Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогасфэра: віртуальная пляцоўка з рэальным уплывам


Беларуская інтэрнэт-супольнасьць — ці значная яна сіла, якая здольная ўплываць на сацыяльныя ці нават палітычныя працэсы ў грамадзтве?

Ці здатныя актывісты супольнасьці, аб’яднанай у блогасфэры так званым “жывым журналам” (ЖЖ), рэальна дапамагчы тым, хто трапіў у бяду? Ці прыносяць плён гуманітарныя акцыі, якія раз-пораз абвяшчаюцца ў сеціве?

Беларуская блогасфэра налічвае некалькі тысяч чалавек, якія збольшага ведаюць адзін аднаго — прынамсі празь віртуальныя псэўданімы. Суіснаваньне такой колькасьці людзей у віртуальным сьвеце ўсё часьцей атрымлівае працяг у рэальным вымярэньні. Блогеры абвяшчаюць акцыі падтрымкі са зборам сродкаў на карысьць пацярпелым, ініцыююць кампаніі супраціву “антынародным” дзяржаўным указам; з “жывых журналаў” раз-пораз выходзіць эксклюзіўная інфармацыя, якая разыходзіцца ў агульнанацыянальных маштабах.

Натальку Васілевіч можна лічыць адной зь першапраходцаў беларускага ЖЖ. У гэтай інтэрнэт-супольнасьці яна з 2002 году — тады колькасьць актыўных блогераў у Беларусі не перавышала і паўсотні чалавек. І калі ў той час можна было спадзявацца на пэўную таямніцу сваіх дзёньнікаў, то цяпер блогасфэра пераўтварылася ў публічную пляцоўку. І гэтая публічнасьць прыносіць свой плён. Як кажа Наталька, доўгі час у яе коле віртуальных сяброў была дзяўчына, чые запісы выклікалі вялікую цікавасьць. Але толькі нядаўна Наталька даведалася: дзяўчына — інвалід, мае шмат праблемаў са сваім старым, нязручным вазком. У адным з допісаў адкрыла сваю мару: як добра было б мець электрычны вазок, бо папросту не хапае сілаў карыстацца мэханічным. Так нарадзілася ідэя збору сродкаў на сучасны вазок:

“Я прапанавала: можам паспрабаваць што-небудзь зрабіць. У ЖЖ шмат людзей, якія падтрымліваюць розныя ініцыятывы.
У ЖЖ шмат людзей, якія падтрымліваюць розныя ініцыятывы.
У мяне ўжо быў досьвед з Кобрынскім дзіцячым домам — у мінулым годзе мы сабралі вельмі вялікую суму грошай, накуплялі кніжак, падарункаў для дзяцей. Я сама бачыла, што людзям цікавая такая дзейнасьць. Дзяўчына пагадзілася. Я напісала ў ЖЖ, мае „фрэнды“ гэта „расьпіярылі“ па суполках і ў сваіх ЖЖ. Ну, і адпаведна знайшліся людзі. Некаторыя ахвяравалі досыць вялікія сумы грошай, хтосьці менш. Пакуль вазочка яшчэ няма, але працэс ідзе, людзі даюць грошы. Праўда, у рэальнасьці ўсё цяжэй. Жаданьне дапамагчы, калі чытаеш запісы, зьяўляецца, але некаторыя жывуць у іншых краінах, цяжка ў фізычнае вымярэньне ўсё перавесьці. Вырашылі рахунак не адкрываць, а пераводзіць гатоўку ў эквіваленце — больш-менш стабільнай валюце”.

Дар’я Ліс са Смаргоншчыны — таксама вазочніца. І таксама вядзе ў сеціве ўласны “жывы дзёньнік”. На ўласным досьведзе спазнала, як важна ў такім стане атрымаць дапамогу своечасова. Дар’і пашчасьціла з кваліфікаваным лекаваньнем і мэдпэрсаналам у Менску. А вось ейнай сяброўцы па ліставаньні з Расеі дапамог заклік праз блогасфэру:

“Так ужо склалася, што мы ў ХХІ стагодзьдзі шмат часу праводзім за кампутарам, у інтэрнэце, і ў выніку нейкія акцыі адбываюцца менавіта дзякуючы сеціву. Гэта можна было прасачыць і ў працэсе 2006 году, калі былі значныя палітычныя падзеі. Гэта можна прасачыць і ў гуманітарных акцыях. Яскравы прыклад: дзьве мае сяброўкі з Расеі зьбіралі вялікую суму грошай — 25 тысяч эўра — на апэрацыю ў Фінляндыі. Гэта, дарэчы, такая ж апэрацыя, якую зрабілі мне ў Беларусі. Дык вось урэшце дзяўчаты сабралі гэтыя грошы — дзякуючы інтэрнэт-супольнасьці, дакладней, нейкаму падпольнаму алігарху, багатаму чалавеку, які ўбачыў пра адну маю сяброўку пост і пералічыў ёй ананімна грошы на рахунак фінскай клінікі. Дзякуючы гэтаму, дзяўчына з Краснадару трапіла ў Фінляндыю. Хоць і можна сказаць, што ўсё толькі адносна цудоўна, але ў любым выпадку для яе гэта плюс”.

Адзін з самых вядомых беларускіх блогераў — Яўген Ліпковіч. Для інтэрнэт-супольнасьці — асоба амаль легендарная. Праславіўся ён перадусім сваімі ліставаньнямі зь дзяржаўнымі ўстановамі, якія, на думку Ліпковіча, бессаромна парушаюць правы людзей. На ягоным рахунку — пасьпяховае змаганьне за тое, каб у гандлёвую сетку вярнулі “кефір абястлушчаны”, і кампанія за зьніжэньне коштаў на аўтамабільнае паліва:

Віртуальнае жыцьцё перацякае ў рэальнае і наадварот. Яны ўзаемазьвязаныя.
“Віртуальнае жыцьцё перацякае ў рэальнае і наадварот. Яны ўзаемазьвязаныя. Я ў гэтым сэнсе вельмі актыўны чалавек. Канкрэтна я актыўна выкарыстаў інтэрнэт, каб дамагчыся таго, чаго хацеў сам — і ня толькі я. Напрыклад, кефір, бэнзін. У пэўнай ступені я прыклаў руку да таго, каб бэнзін у нас патаньнеў. Таму інтэрнэт-актыўнасьць, натуральна, на рэальныя працэсы ўплывае моцна. Але даводзіцца выбудоўваць камунікацыі — каб апроч таго, што я нешта пішу, гэта знайшло яшчэ водгук у сэрцах людзей, якія атрымліваюць маю вестку ў інтэрнэце. Цяпер інтэрнэт — самы даступны сродак камунікацый. Я не магу сказаць, што гэта сродак масавай інфармацыі, гэта найперш сродак самавыяўленьня. Да таго ж бесцэнзурны. Як можна цэнзураваць асабісты дзёньнік? Нават калі закрыюць доступ, але ж дзёньнік застанецца. То бок рабіць цэнзуру ў маім дзёньніку немагчыма. Я сам сабе галоўны цэнзар. Уласна кажучы, што хачу, тое там і пішу”.

Многія акты прававой справядлівасьці сталі магчымымі дзякуючы неабыякавасьці прадстаўнікоў блогасфэры. Блогер “Абрыкос” згадвае: цэлы шэраг гучных крымінальных справаў атрымаў разьвязку дзякуючы ня мясцовым “пінкертонам”, а ЖЖ-сьведкам:

“Некалькі гадоў таму хуліганы з Рудзенску фактычна ўзялі ў закладнікі цэлы вагон электрычкі — зьбівалі людзей, зьдзекаваліся зь іх. Адна дзяўчына запісала тое, што адбывалася, на мабільны тэлефон. Гэта выставілі ў адной паважанай ЖЖ-суполцы, і ўжо празь некалькі дзён хуліганаў знайшла міліцыя. Неўзабаве іх асудзілі. Іншы прыклад яшчэ больш выразны — „жывы шчыт“. Дзякуючы менавіта таму, што інфармацыя трапіла праз ЖЖ да грамадзтва, мы ўсе ведаем, што ўрэшце былі пакараныя вінаватыя — хоць улада спачатку вельмі не хацела факт міліцэйскага злоўжываньня прызнаваць, як мы памятаем. Але менавіта дзякуючы інтэрнэт-супольнасьці справядлівасьць была дасягнутая. Насамрэч менавіта
Блогеры вельмі часта знаходзяць і агучваюць інфармацыю, якую журналістам застаецца толькі пераправерыць
блогеры вельмі часта знаходзяць і агучваюць інфармацыю, якую журналістам застаецца толькі пераправерыць, прафэсійна аформіць і накіраваць далей”.

Цяпер у ліку актыўных блогераў — прадстаўнікі самых розных сацыяльных групаў. Палітыкі, эканамісты, грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі культуры. На дзіва актыўнічаюць спартоўцы — блог галоўнага трэнэра футбольнай каманды БАТЭ Віктара Ганчарэнкі цытуецца ва ўсім футбольным сьвеце. Як кажа адна зь першых беларускіх блогерак Наталька Васілевіч, звышпапулярнасьць такая форма зносінаў мае ў рэлігійным асяродку. Сьцьвярджэньне не галаслоўнае, бо Наталька — стваральніца парталу “Царква”:

“ЖЖ увогуле выконвае вельмі важную ролю. І ня толькі вось у такіх сацыяльных праектах, як збор грошай на нейкія патрэбы. Дапусьцім, у царкоўнай супольнасьці і ўвогуле ў любых супольнасьцях, дзе няма адкрытай прасторы дыялёгу, там, дзе няма сродкаў масавай інфармацыі, адпаведных няўрадавых арганізацый, трэцяга сэктару, так скажам — ЖЖ зьяўляецца значнай сілай. Прыкладам, у праваслаўнай царкве пра гэта сьведчыць тое, што нават падчас падрыхтоўкі Архірэйскага сабору пытаньне ЖЖ уздымалася на ўзроўні вышэйшай герархіі Расейскай праваслаўнай царквы. Нават было паведамлена, што вельмі вялікая колькасьць сьвятароў мае „жывыя журналы“, выказвалася заклапочанасьць — што рабіць з гэтым, ці не забараніць увогуле сьвятарам весьці ЖЖ? То бок рэальна на ўзроўні вышэйшай герархіі адчулі, што ЖЖ уяўляе сабой сілу”.

Ня толькі прыкладное значэньне маюць старонкі жывога часопіса мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага. Гісторык адзначае ўсе факты руйнаваньня гістарычнага цэнтру Менску і помнікаў па ўсёй Беларусі. Калі-небудзь, спадзяецца спадар Харэўскі, ягоныя кронікі стануць рэальнымі сьведчаньнямі ў крымінальнай справе супраць ініцыятараў зьнішчэньня гістарычнай спадчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG