“Прынятая гарадзкімі ўладамі канцэпцыя помніка (…) на жаль, не адлюстроўвае складаны ды адметны гістарычны лёс гораду (…) скульптурная кампазыцыя выклікае яшчэ большае абурэньне грамадзянаў, разьвярэджвае шматвекавыя раны нашага народу”, — гаворыцца ў звароце да Міністэрства культуры, Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў і грамадзкага савету дэпутатаў.
“Подпісы плянуецца зьбіраць на працягу лютага і ня толькі ў абласным цэнтры. Для гэтага мы зьвярнуліся да інтэлігенцыі ўсёй краіны, выхадцаў з Брэста, якія жывуць за межамі рэгіёну, у тым ліку за мяжой”, — заявіла сябра ініцыятыўнай групы доктар урбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская.
12 студзеня Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт ухваліў канчатковы варыянт манумэнтальнай скульптуры ў гонар 1000-годзьдзя Берасьця, нагадвае БелаПАН. Помнік будзе ўяўляць сабой шматплянавую і шматфігурную кампазыцыю, разьдзеленую на некалькі ўмоўных ярусаў. Яе вянчае фігура анёла — заступніка і абаронцы старажытнага Бярэсьця і сучаснага гораду. На сярэднім ярусе будуць усталяваныя ў круг шэсьць фігураў гістарычных асобаў: Уладзіміра-Валынскага князя Ўладзіміра Васількавіча, вялікага князя ВКЛ Вітаўта, Мікалая Радзівіла Чорнага, Андрэя Кіжаватава, Уладзіміра Карвата, Уладзіміра Калесьніка. Імя вялікага князя літоўскага і караля польскага каралеўства Ягайлы, які выдаў Бярэсьцю грамату на гарадзкое самакіраваньне (Магдэбурскае права), ушануюць барэльефам і тэкстам на ніжнім ярусе скульптуры — на адной з 12 плітаў, дзе будуць адлюстраваныя найбольш значныя падзеі ў гісторыі Берасьця.