Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РПЦ будзе працягваць тую самую палітыку”


Сёньня ў Маскве на Памесным саборы Расейскай праваслаўнай царквы будуць абіраць новага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. На Архірэйскім саборы вылучаныя тры кандыдаты – мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл, мітрапаліт Калускі і Бораўскі Клімент і мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт.

Ня выключана, што на Памесным саборы будуць названыя новыя кандыдатуры. Аднак, паводле філёзафа Алеся Анціпенкі, найбольшыя шанцы стаць патрыярхам у мітрапаліта Кірыла, а ўсё астатняе – гэта ўсяго толькі “дэманстрацыя дэмакратычнасьці выбараў”. Спадар Анціпенка мяркуе, што нават у выпадку абраньня мітрапаліта Кірыла, якога называюць “лібэралам”, РПЦ будзе працягваць тую самую палітыку:

“Расейская праваслаўная царква як інструмэнт расейскага імпэрыялізму ўва ўсе часы стаяла за так званае адзінства і за адзінадуманьне. Нічога іншага ня варта чакаць, калі да сёньняшняга дня Беларусь лічыцца кананічнай тэрыторыяй РПЦ. Хто ўсталяваў такі канон, чаму так лічыцца? Сувэрэнная дзяржава лічыцца кананічнай тэрыторыяй. Тут ёсьць нейкія адценьні замаху на сувэрэнітэт краіны. Істотныя зьмены ў гэтай сытуацыі будуць толькі тады, як унутры нашай краіны сасьпее сытуацыя, калі вернікі захочуць аўтакефаліі ці пачне разьвівацца рух за стварэньне прыходаў царквы пад покрывам Канстантынопальскага патрыярха. Калі каталіцкі касьцёл у Беларусі падтрымлівае ўсе мадэрнізацыйныя працэсы, а працэс нацыятварэньня – гэта працэс мадэрнізацыйны, то РПЦ – дагматычная, не сучасная, імпэрская. І нічога ня варта чакаць”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што мітрапаліты Кірыл і Філарэт – асноўныя канкурэнты:

“Ня дзеля карысьці, а дзеля справядлівасьці, я глыбока перакананы прыхільнік мітрапаліта Філарэта. Уладыка сэрцам і душой заўсёды зь Беларусьсю, прысьвяціў царкве ўсяго сябе, і гэта было б добра і для Беларусі, і для Расеі. Прыхільнікаў такога пункту гледжаньня вялікая колькасьць. Але ёсьць і маскоўскія варыянты, якія таксама вельмі моцныя. Ня трэба забывацца, што ўсё знаходзіцца ў Маскве”.

Ці могуць беларускія ўлады паўплываць на абраньне патрыярхам мітрапаліта Філарэта? Палітоляг Кірыл Коктыш ня бачыць нейкіх важкіх сродкаў для такога ўплыву, нават калі б улады гэтага моцна захацелі:

“Калі будзе абраны мітрапаліт Філарэт, гэта будзе кампраміснай фігурай. Гэта значыць, што на Памесным саборы ня будзе прынятае рашэньне, ці рухацца ў бок экумэнізму, ці рухацца ў бок ізаляцыі. Ці проста пачакаць, паглядзець, куды ісьці. Калі Філарэт стане пераможцам на гэтых выбарах, то гэта будзе азначаць, што праваслаўная царква вырашыла ўзяць нейкі тайм-аўт і потым вырашаць, куды ісьці – ці на збліжэньне з рымскай царквой, ці на ўзмацненьне ізаляцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG