Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянтаў — назад у мэханізатары


Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 11 лютага.


Сёньня мы атрымалі шмат тэлефанаваньняў на тэму эканамічнага крызісу.

Cпадарыня: “Ня трэба Лукашэнку так ужо бэсьціць, таму што ён стараецца зрабіць нам штосьці. Дык няхай свабодаўцы скажуць, што трэба зрабіць, каб цяпер лепей было. Толькі ён вінаваты, а што трэба зрабіць? Ці каровы падаіць, ці купіць, ці прадаць? Ці ж мы вінаватыя, што нас бяда закранула з гэтымі грашыма і нашу прадукцыю ніхто не купляе? Дык гэта ж не Лукашэнка вінаваты”.

Cпадар: “Я катэгарычна супраць, як па вашым радыё тлумачаць, які стан эканомікі ў нас у рэспубліцы. Крызіс, крызіс, крызіс. По-мойму, вы і вашы госьці не разумееце, што такое крызіс. У нас крызісу няма, як у іншых капіталістычных краінах. У нас толькі наступствы крызісу, які выбухнуў у Амэрыцы і Эўропе. Амэрыка паціху будзе вылазіць, а ў Эўропе яшчэ доўга будуць далдоніць, таму што ў іх арыентацыя была кепская на даляр. Не пра крызіс трэба казаць, а пра ягоныя наступствы, які, канечне, нас закрануў, таму што мы ня можам збыць некаторую частку прадукцыі”.

Курневіч, Барысаў: “Лукашэнка — мужык хітры, гуляе нашым і вашым. Можа, сёньня Беларусі і патрэбны прэзыдэнт такі. Праўда, толькі кепска дбае, што ён па-беларуску не размаўляе. Няма роднага гербу, сьцягу, бо бязь іх беларусам наперад ні шагу”.

Ларыса, Менск: “Крызіс крочыць па ўсіх без выключэньня краінах. Наступствы яго невядомыя, і калі ён скончыцца, ніхто ня ведае. Доўгі час нам казалі ў СМІ, што ў нас мадэль гаспадараньня адрозьніваецца ад усіх краін, і нават некаторыя краіны хацелі пераняць нашу мадэль. Але ня тут тое было. Ну і цяпер мы ў крызісе. Гэта бачна, як мы бяром крэдыты, дзе толькі даюць: і ў Расеі, і на Захадзе. Цікава ведаць, куды пойдуць крэдыты, бо аддаваць прыйдзецца нашым дзецям. Хто адкажа на гэтае пытаньне?”

Адказвае эканаміст Зьміцер Бабіцкі:

“Выглядае на тое, што крэдыты пойдуць на падтрымку існуючай эканамічнай сыстэмы: на субсыдыяваньне прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, падтрымку нацыянальнай валюты. Малаверагодна, што крэдыты пойдуць на сур’ёзныя зьмены ў эканоміцы, рэфармаваньне, падвышэньне яе канкурэнтаздольнасьці”.

Наш слухач цікавіцца:

Вадзім Шаргей, Менск: “У мяне пытаньне: якія злачынствы лічацца службовымі ў нашай краіне? І ці можна прыцягнуць такіх чыноўнікаў да адказнасьці? Якім чынам?”

Адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

“Крымінальны кодэкс мае цэлы разьдзел пра службовыя злачынствы. Сярод іх: хабарніцтва, злоўжываньне службовым становішчам, перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнае стаўленьне да выкананьня службовых абавязкаў. За гэта заканадаўствам прадугледжаная сур’ёзная крымінальная адказнасьць. Зацікаўленая асоба мае права зьвярнуцца ў органы пракуратуры й паведаміць пра факты, якія, на думку заяўніка, сьведчаць пра злачынныя дзеяньні таго ці іншага чыноўніка. Папрасіць, каб завялі крымінальную справу”.

Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Cпадар: “На днях Сямён Шапіра, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, разумны чалавек, заявіў, што ў Беларусі не хапае 20% мэханізатараў. Як правіла, за трактар ці камбайн садзяцца маладыя людзі. Што атрымліваецца: гэтыя хлопцы вясковыя ідуць рабіць у міліцыю. І паглядзіш у Менску, што робіцца, маладыя хлопцы ходзяць з палкамі і ганяюць гэтых бабак, якія гандлююць семкамі ці цыбуляй. Ну, бабка ідзе гандляваць не ад няма чаго рабіць — не хапае ёй пэнсіі. А гэтыя хлопцы ідуць у 45 год на пэнсію, а потым знаходзяць добрую работу. А можа, іх вярнуць зноўку ў калгас? Няхай яны там паробяць, і гэтыя 20 адсоткаў будуць запоўнены, а наша народная гаспадарка папоўніцца добрым атрадам мэханізатараў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG