Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добры закон. Але запозьнены


1 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць заяўны прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі ўсіх суб'ектаў гаспадараньня, за выключэньнем банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый. Цяпер рэгістрацыя прадпрыемстваў павінна адбывацца за адзін дзень. Як гэта робіцца на практыцы.


Сёньня я больш за гадзіну правёў у Першамайскім райвыканкаме Менску. Ніякага ажыятажу не назіраў. Каля кабінэтаў супрацоўнікаў аддзелу прадпрымальніцтва і рэгістрацыі пытаўся ў кожнага: можа, хтосьці прыйшоў сюды спэцыяльна менавіта сёньня, каб зарэгістравацца лягчэй і прасьцей? Аднак такіх не знайшлося.

Дзяўчына і сярэдняга веку мужчына, якія атрымалі пры мне пасьведчаньні аб рэгістрацыі, кажуць, што здалі свае дакумэнты яшчэ ў студзені. Ірына ўдакладняе:

“А мы свае заявы яшчэ да гэтага закону напісалі”.

Аляксандар Солад, супрацоўнік аддзелу, кажа: у сярэднім за дзень звычайна рэгіструюцца 4—5 прадпрымальнікаў:

“Летась зарэгістравалі 946 чалавек”.

Сёньняшні дзень, сьведчыць спадар Солад, ад іншых па колькасьці наведнікаў не адрозьніваецца. А кіраўніца аддзелу Тамара Карастылёва падкрэсьлівае, што новыя прадпрымальнікі найперш адчуюць перавагу новага закону ў тым часе, які закон адводзіць на афармленьне дакумэнтаў:

“Раней 5 дзён давалася на рэгістрацыю і 10 дзён для пастаноўкі на ўлік, усяго 15 працоўных дзён. А цяпер чалавек прыйшоў, мы яго адразу ўнесьлі ў базу дадзеных, прысвоілі нумар у Адзіным дзяржаўным рэгістры. А заўтра мы ўжо раздрукуем і аддаём яму пасьведчаньне. І ён пайшоў працаваць”.

Чаму ж тады патэнцыйныя прадпрымальнікі не бягуць хутчэй рэгістравацца? Эканаміст Міхась Залескі ўпэўнены, што яны і не пабягуць. І тлумачыць, чаму:

Міхась Залескі
“Вось жыла адна дзеўка. А ёй бацькі ўвесь час казалі: рана табе выходзіць замуж. А потым, калі ёй ужо стала гадоў 50, то каму такая дзеўка патрэбная? Калі 20 гадоў таму я быў адным з заснавальнікаў Беларускага сялянскага саюзу, то фэрмэрамі, вольнымі сялянамі хацелі стаць 63 тысячы чалавек. А Гаркун (куратар сельскай гаспадаркі ва ўрадзе) казаў, што не: яшчэ рана. Цяпер гэныя гаркуны кажуць, што трэба ствараць сельскія гаспадаркі, хутары аднаўляць. Але хто туды пойдзе? Тым людзям, якім 20 гадоў таму было па 40, цяпер па 60. Здароўя няма пачынаць.

Таксама і тут. У нас “правярнуліся” з мукамі і пакутамі каля мільёна чалавек. Яны паспрабавалі займацца прадпрымальніцтвам за часы незалежнасьці. Зь іх засталося тысяч 90 дзеяздольных, правераных баямі прадпрымальнікаў. А іншыя хай гадуюцца. Тэмп не павялічыцца. Запасу, лавы запасных, як у спорце кажуць, у нас няма”.

Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў лічыць, што дзяржава вельмі зацягнула з новым законам:

Віктар Гарбачоў
“Гэты дакумэнт (я ня буду казаць, што ён дрэнны) нармальны для разьвіцьця прыватнага прадпрымальніцтва. Але ён спазьніўся гадоў на 15—10. Ну, няхай нават 5 гадоў таму ён бы зьявіўся. Менавіта ў той час, калі прадпрымальнікі хацелі працаваць, адкрываць свой бізнэс. Тады быў яшчэ давер да ўладаў. І тады яшчэ можна было спадзявацца, што колькасьць прадпрымальнікаў павялічыцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG