У Вашынгтоне міністар замежных спарваў Ізраілю Цыпі Ліўні падпісала з Дзяржаўным сакратаром ЗША Кандалізай Райс дамову з мэтай спыніць кантрабанду зброі ў Газу. Вайсковая апэрацыя Ізраілю ў рэгіёне доўжыцца ўжо тры тыдні.
На Заходнім беразе Ярдану пабываў генэральны сакратар ААН Пан Кі Мун, ён сустрэўся з кіраўніком Палестыны Махмудам Абасам і таксама заявіў, што бакі наблізіліся да спыненьня агню.
Тым часам лідэр Хамасу ў выгнаньні Халед Машаль сёньня заявіў, што ягоны рух не прыме умоваў Ізраілю, вылучаных для спыненьня агню. Ізраіль патрабуе, каб Хамас спыніў абстрэлы ягонай тэрыторыі ракетамі і адмовіўся ад пераўзбраеньня.
Машаль, які знаходзіўся на рэгіянальным саміце ў Катары, заклікаў таксама арабскія краіны абарваць усе сувязі з Ізраілем.