтва ў нашай краіне проста пачварная. Пісьменьнікі паўсюль. Вакол нас іх больш, чым душаў памерлых. Выйдзі на галоўны праспэкт у гадзіну пік, стань на калені, заплюшчы вочы і тройчы плюнь празь левае плячо. Двое з тых, у каго ты патрапіш, дадуць табе ў лыч, а трэці вытрэцца і пойдзе далей. Гэта і ёсьць пісьменьнік. Іх занадта шмат. Калісьці ў адным выдавецкім холдынгу я пабачыў ведамасьць, па якой аўтарам холдынгавых часопісаў і газэтаў выплочваюць ганарары. Колькасьць імёнаў уразіла, яна пераўзыйшла ўсе мае чаканьні. Па сваім аб’ёме ведамасьць цягнула на аповесьць. І гэта былі толькі тыя пісьменьнікі, якія друкуюцца ў холдынгавых выданьнях. Яны маглі б засяліць паўтары мікрараёны. Імёны, імёны, імёны... Дэбютанты, пачаткоўцы, пэрспэктыўныя, паважаныя, заслужаныя. Гэта трохі падобна на рэлігію. Кожны зь іх паклянецца, што чуў, як галоўнае Баство, Літаратура, сказала яму на вуха: “Пладзіся і размнажайся!”.

Спачатку вершык. Пра каханьне, пра што ж яшчэ. Нікому не паказваецца, хаваецца ў шуфлядзе, шчокі чырвоныя, пульс нестабільны. “У аднаго майго знаёмага ёсьць знаёмы, у якога ёсьць знаёмы, брат якога працуе ў часопісе...”. Паездка на ўскраіну горада, вырачанасьць на тварыку. Ручкі дрыжаць. Голас з-за стала: “Ндаа... Шчыра скажу: слаба. І мы, ведаеце, не друкуем па-расейску”. Крыўда. Сто пяцьдзесят грамаў у бліжэйшым кафэтэрыі. Пошукі сабе падобных. Злосьць. Маленькі зайздросьлівы ЖЖ.

У іншай краіне гісторыя б так і скончылася на гэтым месцы: самагубствам або заснаваньнем уласнага выдавецтва. Але толькі не ў Беларусі. Таму працягнем:

Вершык з шуфляды перакладаецца на белмову. Запісаная на дзесяцірублёвай купюры адрэса. Паездка ў цэнтр горада. Ручкі дрыжаць. Ціск скача. “Слабавата... Але друкуем!” Першы асобнічак маме, другі палюбоўніцы. Падборка. Яшчэ адна. Кніжачка. Паўтысячы баксаў садралі. “Вас тут не стаяла. Рассуньцеся, рассуньцеся, я тут займаў...” Заява на ўступленьне ў саюз, на дзіва хутка задаволеная. Тэлеперадачка “Вам слова, літаратар”, сямейны прагляд. Кніжачка з карабельчыкам у дзяржаўным выдавецтве. Слязьлівыя тэлефанаваньні рэдактарам. Дзейнічае, што цікава. Кніжачка ў цьвёрдай вокладцы. Паездка ў Маскву. Інтэрвію. “Мяне душылі, заціскалі, цкавалі...” Дзяржаўная прэмія. Збор твораў. Вершык з шуфляды ў школьнай хрэстаматыі. “Мы, калегі па пяру...” Прыемнае адчуваньне шматлікасьці сваёй сэкты. Перамога.

Літаратуры, якая ствараецца такім чынам, ніколі не спарадзіць нічога, апрача сваіх жа копіяў.

Мы ляцім па-над горадам і здымаем з дамоў дахі, нібы накрыўкі з рондаляў. Зазіраем унутр. Людзі пад накрыўкамі не заўважаюць гэтага. Яны занятыя, яны пішуць. Яны лічаць, у іх натхненьне. Чаму ў сучаснай Беларусі так шмат людзей мараць быць пісьменьнікамі, чаму такая процьма людзей называе сябе пісьменьнікамі? Напэўна, таму, што ім хочацца вярнуць сабе такім дзіўным чынам хаця б ілюзію пачуцьця ўласнае годнасьці, якое забрала ў іх дзяржава. Па савецкай інэрцыі яны лічаць, што статус літаратара ўзвышае іх у вачох астатніх. Да таго ж яны хітрыя і лянівыя людзі. Хітрыя, бо многія зь іх вельмі правільна адчулі бягучы момант: дзяржаве нецікава, маюць яны талент або не, дзяржава зацікаўленая ў наяўнасьці ляяльных, беспраблемных пісьменьнікаў, яна шукае хоць каго, хто б стаў на яе бок, і таму зрабіцца афіцыйна прызнаным цяпер ня так ужо й цяжка. Лянівыя, бо гэтым людзям ня хочацца ні працаваць на дзяржаву, ні даваць нырца ў небясьпечныя віры прыватнага прадпрымальніцтва. Ім хочацца пэцкаць паперу. Ім хочацца славы. Ім хочацца абмяняць шэрыя строі працоўных на багемныя апранахі. Прасьцей кажучы, ім хочацца сьвята на ўласнай вуліцы. А яшчэ яны, нікому не патрэбныя і нікому не цікавыя, прагнуць, каб на іх зьвярнулі ўвагу. Графаманія – гэта ня толькі паталягічнае жаданьне казаць, ня маючы сапраўднага голасу. Графаманія – гэта яшчэ і барацьба з адзінотай.

Гэтым людзям не адмовіш у пэўным розуме. Мастацтва, і ў прыватнасьці літаратура, дае чалавеку ўнікальную магчымасьць гуляць па ўласных правілах, самому ствараць сьвет і наноў засяляць яго. Іншае пытаньне, чаго мастацтва хоча ўзамен. Але ім няма справы да іншых пытаньняў. Іхны знак – ваяўнічы клічнік. Сытуацыя татальнае несвабоды, у якой апынаюцца беларусы, і ўласнае бясьсільле нешта зьмяніць вымушаюць многіх зь іх шукаць паратунку ў графаманіі. Магчыма, для многіх гэта адзіны прытулак, які прапануе ім дзяржава.

Хто-ніхто скардзіцца, што ў Беларусі мала літаратурных часопісаў. Дзіўна: пры такой колькасьці аўтараў так мала часопісаў. Аднак, калі прызадумацца, то разумееш, што часопісаў столькі, колькі мае быць. Чытацкія патрэбы такая колькасьць цалкам задавальняе. Яна не задавальняе гіганцкія патрэбы непамерна выраслага племені маленькіх і вялікіх (а насамрэч сярэдніх – што мусіць гучаць выракам) пісьменьнікаў, якія прадукуюць зашмат тэкстаў, каб іх можна было недзе надрукаваць і камусьці прачытаць, каб яны сталі чымсьці большым за проста тэксты. Таму яны так любяць інтэрнэт, гэтыя нявінныя істоты з вачыма Янкі Купалы.

Вядома ж, калі чалавек вырашае быць пісьменьнікам, ніхто гэтага яму не забароніць. І адстрэлам літаратараў цяпер займацца нямодна нават у Беларусі. Праўда, для натуральнага адбору ў гэтай краіне ўмоваў таксама няма – іх не зьявіцца, прынамсі, да таго часу, пакуль дзяржаўныя выдавецтвы і холдынгі не перастануць нарэшце прадукаваць з добрых і працавітых грамадзянаў пісьменьнікаў і паэтаў. Калі ж нехта з чыстага энтузіязму наважыцца ўсё ж заняцца адстрэлам, то прапаную яму пачаць зь мяне – хто-хто, а я дык шчыра скажу, што пачуваюся лішнім у гэтым заапарку.

Цалкам дарэчна было б мне запярэчыць: маўляў, я спрабую знайсьці адсутнасьць літаратуры там, дзе яе і ня можа быць. Але я пішу зараз не пра літаратуру. Я пішу пра пісьменьнікаў, а яны, як паказвае беларускі прыклад, не заўсёды маюць да літаратуры хоць якое-кольвечы дачыненьне. Часам хочацца падысьці да якога-небудзь паэта, аўтара зборніка “Тугі акукленая бель”, і ціха працытаваць Булгакава:

– ...Добрыя вашы вершы, скажыце самі?

– Жахлівыя, – раптам сьмела і шчыра прамовіў Іван.

– Не пішыце болей!..”

“Абяцаю і клянуся” – адказаў тады паэт Бяздомны. Аўтар “Акукленай белі” ніколі так ня скажа. Найверагодней мы пабачым у ягоных вачох дзіцячае неразуменьне:

ЧАМУ ІНШЫМ МОЖНА, А МНЕ – НЕ?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG