Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтар дня: “Ідэя кошыка валют правалілася”


Нацыянальны Банк Беларусі ўсталяваў афіцыйны курс даляра на 31 студзеня — 2752 рублі. Гэта найбольшы аднадзённы рост пасьля 20% дэвальвацыі 2 студзеня. Чаму слабее беларускі рубель? Пра гэта наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Аляксандрам Чубрыкам.

Карэспандэнт: Спадар Аляксандар, ужо сёньня ў некаторых абменьніках у Менску прадаюць даляр за 2776 рублёў. Чаму слабее беларускі рубель?

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Сытуацыя склалася так. Нацыянальны банк, калі прывязваў беларускі рубель да „кошыка валютаў“ на пачатку гэтага году разам з дэвальвацыяй, стварыў для сябе нешта накшталт казачнай краіны. У ёй эўра павінна зрабіцца даражэйшай валютай у адносінах да даляра. У такіх умовах, калі б эўра даражэла адносна даляра, то Нацбанк мог бы даволі лёгка ўтрымліваць курс беларускага рубля 2650, нават крыху ўзмацніцца адносна даляра. І захоўваць гэты кошык у тых межах, якія ён абяцаў. Але атрымалася сытуацыя зусім іншая. Эўра вельмі істотна патаньнела адносна даляра. Яшчэ адна неспадзяванка для Нацбанку — расейскі рубель даволі хутка дэвальвуецца адносна даляра. Першае, што атрымалася, — што Нацбанк без істотнага патаньненьня кошыка ня можа ўтрымліваць беларускі рубель адносна даляра на былым узроўні, бо гэта прывядзе да істотнага ўзмацненьня беларускага рубля адносна расейскага рубля. І больш за тое, ва ўмовах дэвальвацыі расейскага рубля выходзіць, што мы ня можам утрымлівацца ў адносінах да даляра, каб не губляць нашу канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку. Атрымалася такая сытуацыя, што Нацбанк першапачаткова выбраў няправільную стратэгію валютнай палітыкі на гэты год. І ідэя кошыка валют проста правалілася. Бо цяпер мы падышлі да сытуацыі, калі беларускаму рублю засталося патаньнець адносна расейскага на адзін рубель, і мы апынемся на мінулагоднім, дадэвальвацыйным узроўні”.

Карэспандэнт: “Што рабіць далей, калі афіцыйныя прадстаўнікі Расеі кажуць, што дэвальвацыя расейскага рубля можа працягвацца яшчэ год-паўтара? Гэта, відаць, і далей будзе ўплываць на беларускі рубель?”

Трэба было даўно зьмірыцца з тым, што ўтрымаць беларускі рубель стабільным не атрымаецца.
Чубрык
: “Трэба было даўно зьмірыцца з тым, што ўтрымаць беларускі рубель стабільным, як гэта было раней, не атрымаецца. Зьмяніліся вонкавыя ўмовы. Гэта было зразумелым напрыканцы мінулага году. І тады трэба было пачынаць тое, што цяпер робіць Цэнтрабанк Расеі — плаўную дэвальвацыю. Цяпер проста непазьбежная цягам пэўнага часу далейшая дэвальвацыя. І такім чынам Нацбанк ізноў рызыкуе ня выканаць тое, што абяцаў. Так што вельмі складанае становішча”.

Карэспандэнт: “Навошта тады павялічваць узаемаразьлікі ў расейскіх рублях, як пра гэта дамаўляюцца кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі? Можа, усё ж на даляр арыентавацца?”

Чубрык: “У нас жа на даляр арыентуецца насельніцтва. А ва ўраду баліць галава, як узяць другую траншу расейскага крэдыту, яшчэ адзін мільярд. Тых умоваў, на якіх выдаваўся крэдыт, ніхто не адмяняў. Тое, што робіць урад, — гэта вымушаная мера”.

Карэспандэнт: “Дык вось гэты расейскі рубель — ён цягне Беларусь у прорву?”

Чубрык: “Ды не расейскі рубель, гэта ўсясьветны эканамічны крызіс. У Расеі такая сытуацыя, што ў іх нестае рэзэрваў, каб утрымаць рубель. У Беларусі, ва Ўкраіне такая сытуацыя”.

Карэспандэнт: “Ці чакаць яшчэ аднаго абвалу? Бо некаторыя аналітыкі раней казалі, што будзе яшчэ большы абвал беларускага рубля. Ці чакаць яго?”

Чубрык: “Калі Нацбанк, урад і беларускія прадпрыемствы здолеюць прыцягнуць столькі крэдытаў, каб забясьпечыць увесь попыт на замежную валюту, які цяпер існуе, то тады можна казаць, што ніякай далейшай дэвальвацыі ня будзе. Калі ня здолеюць, то Нацбанк беларускі рубель не ўтрымае, бо цяпер попыт перавышае прапанову. І калі сытуацыя будзе працягвацца, то проста па законах рынку дэвальвацыя непазьбежная. Гэта ўжо не Нацбанк, а рынак дэвальвуе”.

Карэспандэнт: “Тады што рабіць насельніцтву ў гэты час, як абараніць сябе ў гэтай сытуацыі?”

Чубрык: “Тут ёсьць некалькі магчымасьцяў. Адна — слухаць тое, што кажа Нацбанк. А Нацбанк кажа, што трэба несьці грошы ў банкі, захоўваць у беларускіх рублях… Калі чалавек ня верыць Нацбанку, то няхай ён слухае ўласнага розуму. Я ж ня буду заклікаць людзей грошы здымаць, даляры набываць, ці наадварот. Няхай людзі самі думаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG