Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А паясы зацягваць надакучыла”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 26 студзеня, панядзелак.

Прадстаўнікі улады заяўляюць, што ў выніку праверак прадпрыемстваў гандлю і рынкаў беспадстаўна завышаныя кошты ізноў зьніжаюцца. На гэтую ды іншыя эканамічныя тэмы наступныя тэлефанаваньні:

Cпадар: “Нягледзячы на тое, што старшыня Савету міністраў са скуры вылузваўся, — мне нават шкада яго было, як ён вяшчаў на ўсю рэспубліку, кулакамі размахваў, што мы робім захады, што цэны павысілі незаконна, нажываюцца, лавіць іх будзем, закрываць іх будзем, — у якую краму ні заходзіў, як яны павысілі, так і засталося! Гэта сьведчыць пра нашу сыстэму варварскую, так, як і з выбарамі. Значыць, думаюць адно, кажуць другое, а робяць трэцяе”.

Cпадар: “А чаму кажуць пра цэны на газ за першы квартал 2008 і маўчаць пра чацьверты квартал 2009? І пры чым тут прэм’ер-міністар? Галоўнае, што скажа “Газпром””.

Абраньне першага чарнаскурага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі — Барака Абамы — паставіла пытаньне: ці магчыма і ў Беларусі знайсьці свайго Абаму? Вось як на яго адказваюць слухачы “Свабоды”:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “У Беларусі магчымы свой Барак Абама толькі ў тым выпадку, калі дэмакратычная апазыцыя аб’яднаецца, кансалідуе свае дзеяньні і будзе працаваць на адзіную кандыдатуру на новых прэзыдэнцкіх выбарах”.

Ларыса, Менск: “Ці зьявіцца ў Беларусі такая асоба, як Барак Абама? Чаму не? Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі перад выбарамі кандыдаты, як і Абама, будуць сустракацца з насельніцтвам, каб мы ведалі праграму кожнага кандыдата, каб яны ўступалі ў дыскусіі зь іншымі кандыдатамі па тэлебачаньні. І тады выбарцы будуць бачыць, хто ёсьць хто. І каб мы абралі, каб палепшылася наша жыцьцё, а то ўсё абяцанкі-цацанкі, а мы чакаем, не дачакаемся. А паясы зацягваць надакучыла. Мне ўжо 75 гадоў”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Cпадар Барысаў:

У Штатах з правамі прыкольна,
Яны моцна стаяць з часоў Лінкольна.
І далей пойдуць без выкрунтасаў прама,
бо там празрыста выбіралі прэзыдэнта Абаму
”.

Спадар: “Я ўсё больш задумваюся, што гэта за зьява такая — карупцыя. Адкуль у яе ногі растуць? Ведаеце, карупцыя як васьміног: не пасьпееш адсячы адну клюшню, адрастаюць дзьве. Вось чаму пажыцьцёвыя прэзыдэнты стаяць і ня могуць разьвітацца з гэтай уладай. Так соладка ім”.

Спадарыня: “У мікрараёне Малінаўка, дзе я жыву, вада паступае з адкрытага водазабору. Яе немагчыма піць нават пасьля кіпячэньня. У мяне з гарачага крану цячэ карычневая вада, у якой нельга ні праць, ні мыцца. Сёньня я выклікала сантэхніка палюбавацца на гэтую ваду. Адзінае пытаньне, якое ён мне задаў, ці не зьяўляюся я апазыцыянэркай. Камэнтары залішнія”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG