Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцанага падвышэньня заробкаў настаўнікам ня будзе?


Яшчэ 17 ліпеня 2008 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №15 «Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі», у чацьвёртым пункце якога прапісана: «павялічыць ад 1 студзеня 2009 году заробкі настаўнікам, пэдагогам, кіраўнікам навучальных установаў».

Дагэтуль не вядома, ці будзе выкананае гэтае абяцаньне прэзыдэнта. Як да гэтага паставіліся пэдагогі, ці былі да гэтага прэцэдэнты невыкананьня прэзыдэнцкіх дэкрэтаў?

У кастрычніку намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно агучыў, на колькі настаўнікам падвысяць заробкі – на 25%. Акрамя таго, Мінадукацыі прапанавала ўсталяваць штомесячныя даплаты памерам адной тарыфнай стаўкі першага разраду маладым спэцыялістам і кіраўнікам навучальных установаў. Але дагэтуль нічога ня выканана. Наадварот, у сувязі з паніжэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду пэдагогі сталі зарабляць яшчэ менш. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валерыя Сом не зьдзіўляецца:

“Ці гэта першы дэкрэт прэзыдэнта, які быў агучаны і ня выкананы? Колькі нам усяго абяцалі за гэты час!”

“А за сьнежань заробак вам заплацілі?”

“Так, за сьнежань нам заплацілі своечасова. Фактычна мы вярнуліся на той узровень заробкаў, які быў да падвышэньня, мізэрнае падвышэньне было толькі адзін месяц. І ніхто ня ведае, колькі мы рэальна атрымаем за студзень. Бо столькі было ўжо гэтых пад'ёмаў – спускаў... Зноўку, упарта ходзяць чуткі пра тое, што нам здымуць ўсе надбаўкі, прэміяльныя”.

Былы начальнік прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі кажа, што бясспрэчна выконваюцца толькі распараджэньні прэзыдэнта. А хоць дэкрэты і вышэйшыя за законы, калі яны на дадзены момант ня вельмі, так бы мовіць, выгадныя для ўладаў, то яны не выконвацца, кажа былы галоўны прэзыдэнцкі юрыст Аляксандар Пласкавіцкі:

“Вельмі нават могуць. Я думаю, і сам прэзыдэнт ня будзе настойваць на выкананьні гэтага дэкрэту. Што ў нас ступень законапаслухмянасьці ў шырокім сэньсе заўсёды была надзвычай нізкай, дык гэта бясспрэчна. Прэзыдэнт і сам Канстытуцыю рэгулярна парушае па дробязях, якія можна было і не парушаць. А цяпер вельмі ўжо хочацца два з паловай мільярды крэдыту. А настаўнікі стануць менавіта тымі, якія будуць за гэтыя два мільярды расплачвацца”.

Што абяцанае 25-працэнтнае падвышэньне заробкаў для настаўнікаў, хутчэй за ўсё, так і застанецца нязьдзейсьненай марай -- такое меркаваньне выказаў ў інтэрвію «Комсомольской правде» в Белоруссии» і старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG