Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень Волі будуць патрабаваць абароны незалежнасьці і сацыяльных гарантыяў


Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у працы аргкамітэту. На брыфінгу кіраўнікі партыі БНФ, якія ўзялі на сябе ініцыятыву правядзеньня ўрачыстага шэсьця, паведамілі, што акцыя пройдзе перш за ўсё пад лёзунгамі абароны незалежнасьці краіны, а таксама пад лёзунгамі сацыяльнай абароны грамадзянаў на тле пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі паведаміў, што галоўным лёзунгам акцыі 25 сакавіка стане пытаньне незалежнасьці Беларусі:

“Што тычыцца акцыі 25 сакавіка, то ў зьвязку з тым, што яна праходзіць на фоне паглыбленьня эканамічнага крызісу, які, бясспрэчна, будзе толькі паглыбляцца ў бліжэйшыя гады, ёсьць адпаведныя карэктывы. Незалежніцкі акцэнт павінен быць першым акцэнтам, асабліва ў сувязі з тымі дзеяньнямі беларускіх уладаў, у зьвязку з падпісаньнем уладамі нейкіх таямнічых дамоваў, нікому невядомых. Але сацыяльныя моманты таксама будуць прысутнічаць”.

Вінцук Вячорка спаслаўся на “Белорускую военную газету”, у якой апублікаваныя ўмовы кіраваньня сумеснымі супрацьпаветранымі сіламі. Гэта будзе адзін з бакоў саюзнага пагадненьня. Спадар Вячорка нагадаў, што беларускае неба ўжо належыць расейскім вайскоўцам, і ў такіх умовах патрабаваньне абароны незалежнасьці краіны стаіць вельмі востра.

Віктар Івашкевіч распавёў, што цяпер ідуць перамовы з тымі прадпрымальніцкімі структурамі, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у акцыі і гатовыя ўзяць на сябе частку працы і адказнасьці за правядзеньне шэсьця.

Што ж тычыцца палітычных партый і суб’ектаў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, спадар Івашкевіч заявіў:

“На сёньняшні дзень, на маю думку, у іх ня гэтым галава затлумленая. Адны намагаюцца залезьці ў дарадцы Лукашэнкі ў розныя “саветы”, іншыя займаюцца прамоцыяй усходняга вэктару лукашэнкаўскай палітыкі. Не да масавых акцый пакуль што гэтым палітыкам.

Думаю, што, можа, жыцьцё расставіць усё па сваіх месцах. Ацэнку гэтым добраахвотным дарадцам Лукашэнка ўжо даў, як ён сам да іх ставіцца. Я думаю, што гэта шмат каго можа ацьверазіць у іхных плянах заняць месца каля паноўнай намэнклятуры, і людзі нарэшце зразумеюць, што крыніцай умацаваньня дэмакратычных сіл ёсьць беларускі народ. А не гешэфты і патаемныя перамовы з Лукашэнкам ці з эўрапейскімі і маскоўскімі палітыкамі”.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што, атрымаўшы санкцыю на правядзеньне акцыі, арганізатары пачнуць распаўсюджваць запрашэньні на прахадных заводаў. Калі ж дазволу ня будзе, яны ўсё роўна будуць весьці працу з рабочымі.

Адным зь лёзунгаў удзельнікаў акцыі стане патрабаваньне замарозіць дзяржаўнае фінансаваньне будаўніцтва і падтрымкі непрыбытковых аб’ектаў, якія ня маюць першачарговай сацыяльнай значнасьці (лядовыя палацы, “лінія Сталіна”, аграгарадкі і г.д.).

Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч

Акцыя 25 сакавіка адбудзецца ва ўмовах, калі большасьць менскіх прадпрыемстваў будзе працаваць на чатырох-трохдзённым працоўным тыдні. Пры гэтым адміністрацыя заводаў атрымлівае вялікія заробкі. Віктар Івашкевіч прывёў прыклад ЗША.

“Спадар Абама ўвёў абмежаваньні на заробкі для тых банкаў, якія атрымалі дзяржаўныя датацыі. Маўляў, калі атрымліваеце грошы ад дзяржавы, ня маеце права жыраваць. У нас, калі закрываецца прадпрыемства, калі людзей пераводзяць на трохдзённы працоўны тыдзень, чаму дырэктар павінен атрымліваць па 8—10 мільёнаў? Тое самае — супрацоўнікі міністэрстваў, выканкамаў і ўсе тыя, якія павінны арганізоўваць працу беларускай эканомікі”.

Заяўнікі акцыі паведамілі, што збор удзельнікаў шэсьця прызначаны на 18 гадзінаў каля прэзыдыюму Акадэміі навук. Адтуль дэманстранты маюць прайсьці калёнай па ходніках да Кастрычніцкай плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG