Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці верыць апазыцыя ў перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах?


Будынак адміністрацыі прэзыдэнта
Будынак адміністрацыі прэзыдэнта
Вось ужо некалькі апазыцыйных палітыкаў і партый заявілі пра намер вылучыць уласныя кандыдатуры на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Ці ўдасца аб’яднаным дэмакратычным сілам прытрымлівацца адзінага сцэнару ў гэтай кампаніі? Ці патрэбны апазыцыі адзіны кандыдат? Ці вераць апазыцыйныя прэтэндэнты ў сваю перамогу на гэтых выбарах? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і публіцыст Вадзім Казначэеў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Ці ўдасца апазыцыі правесьці прэзыдэнцкую кампанію паводле нейкага адзінага ўзгодненага сцэнару? Ці існуе пагроза, што некалькі кандыдатаў пойдуць уласным шляхам, не зьвяртаючы ўвагі на супольныя дамоўленасьці? Кожны вырашыць, што спачатку ён павінен вылучыцца, а ўжо потым давайце дамаўляцца…”

Шмат хто вылучаецца дзеля піяру, а не перамогі

Юры Чавусаў
Чавусаў: “Па-першае, я б заўважыў, што на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах таксама дастаткова шмат палітыкаў заяўляла пра ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі, але ўступаў у дзеяньне тэхнічны момант. Большасьць зь іх не валодала мэханізмамі, палітычным апаратам, які б здолеў забясьпечыць збор неабходных 100 тысяч подпісаў грамадзянаў. І гэта азначае, што пераважная большасьць тых, хто заяўляе пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, робіць гэта дзеля ўласнага піяру, пазыцыянаваньня сябе ў якасьці палітыка нацыянальнага маштабу.

Аднак сёньня сытуацыя ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі зьмянілася. Рэч у тым, што пакуль што мы ня можам казаць, што ў межах АДС ёсьць узгоднены сцэнар вылучэньня адзінага кандыдата. Таму можна канстатаваць, што амбіцыі асобных палітычных лідэраў пакуль пераважаюць“.

Цыганкоў: “Анатоль Лябедзька нядаўна заклікаў суб’екты АДС пакуль не заяўляць пра свой намер вылучацца — прынамсі да красавіка, калі скончыцца тэрмін прыпыненьня візавых санкцыяў Эўразьвязу. Тады, у красавіку, стане зразумела, ці зьбіраецца ўлада ўносіць зьмены ў выбарчае заканадаўства. Ці можа гэта паўплываць на далейшыя вылучэньні?”

Чавусаў: “Палітыкі-адзіночкі адзначаюцца якраз тым, што ідуць насуперак рашэньням, прапановам і заклікам дэмакратычнай кааліцыі. Гэта сродак іхняга пазыцыянаваньня, назапашваньня палітычнага капіталу. Таму я ня думаю, што да гэтых заклікаў, у якіх, магчыма, ёсьць рацыянальнае зерне, прыслухаюцца. Я мяркую, што эфэкт будзе хутчэй адваротны. Яны будуць больш падкрэсьліваць, што вылучаюцца асобна ад “партыйнай намэнклятуры”.

Цыганкоў: “Як можна ацаніць тое, што ўжо зараз пачаліся вылучэньні патэнцыйных кандыдатаў? Ці можна сказаць, што некаторыя з прэтэндэнтаў карыстаюцца прынцыпам „не даганю, дык хоць сагрэюся“? Яны вылучаюцца не для таго, каб выйграць на выбарах, а дзеля будучыні — сваёй уласнай, сваіх структураў і гэтак далей?”

Казначэеў: “Само па сабе тое, што зьяўляецца канкурэнцыя — гэта добры чыньнік.
Адзінства слабых плёну ня дасьць.
Рызыка розных калёнаў ёсьць. Але я вельмі спадзяюся, што калі ня ўся апазыцыя, дык прынамсі аб’яднаныя дэмсілы ў сваёй бальшыні выйдуць на мэханізм вызначэньня адзінага кандыдата. Іншая рэч — наколькі моцная гэта будзе фігура, наколькі раскручаная. Гэта нават больш істотна, чым тое, наколькі яна будзе адзіная. Бо адзінства слабых плёну ня дасьць.

Я не магу пагадзіцца, што вылучэньне пачалося зарана. Чым раней гэта будзе зроблена, тым лепей. Далей — сам сцэнар вылучэньня вельмі істотны. Па маім глыбокім перакананьні, найбольш прыдатна нешта накшталт “праймэрыз”. Бо гэта раскрутка, падвышэньне цікавасьці, улучэньне ў працэс звычайных людзей, а ня толькі партыйных актывістаў.

Цяпер пра тое пытаньне, якое вы, Віталь, вельмі слушна задаяце — для якой мэты вылучаюцца некаторыя кандыдаты? Я не магу казаць пра іхнія намеры, але рэальных дзеяньняў яўна бракуе. Я маю на ўвазе дзеяньняў, накіраваных на вынік па вялікім рахунку — гэта зьмена ўлады“.

Цыганкоў: “Тут можна патлумачыць. Шмат хто проста лічыць, што рэальных выбараў ня будзе. Тады чаго прыкідвацца, што мы можам выйграць — калі выйгрышу ня можа быць? Многія палітыкі так думаюць, але ўслых ня кажуць”.

“Стратэгія каляровай рэвалюцыі адкладзена ўбок”

Вадзім Казначэеў
Казначэеў: “Так, выбараў ня будзе, але ж найважнейшая справа для палітыкаў — здабыць падтрымку людзей. Якім чынам прайшлі аксамітныя рэвалюцыі? Рэйтынг і ў Юшчанкі, і ў Каштуніцы быў супастаўны з тымі палітыкамі, якія ішлі ад улады. Бяз гэтага нічога ня зробіш, і гэта неабходная ўмова для перамогі”.

Цыганкоў: “Юры, як вы ставіцеся да гэтага пытаньня, якое ўслых не заўсёды абмяркоўваецца — для чаго ісьці на прэзыдэнцкія выбары?”

Чавусаў: “Гэта прынцыповае пытаньне стратэгіі, якое на жаль, у асяродзьдзі палітычных партыяў зараз не абмяркоўваецца. Партыі засяродзіліся на тэхнічных у сваёй сутнасьці пытаньнях — вызначэньне мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата, наданьня яму легітымнасьці і гэтай далей. Але забываецца, што сам гэты мэханізм пры адсутнасьці стратэгічнага бачаньня ня мае аніякага значэньня. І зараз мы можам сказаць, што стратэгію каляровай рэвалюцыі АДС адклалі ўбок.

Трэба нарэшце вызначыць, зь якой мэтай ідзем на выбары.
І ў такой сытуацыі драбнейшыя палітычныя ўтварэньні, а за імі і буйнейшыя, прыходзяць да высновы, што лепей скарыстаць гэтыя “выбары-нявыбары” для таго, каб прадэманстраваць ідэалягічную альтэрнатыву. Паглядзіце. Ёсьць такія адносна новыя структуры, як Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, якія сьвядома заяўляюць — “мы вылучаем свайго кандыдата, каб прадэманстраваць грамадзтву хрысьціянска-дэмакратычную альтэрнатыву, паўплываць на грамадзкія настроі — бяз мэты перамагчы на выбарах”.

Чым далей, тым болей замоўчваньне гэтай праблемы будзе ўплываць на сытуацыю ўнутры дэмакратычнай кааліцыі. Трэба нарэшце вызначыць, зь якой мэтай ідзем на выбары“.

А ці хацелі яны выйграць у 2006-м?

Казначэеў: “Вось гэтая адсутнасьць стратэгічнага бачаньня пераўтварылася ў хранічную хваробу нашай апазыцыі. І на мінулых выбарах 2006 году нават у штабе ня ведалі, што рабіць з гэтымі людзьмі, якія выйшлі на плошчу Каліноўскага. Канечне, гэта недапушчальна. Калі меркаваць паводле дзеяньняў, то некаторыя палітыкі ня ставілі сабе за мэту перамагчы на тых выбарах, зьмяніць уладу ў краіне.

Хацелася б быць аптымістам, але я не магу сказаць, як гэта будзе зараз, у гэтай кампаніі. Трэба ўсё ж ведаць, для чаго кандыдаты ідуць на выбары“.

Чавусаў: “Прэзыдэнцкія выбары — гэта спаборніцтва і лідэраў, і палітычных структураў. Колькі б прыгожых, сымпатычных людзей ні вылучылася, у Беларусі ёсьць абмежаваная колькасьць партыйных машынаў, якія здольныя сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Больш чым 2 кандыдаты, максымум тры — не зьбяруць гэтыя подпісы. Так што ўсе астатнія — гэта проста палітыкі, якія заявілі пра свае ўласныя амбіцыі на будучыню”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG