Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое месца ў гісторыі зойме Джордж Буш?


Якую палітычную спадчыну пакінуў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш? Як ацэньваюць ягонае прэзыдэнцтва зараз і як могуць ацаніць праз дзесяцігодзьдзі? Ці магчыма прадбачыць месца гэтага палітыка ў гісторыі? А гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі.


Цыганкоў: “Сёньня, у апошні дзень кадэнцыі Джорджа Буша, магчыма, варта паспрабаваць падвесьці пэўныя вынікі ягонага 8-гадовага прэзыдэнцтва. Як вы бы ацанілі вынікі прэзыдэнцтва Буша для ЗША і ўсяго сьвету?”

Віталь Сіліцкі
Сіліцкі:
“Ведаеце, як казаў Дэн Сяопін пра францускую рэвалюцыю – “яшчэ рана меркаваць. Надта мала часу прайшло”. У гісторыі ЗША было шмат прыкладаў, калі прэзыдэнт лічыўся проста выдатным, але хутка пра яго забывалі. А іншы сходзіў як ахвярны казёл у статусе вінаватага за ўсё грахі, але потым уздымаўся да статусу вялікіх, як гэта было, напрыклад, з Гэры Труманам.

На гэты момант Буш сыходзіць у кагорту няўдалых прэзыдэнтаў. Ён прыняў краіну са 100-мільярдаў прафіцытам бюджэту, з неаспрэчным лідэрствам у сьвеце, з дынамічнай эканомікай. А пакінуў з трыльёнам дэфіцытам, у разгары эканамічнага крызісу, з радыкальна пагоршаным іміджам ЗША ў сьвеце, калі аслабла і мяккая і цьвёрдая сіла гэтай звышдзяржавы.

Але разам з тым я думаю, што ніводнаму амэрыканскаму прэзыдэнту з часоў Кэнэдзі, калі быў Карыбскі крызіс, не давялося сутыкацца з такімі вострымі выклікамі”

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Вы слушна адзначылі, што з цягам часу многія амэрыканскія прэзыдэнты ацэньваюцца па-іншаму. Вы прывялі прыклад Трумэна, я б узгадаў тут Рэйгана. Пакуль ён быў прэзыдэнтам, над ім іранізавалі, можа, ён быў ня самым начытаным – але нядаўна яго, паводле апытаньняў, назвалі адным з найлепшых амэрыканскіх лідэраў. Што можна занесьці ў актыў Бушу (бо мінусы зараз відавочныя), што можна зьмяніць ягонае месца ў гісторыі праз пэўны час?”

Сіліцкі: “Буша і Рэйгана аб’ядноўвае тое, што і іх абодвух абажалі прыхільнікі і ненавідзелі апанэнты. Але бяда Буша ў тым, што ад яго адвярнуліся нават многія прыхільнікі, і паваротным пунктам была нядбайнасьць кіраўніцтва падчас урагану Катрына, калі амэрыканцы на тры дні ўсьвядомілі, што вакол проста няма ніякай улады. Пасьля гэтага ягоны рэйтынг ужо не падымаўся вышэй нейкіх 30 працэнтаў.

Буш належыць да тых людзей, якія ўспрымаюць сьвет як барацьбу дабра са злом. Гэта чалавек, які не прымае маральныя кампрамісы. І гэта адбівалася на ягоным прэзыдэнцтве, на ягонай замежнай палітыцы, у адказе на 11 верасьня і ў стаўленьне да блізкаўсходніх праблемаў.

Што гісторыя запіша яму ў актыў? 7 гадоў у ЗША не было тэрактаў. Потым, у адрозьненьні ад Джонсана і Ніксана, якія ганебна завяршылі вайну ў Віетнаме, вайну ў Іраку праз 10-20 гадоў будуць лічыць пераможнай, як і вайну ў Аўганістане. І гэта, безумоўна, будзе адзін з тых чыньнікаў, што зьменіць стаўленьне да Буша ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Я думаю, шмат чаго пераасэнсуюць амэрыканцы і ва ўнутранай палітыцы, бо, як гэта не парадаксальна, шмат якія сацыяльныя праграмы вельмі добра разьвіваліся за гэтыя гады. У тым ліку і праграмы дапамогі розным меншасьцям – праблемы, якія цяпер на авансцэне ў сувязі з абраньнем Барака Абамы”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG