Газавы канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай працягваецца. Расейскі “Газпром” спыніў падачу газу ва ўкраінскую газатранспартную сыстэму, эўрапейскія спажыўцы застаюцца бяз паліва. Выказваньні на гэтую тэму:
Спадар: “Наконт газавага канфлікту Ўкраіны і Расеі. Тут удзельнічае і Беларусь. Ёсьць добрая прымаўка пра ласкавае цяля. Дык Беларусь і ёсьць гэтае ласкавае цяля, якое крышку мае і ад Расеі, і ад Эўразьвязу. А Ўкраіна зараз у стане неласкавага цяляці, то бок ня мае нічога ні ад Расеі, ні ад Эўразьвязу. Але, я лічу, гэта калі-небудзь зьменіцца і будзе ўсё наадварот”.
Спадар: “Малайчына Юшчанка, што спыніў імпэрскі імпэт Расеі ў цане на газ праз Украіну ў Эўропу. На выхадзе з Украіны цана на газ павінна быць украінскай. Так павінна быць і ў Беларусі. Патлумачце гэтае пытаньне”.
Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Аляксей Янукевіч:
“Безумоўна, Расея маніпуляцыйным чынам усталёўвае кошты на газ. Тут, відавочна, палітыкі больш, чым эканомікі, і слухач мае рацыю. Што тычыцца ўкраінскіх коштаў на расейскі газ, то з гэтым складанасьці. Бо Ўкраіна бярэ грошы з Расеі за транспартаваньне газу. Расея ўсталёўвае кошты для спажыўцоў і сама зь імі дамаўляецца. Украіна ў гэтым працэсе нават ня ўдзельнічае”.
У Беларусі распачалася чарговая прызыўная кампанія. Супрацоўнікі міліцыі пад канвоем дастаўляюць у ваенкаматы актывістаў моладзевых партый і арганізацый у розных гарадах краіны. Камэнтар слухача:
Спадар: “Хачу зьвярнуцца да актывістаў Маладога фронту, якім пагражаюць прызывам у войска. Хлопцы, ня трэба гэтага баяцца! Гэта, наадварот, цудоўны шанец. Міністар абароны Мальцаў абяцаў стварыць беларускамоўны батальён. Я думаю, што гэта дасьць больш плёну, чым вашы вулічныя акцыі. Нават калі ён не стрымае слова, гэта ж такая магчымасьць весьці агітацыю сярод шэрай салдацкай масы! І паўтара года праляцяць незаўважна. Я б і сам пайшоў добраахвотнікам у беларускае войска, але, на жаль, узрост ужо ня той. Вось такое вам пажаданьне”.
Наступныя выказваньні — на тэму падвышэньня коштаў і матэрыяльнага дабрабыту людзей:
Спадар: “Бялковы дыетычны хлеб дзесьці 130—150 грамаў учора каштаваў 1200 рублёў, сёньня каштуе больш за 1500 рублёў. Вы толькі паглядзіце, як яны паднялі! Для хворых людзей, для старых. Вось і ўвесь клопат Лукашэнкі пра свой народ!”
Спадарыня: “З працоўных зрэзалі заробкі па 250 тысяч. А Паўлаў пацярпеў ці не?”
Жук, Бабруйск: “Я -- інвалід вайны. Мне павінны даць машыну. Нідзе не магу дабіцца. Далі ўрачы дакумэнт на ўсё, што мне належыцца. А Лукашэнка адмяніў ільготы. Што мне рабіць, куды зьвяртацца?”
На пытаньне адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Чарных:
“У законе пра сацыяльную абарону інвалідаў такой нормы, як выдзяленьне аўтамабіляў, няма. Яна была выключаная ў 2007 годзе распараджэньнем прэзыдэнта. Таму я магу параіць вам зьвярнуцца менавіта ў адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай ці патрабаваньнем пра парушэньне правоў інвалідаў, што да інвалідаў неабходна ставіцца з большай увагай”.
Далей — яшчэ адно выказваньне:
“СМІ Беларусі і Расеі абвяшчаюць, што ў іншых дзяржавах дрэнна. А ў самой Беларусі і Расеі людзі маладога ўзросту паміраюць з голаду і холаду, таму што няма магчымасьці ўсім зарабіць на жыцьцё”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.