Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Брат памёр з голаду, бо ня змог есьці чалавечыну”


Глябальны эканамічны крызіс і ягоныя праявы ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Праявы крызісу ў Беларусі, а таксама іншыя эканамічныя тэмы — сярод асноўных у сёньняшніх тэлефанаваньнях слухачоў.

Cпадарыня: “Сёньня прыдворныя вучоныя ня могуць даць ніякіх рэкамэндацый па выхадзе з крызісу, а беларускі ўрад, паволе вызначэньня Аляксандра Рыгоравіча, дзейнічае на авось. Думаць трэба было, калі выбіралі паміж горкай праўдай і салодкай хлусьнёй, а не абурацца сёньня кішэннымі вучонымі”.

Спадар: “Крызіс у транзыце паставак газу паміж Расеяй і Ўкраінай: зь іх боку газ-паліва не ішло ў Эўропу. А калі ўвядуць свой газаправод, то гэты канфлікт ім выйдзе бокам”.

Спадар: “З кожным днём жыць становіцца весялей. Сёньня размаўляў з ахоўнікам ЗАТ “Александрыйскае”. Паказаў мне разьліковы лісток за студзень. Атрымалася 1 030 000 — во гэта заробак. А я кажу, плакаць трэба ад гэтага. Калі ахоўнік зарабляе столькі, тады колькі трэба простаму міністру зарабляць? Друкуюць папросту грошы”.

Спадарыня: “Мы жывём у адной краіне, усе аднолькава працуем, працавалі, я на пэнсіі, у мяне 39 гадоў, 9 месяцаў і 29 дзён стажу. Чаму я павінна плаціць у транспарце 100 адсоткаў, а чыгуначнікам не зьнялі гэтых ільготаў? Растлумачце мне, калі ласка, каб я гэта зразумела”.

На пытаньне адказвае праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч:

“Мяркую, што гэта вынік ведамаснага групаваньня. Я параіў бы гэтай жанчыне зьвярнуцца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Яны засядаюць у заканадаўчым органе, які прымае законы, у тым ліку і пэнсійныя. Там жа ўсталёўваюцца ільготы пэнсійныя. Няхай бы яны ёй і растлумачылі, чаму адным пэнсіянэрам стоадсоткавая аплата праезду, а іншым — бясплатна”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Андрэй, Пінск: “У нядзелю ў Беларусі адзначаўся дзень нацыянальнай навукі. Але я лічу, што пры існым рэжыме, калі ў грамадзтве няма дэмакратычных свабод, ні навука, ні навукоўцы не свабодныя. Яны ня могуць свабодна прадставіць вынікі сваёй дзейнасьці на суд грамадзкасьці, калі гэтыя дасьледаваньні недаспадобы гэтаму рэжыму ці падрываюць ягоны аўтарытэт. Я маю на ўвазе дасьледаваньні пра ўплыў і наступствы чарнобыльскай катастрофы на здароўе беларусаў. Афіцыйна ўлада ўжо 23 гады хавае ад нас праўду. Досыць узгадаць прафэсара Бандажэўскага, які асьмеліўся выказаць праўду, быў рэпрэсаваны, кінуты за краты”.

Ільля Копыл: “У гэтыя дні Расея адзначае чарговую гадавіну зьняцьця блякады зь Ленінграду. Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў сказаў, што нельга дазваляць перапісваць гісторыю. Так, нельга, але трэба аддзяліць хлусьню ад сапраўднай гісторыі, міты ад гісторыі. Хлусьні і мітаў пра Другую сусьветную значна больш, чым праўды. Мой брат Сяргей памёр з голаду ў блякадным Ленінградзе. Пры сустрэчы зь людзьмі, якія былі побач пры ім, казалі, што ён памёр таму, што ня змог есьці чалавечыну. Вось такая яна, праўда”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG