Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагэтуль невядома, у чым вінавацяць затрыманых у Ваўкавыску



Пра тое, што допыт адбыўся, нашаму радыё распавяла дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла.

“Сёньня тата даваў паказаньні сьледчаму ў прысутнасьці адваката, але паколькі адвакат давала падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва, то нам пакуль нічога не вядома. Наступным у сьледчага быў Сапелка — адвакат Аўтуховіча, і потым павінен ісьці адвакат Лявонава”.

Дагэтуль застаецца таямніцай, у сувязі зь якой крымінальнай справай затрымалі ваўкавыскіх актывістаў. Пакуль існуе адзіная вэрсія, якую агучвае праваабаронца Алег Воўчак: падпал лецішча былога ваўкавыскага міліцыянта.

Сёньня да гэтай вэрсіі дадаўся яшчэ й падпал дома падатковага інспэктара з Ваўкавыску. Афіцыйнай інфармацыі, нагадаю, дагэтуль няма.

Паводле юрыста Алега Воўчака, адметна тое, што па гэтых крымінальных справах ужо асудзілі людзей, якія цяпер адбываюць пакараньне.

Воўчак: “Я магу гэта расшыфраваць толькі так, што затрыманых рыхтуюць да нейкай іншай справы. Гэта толькі нагода, каб іх арыштаваць, а потым у іх нейкія іншыя пляны”.

Алег Воўчак лічыць, што й інфармацыі ніякай не падаецца толькі таму, што справа сфабрыкаваная й няма пра што казаць.

Заўтра затрыманым, паводле заканадаўства, павінны прад’явіць абвінавачаньні. Але, як зазначае Алег Воўчак, тэрмін могуць і працягнуць яшчэ на сем сутак.

Воўчак: “Такое ўражаньне, што некага падстаўляюць. Пабачыце, некага хутка здымуць з высокай пасады. Гэта вельмі няпростая справа”.

Нагадаю, што сёньня былыя палітвязьні Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Аляксандар Казулін распаўсюдзілі заяву, у якой патрабуюць неадкладна вызваліць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава й Уладзімера Асіпенку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG