Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узяць крэдыт – і стаць банкрутам


На працягу першых тыдняў новага года беларускія банкі істотна абмежавалі аб’ёмы выдачы крэдытаў фізычным і юрыдычным асобам, скарацілі тэрміны крэдытаваньня, у 2—3 разы падвысілі працэнтныя стаўкі па пазыках.


Сярод больш як трох дзясяткаў банкаў, якія працуюць у Беларусі, крэдытаваньнем сёньня займаюцца лічаныя адзінкі. Ад канца мінулага году найбольшыя зьмены зазнала сфэра аўтамабільнага крэдытаваньня. Працэнтныя стаўкі за гэты час вырасьлі ў 3—4 разы. Рублёвыя крэдыты вагаюцца ў межах ад 25 да 31% гадавых, валютныя — 18—20% (да крызісу стандартная стаўка ў далярах была 12—14%). Колькасьць банкаў, якія выдаюць крэдыты на аўто, вымяраецца адзінкамі. “Белросбанк”, “Приорбанк” і “Альфабанк” крэдытуюць у валюце. У рублях можна крэдытавацца ў “Белінвэстбанку”, БПС-Банку і ВТБ-Банку.

Як кажа кіраўніца групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова, аналягічная сытуацыя — на рынку спажывецкага крэдытаваньня:

Кацярына Сьмірнова
“У частцы спажывецкага крэдытаваньня нейкі выбар яшчэ ёсьць, але калі гаварыць пра агульную тэндэнцыю, то зьмяншаецца тэрмін крэдытаваньня. Калі раней банкі прапаноўвалі крэдыт на 3—5 гадоў, то цяпер гэты тэрмін зьмяншаюць да 1—2 гадоў. Крэдыты на 5 гадоў — толькі ў лічаных банках. І, зразумела, яны даюцца пад паручыцельства. Таксама зьмяншаецца колькасьць валютных крэдытаў: засталіся літаральна па тры прапановы па картцы і па крэдыце гатоўкай у валюце. Астатнія — рублёвыя крэдыты”.

Колькасьць банкаў, якія выдаюць крэдыты на жыльлё, у новым годзе скарацілася да пяці: “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і “Белінвэстбанк” крэдытуюць у рублях, “Приорбанк” і “Белросбанк” — у валюце. Стаўкі па рублёвых крэдытах вагаюцца ў дыяпазоне 20—26%, па валютных — 19—21%. Лічбы зьмяняюцца ледзьве ня штодня. Калі на мінулым тыдні “Беларусбанк” крэдыт на будаўніцтва на агульных падставах прапаноўваў пад 20%, то днямі стаўка падвысілася да 25%. Ці ў многіх хопіць сродкаў аплачваць пазыку пад такія вялікія працэнты?

У лідэры па працэнтных стаўках выбілася спажывецкае крэдытаваньне. Некаторыя банкі ставяць умовай 35—40% за ўзяты крэдыт. Банкіры не хаваюць, што штучна завышаюць плянку, баючыся росту нявернутых крэдытаў. У суседняй Расеі доля неаплачаных крэдытаў ужо дасягнула 15%. Як кажа Кацярына Сьмірнова, пагаджацца на такі варыянт можна хіба ў выпадку зь невялікімі і кароткатэрміновымі крэдытамі:
40% — насамрэч яшчэ ня максымум ...

“Калі казаць пра спажывецкія крэдыты, то нават 40% — насамрэч яшчэ ня максымум. У “экспрэс-крэдытах” ёсьць і большы працэнт. Але ўсё адно людзі бяруць. Справа ў тым, што гэта крэдыты на невялікія тэрміны і невялікія сумы. І таго, што трэба выплаціць звыш самога крэдыту, набягае ня вельмі вялікая сума. А вось у аўтакрэдытаваньні, у частцы жыльлёвага крэдытаваньня зараз зьявіліся стаўкі па 20, 27 і нават (у аўтакрэдытаваньні) 31%. Гэта, пагадзіцеся, досыць вялікія стаўкі. Калі чалавек разьлічвае ўзяць, прыкладам, 10 тысяч даляраў, то гэта ўсё ж вельмі шмат”.

Многія экспэрты лічаць, што 20-працэнтная дэвальвацыя беларускага рубля ня мела асаблівага эканамічнага эфэкту. Фармальна яна рабілася з унівэрсальнай прывязкай да даляра, эўра і расейскага рубля, але перадусім — у разьліку на Расею, куды беларускія вытворцы ў новых умовах атрымалі шанец прадаць заляжалы тавар. Аднак нават у Нацбанку не выключаюць чарговай дэвальвацыі ў выпадку, калі і надалей працягнецца рэзкае падзеньне расейскага рубля — за некалькі тыдняў ён упаў з 27 да 33 рублёў за даляр. У гэтым выпадку беларускія тавары зноў стануць неканкурэнтаздольнымі на зьнешнім рынку, а на ўнутраным атрымае перавагу імпарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG