Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будуць новыя дэвальвацыі?


Ад сёньняшняга дня Нацыянальны банк Беларусі пачынае штодзённы маніторынг сытуацыі на ўнутраным валютным рынку.

Нацыянальны банк рэкамэндуе банкам максымальна поўна задавальняць патрэбы суб’ектаў гаспадараньня ў замежнай валюце на небіржавым валютным рынку. Цягам апошніх двух месяцаў банкі набылі значную колькасьць замежнай валюты за кошт уласных сродкаў. Таксама памянялася структура попыту і прапановы, якая сьведчыць пра “ператок попыту з боку суб’ектаў гаспадараньня на таргі Беларускай валютна-фондавай біржы”. Тым часам адбылося “значнае павелічэньне прапановы замежнай валюты на небіржавым валютным рынку непасрэдна банкам”. Кожны банк штодня павінен інфармаваць аб прынятых мерах па назапашваньні сродкаў у валюце. А таксама аб прычынах, якія не дазволілі спаўна задаволіць попыт на замежную валюту суб’ектаў гаспадараньня на небіржавым валютным рынку. Камэнтуючы сытуацыю былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адзначыў:

“Ёсьць недавер да беларускага рубля. І таму любы банк хоча сябе абараніць ад будучых абвалаў. І хоча захаваць у сябе частку валюты. Гэта нармальнае жаданьне застрахавацца. А Нацбанк спрабуе, каб усё было выкінута на рынак. І спрабуе, я думаю, не зусім годнымі сродкамі. Рэквізаваць іх такім вось шляхам”.

Паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоля Драздова, асноўная частка валюты набываецца ў краіне на па-за банкаўскім рынку.

Мы хочам ведаць, якія зьдзелкі робяцца на па-за біржавым рынку
“І, натуральна, мы хочам ведаць, што адбываецца на гэтым сэгмэнце. Валюты ў краіне не хапае і таму трэба ведаць як яна карыстаецца, як яна траціцца, хто яе купляе, на якія мэты. Мы хочам ведаць, якія зьдзелкі робяцца на па-за біржавым рынку, на што нашы суб’екты гаспадараньня купляюць валюту. Па якім курсе гэту валюту прадаюць”.

Паводле эканаміста Аляксандра Чубрыка, пакуль цяжка сказаць, як будзе рэагаваць Нацбанк на курсы валют на па-за біржавым рынку.
“Калі ён будзе адаптаваць афіцыйны курс да гэтых курсаў, то гэта адна рэч. Калі не будзе, калі гэта будзе нейкі паралельны курс, гэта іншая рэч, гэта, фактычна, вяртаньне да сыстэмы множнасьці валютнага курса”.

Паводле Станіслава Багданкевіча, пачатак маніторынгу Нацбанкам выкліканы дэфіцытам валюты для аплаты імпарту і забесьпячэньня стабільнасьці абменнага курса.

Дэвальвацыю зрабілі, але трэба будзе зрабіць і другую дэвальвацыю, і, магчыма, трэцюю
“Краіна мае патрэбу ў выратаваньні, у сапраўднай антыкрызіснай праграме. А яна павінна складацца ў тым ліку з абмежаваньня рублёвай грашовай масы, каб не дапускаць вялізнай інфляцыі на рынку і падзеньня абменнага курса. Дэвальвацыю зрабілі, але трэба будзе зрабіць і другую дэвальвацыю, і, магчыма, трэцюю. Калі рэальныя меры па абмежаваньню грашовай масы, па свабодзе прадпрымальніцтва ня будуць рэалізаваны на практыцы ў Беларусі”.

Гаварыў былы старшыня Нацыянальнага баку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Раней Нацыянальны банк часова прыпыніў прадстаўленьне апэратыўнай статыстыкі па апэрацыях беларускіх банкаў у гандлі замежнай валютай з насельніцтвам, каб “лішні раз не хваляваць людзей у цяперашняй сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG