Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 36 год працы і “дзякуй” не дачакаўся


Валянцін Елізар’еў
Валянцін Елізар’еў

19 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі Валянцін Елізар’еў абвясьціў пра свой сыход з пасады мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру балету. Заяву аб звальненьні кіраўнік балету падаў у Міністэрства культуры 12 студзеня, а падпісана яна была 17 студзеня.


“Я не хачу ўдзельнічаць у зьнішчэньні тэатру, якому прысьвяціў усё жыцьцё”, — заявіў спадар Елізар’еў. Зь вядомым тэатральным дзеячам чыноўнікі Міністэрства культуры не палічылі патрэбным нават сустрэцца і падзякаваць майстру за працу:

Заява аб звальненьні
“Я 36 гадоў прапрацаваў у гэтым тэатры. Прыкра, але ніхто з кіраўнікоў Міністэрства культуры — ні міністар, ні яго першы намесьнік, ні часовы выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара тэатру спадар Пышной — не сказалі мне нават “дзякуй”.

Адзіныя, хто падтрымаў спадара Елізар’ева — гэта артысты, балетная трупа тэатру. Артысты пайшлі на прыём у Міністэрства культуры, прыйшлі да мастацкага кіраўніка дадому і працягваюць угаворваць яго вярнуцца.

Заслужаная артыстка Беларусі Вольга Гайко кажа:

“Трупа проста ў шоку. Мы не маглі сабе ўявіць нават у страшным сьне, што можна стварыць такія ўмовы і такую сытуацыю, што гэты вялікі чалавек вымушаны быў пакінуць сваю пасаду. Мы страцілі лідэра... Мне вельмі цяжка пра гэта казаць, выбачайце, я вельмі хвалююся”.

Валянцін Елізар’еў распавёў, што вельмі марудна вядзецца рэканструкцыя тэатру, мантаж складанага абсталяваньня яшчэ не пачыналі, працы вядуцца са шматлікімі парушэньнямі:

“Закладнікамі некампэтэнтнасьці чыноўнікаў сталі акторы. Абсалютна няма ўмоваў для рэпэтыцыі хору, аркестру. У вельмі складаных умовах мы правялі гэтыя 3 гады: у пылу, брудзе, часам безь цяпла, без гарачай вады. Але я пакуль ня бачу фіналу рэстаўрацыі. Мяне сталі рэзка адхіляць ад працэсу рэканструкцыі і магчымасьці кантраляваць яе якасьць і ўплываць на прыняцьце кваліфікаваных рашэньняў”.

Валянцін Елізар’еў адзначыў, што з-за нізкіх заробкаў і адсутнасьці нармальных умоваў для працы можа пачацца масавы сыход артыстаў:
падвысілі заробак на 75%, але чамусьці да тэатру дайшлі толькі 45% ...

“Я паразмаўляў зь міністрам наконт заробкаў. Ён кажа: “Вы ведаеце, у якім стане дзяржава, столькі праблем, ня трэба турбаваць прэзыдэнта. Але я напісаў прэзыдэнту ліст. І ён адгукнуўся, падпісаў указ, у якім прадугледжана падвышэньне заробкаў на 75%. Але чамусьці да тэатру дайшлі толькі 45%. І заслужаная артыстка атрымлівае такую ж прыбаўку да заробку, як і навічок, які яшчэ нічога не зрабіў, толькі адчыніў дзьверы ў тэатар. Ён атрымлівае такую ж самую надбаўку”.

Гэта пры тым, што ў 2008 годзе тэатар прыносіў 200—230 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку ў месяц.

Балетная трупа напісала звароты ў Міністэрства культуры і адміністрацыю прэзыдэнта ў абарону свайго мастацкага кіраўніка, распавяла вядучая салістка балету Ірына Яромкіна:

“Мы лічым, што Міністэрства культуры не павінна дапусьціць сыходу Валянціна Мікалаевіча, паколькі страта мастака і кіраўніка такога ўзроўню непазьбежна пацягне за сабой зьніжэньне якасьці спэктакляў, пачнецца сыход танцораў. Таму што некаторыя артысты балету прыйшлі працаваць у тэатар, які ачольвае Елізар’еў”.

Сам Валянцін Елізар’еў ня лічыць свой сыход асабістай трагедыяй. Зьяжджаць з краіны ён не зьбіраецца.
У мяне няма ніякай крыўды на гэтую краіну.

“Я думаю, што я ня лішні, я ўсё адно буду прыносіць вялікую карысьць. Я не зьбіраюся парываць ні з харэаграфічным каледжам, ні з тэатрам, ні з артыстамі — яны заўсёды могуць разьлічваць на маю дапамогу. У мяне няма ніякай крыўды на гэтую краіну — я гэтую краіну вельмі люблю”.

Майстар гатовы працаваць у Расеі і Беларусі, калі будуць прапановы.

Валянцін Елізар’еў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баку. Скончыў харэаграфічную вучэльню і Ленінградзкую кансэрваторыю імя Рымскага-Корсакава. З 1973 году — галоўны балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Паставіў некалькі дзясяткаў спэктакляў, сярод якіх “Кармэн-сюіта”, “Стварэньне сьвету”, “Шчаўкунок”, “Жарсьці” (Рагнеда), “Жар-птушка”, “Дон-Кіхот”, “Лебядзінае возера”, “Сьпячая прыгажуня” і іншыя. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Народны артыст СССР і БССР. Прафэсар Беларускай акадэміі музыкі. Сябра Рады Эўропы па культуры. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Айчыны Ш ступені. Ганаровы грамадзянін Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG